Аксана Спрынчан — пра беларускія літаратурныя гнёзды

Аксана Спрынчан

«Бяз рук, без сякеры зроблена хата і дзверы» — беларуская народная загадка. Адказ на яе — гняздо. Чалавек таксама будуе сабе гняздо, хай і не «бяз рук, безь сякеры». З народнай жа творчасьці вядома, што «ўсякая птушка сваё гняздо бароніць». Бароніць і чалавек. А пісьменьнікі яшчэ і ствараюць літаратурныя гнёзды. Якія яны, беларускія літаратурныя гнёзды?


ЯНКА БРЫЛЬ. ПТУШКІ І ГНЁЗДЫ
МЕНСК, МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА", " 1975

Калі бацькоўскі дом — гняздо, дык чалавек — птушка. Хто ня марыў лятаць, як птушка — прыгожа й вольна, і вяртацца да свайго роднага гнязда?!. Але жыцьцё выпрабоўвае і птушак, і гнёзды... Янка Брыль свайму раману даў падзагаловак «Кніга адной маладосьці», і гэтая маладосьць прыпала на вайну. Імкненьне галоўнага героя Алеся Руневіча да роднага гнязда-хаты, у якім чакае маці, непадзельнае ад імкненьня да роднага гнязда-Радзімы. Кніга насычаная ўспамінамі пра маленства, яскравымі і пяшчотнымі. Яны ўтвараюць адмысловае яйка-сусьвет, зь якога ў гнязьдзе па-беларуску прыгожай сям’і спакваля выдзёўбваецца на сьвет паэт. Алесь Руневіч захоўвае сваю паэтычнасьць нават на вайне, у палоне. Птушка павінна выляцець з палону. Так і адбываецца: палон — уцёкі... І зноўку — палон, і зноўку — уцёкі, гэтым разам удалыя. Хоць роднае гняздо і ў куродыме вайны...

ЯНКА КУПАЛА. РАСКІДАНАЕ ГНЯЗДО. ПОЎНЫ ЗБОР ТВОРАЎ. Т. 7.
МЕНСК, МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА«, 2001

Безумоўна, найбольш вядомае ў Беларусі — «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Драма, галоўны герой якой мае «птушынае» прозьвішча — Зяблік. Зяблік — птушка, якая надзвычай добра прыстасоўваецца да жыцьця ў розных варунках, а таму гэта і адна з найбольш пашыраных лясных птушак. Лявон жа Зяблік ня можа прыстасавацца да акалічнасьцяў, ня можа абараніць сваё гняздо, сваю сям’ю, і сканчае жыцьцё самагубствам. Кожная птушка з гэтага «раскіданага гнязда» спрабуе адшукаць свой шлях, але Янка Купала не дае адназначнага адказу, які з іх — той, што трэба. Хіба што, галоўнае для птушак-беларусаў — жыць, ня ісьці ў тупік самагубства. Жывыя, рознымі шляхамі, рана ці позна могуць дайсьці да Вялікага Сходу. Зь іншага боку, у гэтым бясконцым рознагалосьсі беларусаў — своеасаблівая трагедыя, якая і зацягвае прыход да Вялікага Сходу, — беларусы ўвесь час раз’яднаныя. «Птушкай-маці» называе Янка Купала час, мяркуе, што час «зьнімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых тваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў...» Магчыма, час — і найлепшая птушка...

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН. ГНЯЗДО ДЛЯ ПТУШКІ РАДАСЬЦІ
МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1986

Падаецца, што кнігу «Гняздо для птушкі радасьці» напісаў Алесь Руневіч,
герой кнігі Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды», гэткая яна сьветлая і ўзвышаная.

А сэрца,
што ў грудзях маіх, —
Гняздо
для птушкі радасьці.


Сэрца-гняздо ў паэта ёсьць, і чакае ён, як кожны чалавек, птушку радасьці,
але ж, як паэт, дае прытулак птушкам «з чарады сумненьня, смутку, роспачы»,
спадзяецца, што птушка радасьці ў гэты час гасьцюе ў іншых... Сэрца-гняздо чакае родную птушку радасьці:

Сьпіць зямля. Небасхіл залачае.
І плыве над чародамі ліп
Для каго — крык здарожанай чайкі,
Для мяне — роднай кнігаўкі ўсхліп...


