«Здаецца, і разумныя, і таленавітыя. Чаму ж жывем у жабрацтве?»

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 02 траўня 2012 году
Адной з галоўных тэмаў у пошце «Свабоды» ўжо на працягу многіх месяцаў застаецца лёс палітвязьняў — тых грамадзка актыўных людзей, якія пацярпелі за свае перакананьні. Нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне мінулага месяца сьпіс палітзьняволеных крыху скараціўся — на свабоду выйшлі Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка, — праблема гэтая застаецца для Беларусі па-ранейшаму адной з найвастрэйшых.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Віталь Караневіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёну піша:

«Па-ранейшаму слухаю вашы перадачы, і вельмі многае ў рэаліях нашага жыцьця мяне моцна абурае. Вось, напрыклад, пытаньне адной слухачкі, якая патэлефанавала вам: „Наўкол прававое бязьмежжа, з простым чалавекам ніхто ня лічыцца. Чыноўнікі робяць што хочуць. Калі гэта скончыцца і што рабіць?“

Такіх людзей, што толькі абураюцца, а самі нічога ня робяць, — мноства. Менавіта эгаізм, абыякавасьць і раўнадушнасьць грамадзтва спараджаюць такія формы зла, якія апанавалі сёньняшнюю Беларусь. А ўлада да пакут простага чалавека раўнадушная. Яна дбае галоўным чынам пра сябе. Жахліва назіраць, што большасьці насельніцтва на гэта напляваць. Магчыма, праўда, што многія ўсёй аб’ектыўнай інфармацыі і ня ведаюць — з прычыны нашай інфармацыйнай закрытасьці, а то і проста ўласнай абмежаванасьці.

Вось, напрыклад, яскравая гісторыя Сяргея Каваленкі, пра якога я даведаўся з вашага радыё. Гэтулькі часу чалавек трымаў галадоўку дзеля высакароднай справы — абароны нацыянальнага сьцяга. На такі скрайні крок ён пайшоў проста таму, што ня меў іншага спосабу выказаць свой пратэст. А цяпер яго кінулі ў псыхушку, у Навінкі... Я з уласнага горкага досьведу ведаю, ШТО там могуць зрабіць з чалавекам. Вельмі шкада Каваленку. Зь ім урэшце расквітаюцца так, як захочуць. Такая наша горкая рэальнасьць — нешта кшталту нэасталінізму»
.

Сапраўды, спадар Віталь, апраўдваць грамадзкую апатыю толькі недахопам альтэрнатыўнай аб’ектыўнай інфармацыі ў сёньняшніх умовах наўрад ці выпадае. З кожным годам усё больш простым робіцца доступ да інтэрнэту. Агульнадаступным зрабілася спадарожнікавае тэлебачаньне. Урэшце, нягледзячы на перашкоды, выдаецца некалькі незалежных газэт. Пры жаданьні даведацца праўду пра падзеі ва ўласнай краіне можна. Іншае пытаньне: ці ёсьць гэта жаданьне?

На праблему грамадзкай пасіўнасьці беларусаў зьвяртае ўвагу і іншы наш даўні слухач — Васіль Завадзкі з Маладэчна. Разважаючы наконт стаўленьня ў грамадзтве да палітзьняволеных, ён піша:

«Я вельмі рады, што многія палітвязьні напісалі прашэньні аб памілаваньні. Лепш быць на волі, чым цярпець пакуты за кратамі. Тым больш што пакуты гэтыя — несправядлівыя.

А хто ў Менску ці ў іншых гарадах Беларусі выйшаў на вуліцу, каб запатрабаваць вызваленьня гэтых людзей? Ды ніхто. Ня выйшлі і ня выйдуць. Наша грамадзтва яшчэ не дасьпела да палітычнай салідарнасьці, не разумее, наколькі гэта важна. Дый апазыцыянэры нашы не заўсёды выклікаюць давер ды сымпатыю. Многія ня ведаюць роднай мовы, гісторыі, культуры... Гэта — вялікі мінус.

