Нябачная сям’я Пуціна

Сёньняшняя прэзыдэнцкая інаўгурацыя Ўладзімера Пуціна і прэзыдэнцкія выбары ў Расеі 4 сакавіка — гэта былі дзьве вельмі рэдкія нагоды, калі расейцы маглі ўбачыць Людмілу Пуціну, жонку свайго былога прэм’ер-міністра ды былога і цяперашняга прэзыдэнта.
Чым даўжэй Пуцін кіруе Расеяй, тым большым табу ў краіне робіцца інфармацыя пра сям’ю Ўладзімера Пуціна — да такой высновы прыходзіць аўтар New York Times, Дэйвід Гершэнгорн.



Гершэнгорн нагадвае, што адразу пасьля выбараў у інтэрнэце зьявіўся здымак, на якім быў паказаны Пуцін, якія спрабуе паціснуць жонцы руку, са зьедлівым подпісам-камэнтарам: «Да пабачэньня праз шэсьць гадоў».



Гершэнгорн кажа, што большасьць расіянаў лічыць, што Пуцін не жыве са сваёй жонкай. У красавіку 2008 году ў газэце «Маскоўскі карэспандэнт» быў апублікаваны артыкул з чуткамі, што Пуцін нібыта мяркуе разьвесьціся зь Людмілай і пабрацца шлюбам з Алінай Кабаевай (нар. 1983), алімпійскай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы. Пуцін рашуча запярэчыў гэтым чуткам. Газэта спыніла выхад у лістападзе таго самага году.

Таксама невядома, дзе насамрэч жывуць дочкі Уладзімера і Людмілы Пуціных, Марыя (27 гадоў) і Кацярына (25 гадоў), і як яны сёньня выглядаюць. Даступныя ў інтэрнэце здымкі дзяўчат паходзяць зь іх раньняга дзяцінства. Паводле інфармацыі, сабранай Гершэнзонам, абедзьве закончылі нямецкамоўную школу і Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Абедзьве нібыта мелі рамантычныя сувязі з замежнікамі — старэйшая зь нідэрляндцам, а маладзейшая з карэйцам з Паўднёвай Карэі.

Пуцін, сьцьвярджае аўтар New York Times, асабліва пільнуе, каб зьвесткі пра ягонае прыватнае жыцьцё не прасочваліся ў прэсу. Пагадзіўшыся выступіць у дакумэнтальным фільме аднаго нямецкага кінэматаграфіста, Пуцін паставіў цьвёрдую ўмову: ягонае прыватнае жыцьцё застанецца па-за кадрам. Фільм пад назвай «Ich, Putin» быў выпушчаны на экран сёлета. Яго аўтар, Губэрт Зайпэль, адмовіўся паведаміць журналістам нейкія дэталі зь сямейнага жыцьця Ўладзімера Пуціна.

Пуцін паставіў цьвёрдую ўмову: ягонае прыватнае жыцьцё застанецца па-за кадрам

Паводле Гершэнгорна, заслона сакрэтнасьці, за якой Пуцін памясьціў сваё сямейнае і прыватнае жыцьцё, не характэрная ня толькі для заходніх, але і для савецкіх ды постсавецкіх палітыкаў. У гэтым кантэксьце Гершэнгорн прыгадвае дачку Барыса Ельцына, якая брала актыўны ўдзел у публічным жыцьці і была палітычным дараднікам бацькі; зь яшчэ ранейшага пэрыяду аўтар згадвае дачку Сталіна, Сьвятлану Алілуеву (1926-2011), якая была публічнай постацьцю ў СССР у сваім дзяцінстве і маладосьці.

Былы расейскі журналіст Алег Ралдугін, які зьяўляецца хросным бацькам дачкі Пуціна, Марыі, лічыць, што трымаючы ў таямніцы лёс сваіх дачок, прэзыдэнт Расеі забясьпечвае ім насамрэч «нармальнае жыцьцё». Ралдугін таксама адмовіўся даць Гершэнгорну нейкую інфармацыю пра сямейнае жыцьцё Пуціна.