Не хавайце свае сэрцы-гнёзды ад «роднай кніг(аўк)і».

ЯКУБ КОЛАС. АСІНАЕ ГНЯЗДО. ЗБОР ТВОРАЎ У 20 Т. Т. 7.
МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 2009

Колькі б ня думаў чалавек пра гнёзды і птушак, ня варта забывацца пра гнёзды і восаў. Што ж паробіш, калі і ў іх ёсьць сваё жытло пад такою назваю. «Асінае гняздо» — адна з «Казак жыцьця» Якуба Коласа. Казка сапраўды жыцьцёвая. Асіны цар і ягоныя падначаленыя з вялікімі джаламі хаўрусуюцца з шэршнямі і трымаюць у жаху ўсіх беларускіх інсектаў, якія нагадваюць жыхароў Сеціва: рыхтуюцца да змаганьня і змагаюцца, не выходзячы з хаты. Што ж, у «казцы жыцьця» інсекты далі веры Старому Дубу, калі той мовіў ім: «Чым так жыць, то лепш памерці вам!» Можа, і наша жыцьцё калісьці станецца казкаю...


ВАСІЛЬ ЗУЁНАК. ГНЯЗДО НА ЎЗМЕЖКУ. У КНІЗЕ «ВЫЗНАЧЭНЬНЕ»
МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1987

«Гняздо на ўзьмежку» — назва аднаго з разьдзелаў кнігі «Вызначэньне».
Хоць, як на маю думку, Васіль Зуёнак «вызначыўся» не зусім «слушна». Гэтак
бы варта было назваць усю кнігу. Але ж і верш, адкуль узяты вобраз, мае іншую
назву — «Жаўранкі». Гэтая «амаль баляда» (паводле вызначэньня аўтара) — адзін з наймагутнейшых вершаў беларускай літаратуры, які ўражвае стаўленьнем беларуса да гнязда-жыцьця-творчасьці, гімн красе беларуса. Шчасьце мець такіх продкаў. Прадзед паэта Даніла арэ зямлю так, каб не зачапіць гнёзды жаўрукоў. Кавалак зямлі выглядае, нібы ўзараным вепрукамі, а не сахою, суседзі сьмяюцца, а жаўранкі сьпяваюць. Верш, ад якога таксама «прарастаюць крылы».

Той шнур у полі быў як на пацеху:
Па ярыне — агрэх каля агрэха.
Сьмяяліся з Данілы нават дзеці:
То плеш, то грыва на зялёнай шчэці.
Як быццам не саха ішла загонам,
А вепрукі ўзаралі шнур ягоны.
Ды не зважаў на кепікі Даніла:
А што — хіба ня любіць ён парадак?
Зусім, брат, не, — тут проста быў выпадак...
Выпадак, — хоць зусім не выпадковы:
Нарог жытло аб’ехаў жаўрукова.
Гнязьдзечка зь яйкамі пашкадаваў Даніла.
А цераз год такое прываліла,
Што хоць на поле не выходзь з сахою:
Ад жаўранкаў аж не было адбою.
Усе Данілаў шнур аблюбавалі
І гнёзды — ад праталін зладзьбавалі.
«Агрэх — ня грэх, — зноў разважаў араты. —
Няхай сьмяюцца — я не вінаваты...»
І зерне ў глебу кідаў ля наседак...
А песьня — напярэймы, песьня — сьледам,
А песьня — побач, з-пад мяжы, і зь неба...
«Ат, і было б там з гэтых латак хлеба...» —
І пасьміхаўся: слухаюць суседзі,
Хоць кожны з кпінамі агрэхі ўжо агледзеў...
Стаяў пад небам прадзед мой Даніла —
І за сьпіною прарасталі крылы.
І цешыўся: «Не пад’ясі ніколі, —
А песьня во для ўсіх, над цэлым полем!»