Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?
Ад аўтара
«Спатканьне адбывалася пад пільным наглядам супрацоўнікаў установы, за сьпінай маці сядзеў намесьнік начальніка СІЗА», — паведамляў на сайце «Свабоды» журналіст Алесь Дашчынскі. Маці і сястру Кавалёва строга папярэдзілі, што размаўляць яны мусяць толькі на «жыцьцёвыя» тэмы — пра сям’ю, пра сяброў. На здароўе Ўлад Кавалёў ня скардзіўся, але і ўсяго, што хацеў, распавесьці ня змог.
Любоў Кавалёва: «Яго апярэдзіў намесьнік начальніка СІЗА, які мне сказаў, што ў яго нібыта і ціск у норме, і ўсё добра. Спатканьне адбывалася пад наглядам: супрацоўнік сядзеў і з нашага боку, і з боку Ўлада. Наша размова кантралявалася. Канечне, і мы былі рады, і рады быў Улад нашаму спатканьню. Тым больш што ў лютым нам не далі спатканьня, чым былі парушаныя нашы правы».
Уладзіслаў Кавалёў гэтак і ня змог нічога распавесьці пра ўмовы ўтрыманьня ў «амэрыканцы».
Тацяна Кавалёва:"Папрасіў ён толькі кнігі. Распавёў, што чытае кнігу, разгадвае сканворды. Ён пастаянна сядзіць у памяшканьні, на прагулкі яму выходзіць не дазваляюць. Хоць кажуць, што праветрываюць гэтае памяшканьне. Ён адзін у гэтай невялікай камэры«.
У той жа дзень,11 сакавіка, Любоў Кавалёва паслала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў зварот.
Адносна Дзьмітрыя Канавалава ніякай інфармацыі зноў не было.
Літаральна праз чатыры дні, увечары 14 сакавіка, з паведамленьня па беларускім дзяржаўным тэлебачаньні стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Маці Кавалёва, якая ў той момант знаходзілася ў Віцебску, даведалася пра гэта ад карэспандэнта Радыё Свабода Ўладзімера Глода.
Любоў Кавалёва: «Я на працы, я не магла чуць тэлебачаньне. А што здарылася? А-а-а-а-а. Адмовіў абодвум? Лукашэнка сёньня разгледзеў?» Пасьля ў слухаўцы загучалі гудкі.
Ужо раніцай 15 сакавіка Любоў Кавалёва была ў Менску і паспрабавала дамагчыся спатканьня з сынам у СІЗА КДБ. Але спатканьня ёй не дазволілі. Не пусьцілі ў «амэрыканку» на сустрэчу з падабаронным і адваката Кавалёва Станіслава Абразея. Пры канцы дня адвакату паведамілі, што Ўладзіслава Кавалёва з «амэрыканкі» перавялі, але куды, не сказалі. У СІЗА на Валадарскага, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды, Любові Кавалёвай і адвакату заявілі, што там Уладзіслава Кавалёва няма.
Зьвесткі пра тое, што сваякі Дзьмітрыя Канавалава спрабуюць высьветліць ягоны лёс, у мэдыі ў той дзень ня трапілі.
Тым часам інтэрнэт і эфір поўніліся камэнтарамі наконт рашэньня Лукашэнкі. Адны тлумачылі ўсё асобай гэтага чалавека, другія адзначалі памылкі тых, хто спрабаваў паўплываць на ягонае рашэньне.
(Эўрарадыё. 15.03.2012) Журналіст Сяргей Сацук: «Ёсьць такое слова „дыпляматыя“, і яно азначае, што перад тым, як пачаць вайну, трэба паспрабаваць іншыя рычагі ўплыву. А ў дадзеным выпадку адразу пасьля абвяшчэньня прысуду была фактычна абвешчана вайна рэжыму, пачаліся баявыя дзеяньні за жыцьцё Ўладзіслава Кавалёва. І, адпаведна, трэба было чакаць у адказ
З камэнтароў наведнікаў сайту газэты «Наша ніва».
— Канцы ў ваду...
— У выніку тэракту 11.04.11 у Менску забіта 17 чалавек...
— «Канавалаў прашэньня аб памілаваньні не падаваў»
Навошта тады пісаць, што Лукашэнка адмовіўся памілаваць Канавалава?
p.s. Усё ж такі ёсьць справядлівасьць у сьвеце.
— На жаль, будуць забітыя невінаватыя. А вінаватыя дагэтуль ходзяць па беларускай зямлі і псуюць беларускае паветра.
