У Маскве падчас «Маршу мільёнаў» затрымана больш за 450 чалавек

У Маскве супрацоўнікі паліцыі ў нядзелю ўвечары пачалі затрымліваць актывістаў, якія сабраліся каля аддзелу паліцыі ў раёне Якіманка.
Сюды была дастаўлена частка затрыманых падчас апазыцыйнай акцыі «Марш мільёнаў» на Балотнай плошчы, у тым ліку актывісты Сяргей Удальцоў, Аляксей Навальны і Барыс Нямцоў. У інтэрвію Радыё Свабода дэпутат Дзярждумы ад «Справядлівай Расеі» Ільля Панамароў выказаў здагадку, што Нямцову можа пагражаць штраф па артыкуле кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях «хуліганства», тым часам як Удальцова і Навальнаму — больш строгае пакараньне.

Your browser doesn’t support HTML5

Затрыманьні на Якіманцы



Усяго, паводле дадзеных паліцыі, падчас «Маршу мільёнаў» былі затрыманыя больш за 450 чалавек. Сталічныя органы Сьледчага камітэту Расеі распачалі крымінальныя справы па фактах заклікаў да масавых беспарадкаў і прычыненьня шкоды здароўю паліцэйскіх на Балотнай плошчы. Адпаведныя артыкулы прадугледжваюць пакараньне да 2-х і 10-ці гадоў пазбаўленьня волі.

Як паведамлялася раней, падчас «Маршу мільёнаў» лідэры апазыцыі Удальцоў, Навальны і Ільля Яшын адмовіліся прайсьці на Балотную плошчу, дзе меўся адбыцца мітынг, і абвясьцілі сядзячы страйк ля Вялікага Каменнага моста. Частка ўдзельнікаў акцыі паспрабавала прайсьці да іх з плошчы, але натыкнулася на жорсткі супраціў паліцыі, пасьля чаго пачаліся масавыя затрыманьні з ужываньнем спэцсродкаў.