Расейскі Шушкевіч

Беларусы ад самага абраньня ставіліся да трэцяга прэзыдэнта Расеі даволі станоўча.
Размова ідзе ня толькі пра пэўныя «прасунутыя» асяродкі, але і пра насельніцтва ў цэлым, пра што сьведчаць вынікі сацыялягічных апытаньняў — першага, другога, трэцяга, чацьвертага

Што да прыгаданых асяродкаў, то адразу пасьля свайго прыходу і нават значна пазьней з Мядзьведзевым зьвязваліся пэўныя надзеі. Меркавалася, што чалавек, які захапляецца Deep Рurple, будзе ўсё ж адрозьнівацца і ад беларускага аматара баяна і ад прыблатнёнага Пуціна ня толькі стылёва, але і палітычна. Ня тое, што спадзевы былі надта вялікімі, але былі. І ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі і на Захадзе задавалі пытаньне Who is Mr. Medvedev.

у мяне Коля ў гэтыя цацкі пальцам тыкае, а справа прэзыдэнта — пытаньні вырашаць, а не гэтым бавіцца

І наконт рыторыкі, стылістыкі Mr. Medvedev сапраўды не падкачаў — чаго вартае адно «свабода лепш, чым несвабода», сказанае напярэдадні прэзыдэнцтва. Ну і тон размоваў з Захадам і пра Захад крыху адрозьніваўся ад жорсткага стылю Пуціна. Можна прыгадаць і ня толькі словы, напрыклад, у міжнароднай палітыцы — «перазагрузка» з Амэрыкай, ўстрыманьне ад галасаваньня ў Радзе бясьпекі ААН ў рэзалюцыі па Лібіі. Інфармацыйная атака на Лукашэнку падчас выбарчай кампаніі 2010 году, ды і заляцаньні некаторых беларускіх апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты да Масквы таксама ў пэўнай ступені зьвязваліся зь іншым тварам і стылем Крамля.

Праўда, было і іншае — вайна з Грузіяй, калі ўпершыню пасьля распаду СССР расейскае войска ваявала за сваімі межамі, і жорсткі «накат» на ўкраінскае кіраўніцтва напярэдадні выбараў у 2010 годзе.

Простаму беларусу было і менш цікава, і цяжэй усьвядоміць, хто там у Расеі галоўны насамрэч

Але па-над усім гэтым было іншае, можа самае галоўнае — ўсьведамленьне, што «цар несапраўдны». У Расеі гэта ўспрымалася больш востра і выразна, і з прычыны больш брутальнай палітычнай культуры, і з тае прычыны, што расейцы лепш маглі ацаніць уладныя здольнасьці свайго фармальнага кіраўніка. Простаму беларусу было і менш цікава, і цяжэй усьвядоміць, хто там у Расеі галоўны насамрэч. Але збольшага ўсьведамленьне было.

Прынамсі было яно ў Аляксандра Лукашэнкі. У лістападзе 2010 году падчас інтэрвію польскім СМІ на меркаваньне інтэрвіюера, што Пуцін ужо не зьяўляецца прэзыдэнтам Расеі, Лукашэнка адказаў пытаньнем: «Сапраўды? А кім?».



Так, праўда, было ня ўсе 4 гады. У пэўны момант Лукашэнка нават спрабаваў гуляць на супярэчнасьцях (рэальных ці ўяўных) унутры тандэму на баку Мядзьведзева. Але ў рэшце зрабіў выбар на карысьць рэальнай улады, блізкай яму ў тым ліку і культурна, тут можна прыгадаць і зьедлівую рэакцыю беларускага кіраўніка на захапленьне расейскага калегі кампутарнымі гаджэтамі, маўляў, у мяне Коля ў гэтыя цацкі пальцам тыкае, а справа прэзыдэнта — пытаньні вырашаць, а не гэтым бавіцца.

Але, як і ў былога кіраўніка Беларусі, час для роздуму, чаму ж інтэлігентнасьць і ўлада гэтак кепска сумяшчаюцца ў нашых краях

Беларуская грамадзкая думка можа дадаць прыклад Мядзьведзева ў вялікі шэраг іншых постсавецкіх дзеячоў-інтэлігентаў, якія ці ня здолелі атрымаць рэальную ўладу ці згубілі яе: Гамсахурдзіа, Эльчыбей, Тэр-Петрасян, Шушкевіч, Акаеў, Юшчанка. Ну так, шлях усіх гэтых палітыкаў да ўлады быў не такім, як у Мядзьведзева, якога фактычна за ручку прывялі ў Крэмль. Але іншы чалавек на яго месцы, магчыма, «зьеў» бы свайго дабрадзея і стаў бы сапраўдным уладаром. Можа і не любоў да Deep Рurple перашкодзіла, а нешта іншае, але неяк так атрымліваецца, што аматары баяна даўжэй ва ўладзе затрымліваюцца.
А пра Мядзьведзева прыгадваюцца радкі расейскага клясіка

Суждены вам благие порывы,
Но свершить ничего не дано.


ў Мядзьведзева здараліся хаця нейкія лібэральныя «парывы»

Улада — гэта моцны рэнтген, які робіць відавочным калібар і здольнасьці асобы. Ну аказаўся піцерскі юрыст і вопытны чыноўнік такім, якім аказаўся. Можа, Пуцін, прапаноўваючы яму ў 2008 годзе «шапку Манамаха», і ведаў, што такім акажацца. Таму і прапаноўваў. Але можа менавіта таму, што не было ў Мядзьведзева сапраўднай, зьвярынай волі да ўлады, не было і вялікай злосьці.

Дарэчы, ня выключана, што гэтая адсутнасьць злосьці ў спалучэньні зь лібэральнай рыторыкай і фэномэнам «несапраўднага цара» былі чыньнікамі Балотнай. У нечым Мядзьведзеў увасабляў імкненьне да пераменаў, хаця асабіста і ня меў сілы ці жаданьня іх зьдзейсьніць.

Што будзе пры Пуціне — пакуль сказаць цяжка. Але ў Мядзьведзева здараліся хаця нейкія лібэральныя «парывы».

Яму, зразумела, не пагражае пэнсія ў 2 даляры, як Станіславу Шушкевічу, наперадзе, здаецца, хаця б на пэўны час — прэм’ерская пасада. Але, як і ў былога кіраўніка Беларусі, час для роздуму, чаму ж інтэлігентнасьць і ўлада гэтак кепска сумяшчаюцца ў нашых краях.