16 сакавіка стала вядома, што Ўладзіслава Кавалёва расстралялі. Пра гэта маці пакаранага сьмерцю даведалася зь ліста, які прыйшоў зь Вярхоўнага суду. У той жа дзень, 16 сакавіка, пра выкананьне сьмяротнага прысуду Кавалёву і Канавалаву паведамілі афіцыйныя мэдыі. Як пазьней стала вядома, у дзень расстрэлу Кавалёва беларускі МЗС пісаў у Камітэт ААН пра прыпыненьне выкананьня прысуду.
Сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», 05.04.2012
Любоў Кавалёва, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, і яго сястра Тацьцяна Казяр атрымалі ліст з Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Гэты ліст быў накіраваны ва Ўпраўленьне прадстаўнікамі ўраду РБ пры аддзяленьні ААН у Жэнэве яшчэ 15 сакавіка 2012 году — у той самы дзень, калі Ўладзіслаў Кавалёў быў расстраляны.
Прадстаўнікі Беларусі праінфармавалі Камітэт па правах чалавека, што наглядная скарга Кавалёва пададзена ў Вярхоўны суд, прэзыдэнт разглядае яго прашэньне аб памілаваньні. Пакуль гэта ня будзе разгледжана, выкананьне сьмяротнага прысуду будзе прыпынена.
У лісьце зь беларускага прадстаўніцтва аспрэчвалася прымальнасьць скаргі па справе Ўладзіслава Кавалёва, а таксама сутнасьць прэтэнзіяў дадзенай скаргі.
Людміла Гразнова ў «Гарачым камэнтары»
(Тэлеканал «БелСАТ». 28.03.2012)
Са сваім сынам Любоў Кавалёва апошні раз пабачылася 11 сакавіка. Пазьней да асуджанага на сьмерць наведнікаў не пускалі. З гэтай прычыны адвакату Ўладзіслава не ўдалося падаць наглядную скаргу на рашэньне Вярхоўнага суду. 14 сакавіка Аляксандар Лукашэнка пастанавіў ня мілаваць прызнаных тэрарыстамі Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава. 16 сакавіка абвясьцілі, што прысуд выканалі. Насамрэч жа выканалі днём раней — гэта стала вядома толькі сёньня.
Паводле Людмілы Гразновай, пасьпешлівае забойства абвінавачаных і недавер насельніцтва да афіцыйнай вэрсіі сьледзтва не даюць беларусам пачувацца ў бясьпецы.
Зь верасьня 2011 году, калі пачаўся працэс над Кавалёвым і Канавалавым, у Беларусі разгарнулася чарговая грамадзкая кампанія за адмену сьмяротнага пакараньня. Яе ініцыятарам была Любоў Кавалёва. Жанчыну падтрымалі беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку «Human Rights Watch». Да 15 сакавіка 2012 году, калі быў расстраляны сын Любові Кавалёвай Уладзіслаў, за адмену ў Беларусі сьмяротнай кары падпісаліся праз інтэрнэт 62 135 чалавек у краіне і сьвеце.
Папярэднія разьдзелы кнігі
Частка 1
Уступ
Вэрсіі добрая і дрэнная
Прызнаньне — каралева доказаў
Як нараджаюцца новыя вэрсіі
Відэа: чалавек з торбай
Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры
Сьляды на адзеньні
Чорная торба з надпісам «Vest»
Забойчы доказ
Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?
Бомбы
Што было ў падвале Канавалава?
Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»
Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты
Навошта?
«Яму заўсёды падабаліся выбухі»
Ці здаровы Канавалаў псыхічна?
Схільны да самагубства?
Судзьдзі і сакратаркі
Як Канавалаў сабраў бомбу
Ханжанкоў: Беларускі сындром
Пульт і паражальныя элемэнты
Пракуроры
Роля Ўладзіслава Кавалёва
З допыту Кавалёва ад 29 красавіка
Лёс рэчавых доказаў
Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер
Пацярпелыя і публіка
Частка 2
Экспэрымэнт, якога не было
Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?
Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»
Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»
Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва
Працяг дзіўнага экспэрымэнту
Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?
Ахоўнікі
Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?
Усё ж: «пілі» ці «білі»?
Лішнія пальцы і сім-картка
Дзіўная спрэчка ў Навінках
Навошта спатрэбіўся дэтэктар хлусьні?
Змывы з твару, рук і адзеньня, сьляды выбухоўкі ў падвале
«Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча «Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча
Адвакаты
Заканчэньне судовых спрэчак
А што б пастанавіў суд прысяжных?
Ці вінаваты Ўладзіслаў Кавалёў?