Мне помніцца час нямецкай акупацыі. Як толькі прыйшлі немцы, то многіх камуністаў пасадзілі ў турмы. Але дзіўная рэч: калі вялікая колькасьць мясцовых жыхароў ставіла свае подпісы пад просьбай вызваліць каго-небудзь з арыштаваных і паручалася за гэтага чалавека — яго адпускалі. Праўда, адбывалася гэта толькі да зьяўленьня партызанаў. Потым ужо не адпускалі.

Але ж у нас і без партызанаў нікога не выпускаюць: у абарону палітвязьняў можа падпісацца ўся Беларусь — усё роўна ж ня вызваляць»
.

Так, спадар Васіль, у сёньняшніх беларускіх умовах дзеля вырашэньня праблемы палітвязьняў (як, зрэшты, і многіх іншых праблемаў) мае істотнае значэньне подпіс толькі адной усім вядомай асобы. Усе іншыя подпісы ўлада можа ігнараваць (і часта ігнаруе) — нягледзячы на тое, што за гэтымі подпісамі стаяць часам тысячы і дзясяткі тысяч людзей. Ва ўмовах аўтарытарнай сыстэмы мэханізмаў узьдзеяньня на ўладу з боку грамадзтва зусім няшмат.

Пра ўзаемадачыненьні ўлады і апазыцыі, пра тое, якім чынам дэмакратычныя сілы могуць уплываць на ўладныя рашэньні, разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Віктар Рамейка зь Менску. Слухач піша:

«Адважуся выказаць такое меркаваньне наконт цяперашняй эканамічнай палітыкі: улада ня проста ня хоча рэфармаваць эканоміку — яна ня ведае, як гэта зрабіць. Каму перадаць, напрыклад, МАЗ, МТЗ ды іншыя буйныя вытворчасьці? Абрамовічы ды Дзерыпаскі хоць сёньня гатовыя купіць іх. Але скажыце: ці здолеюць новыя гаспадары забясьпечыць прыбытковае функцыянаваньне гэтых прадпрыемстваў, ці захаваюць працоўныя калектывы? Многія расейскія алігархі вызначаюцца вялікім майстэрствам ухапіць чужую ўласнасьць, але гэта зусім не азначае, што яны гэтак жа спрытна ўмеюць кіраваць. Вось таму, відаць, і марудзіць улада з прыватызацыяй.

Дык давайце дапаможам ёй зрушыцца зь месца ў правядзеньні рэформаў. Але не папрокамі і заклікамі, а — канкрэтнымі прапановамі. Калі апазыцыя ня здолее пераканаўча і даходліва гаварыць наконт рэформаў, то ўсе ейныя папрокі — нішто іншае, як палітыканства. Улада неяк намякала на нейкі круглы стол дзеля перамоваў з апазыцыяй. Але як на гэта адрэагавалі апазыцыянэры? Калі папраўдзе, дык пад рознымі зачэпкамі проста ўхіліліся. Чаму? Пры чым тут палітвязьні, якіх адмаўляецца выпускаць улада? — піша ў сваім лісьце на «Свабоду» Віктар Рамейка зь Менску. — ...Сам я не ў захапленьні ні ад улады, ні ад апазыцыі. Пішу пра набалелае. А боль мой — ад роздуму пра лёс нашага народа. Здаецца, і разумныя, і таленавітыя. Чаму ж жывем у жабрацтве? І чаму тыя, хто на словах усё гатовы рабіць у імя народа, перайшоўшы ў апазыцыю, становіцца такім прымітыўным у сваіх палітычных справах?

Апазыцыя робіць усё ад яе залежнае, каб зрынуць дзейную ўладу. А атрымаўшы жаданае — што яна будзе рабіць? Куды павядзе краіну, у якую сьветлую будучыню? Пакуль маўчыць. А калі ўсё абмяжуецца парожнімі абяцаньнямі ды балбатнёй у парлямэнце — дык такая ўлада недаўгавечная. Калі народу стане горш, чым сёньня (а гэта непазьбежна пры любой эканамічнай перабудове) — дык ён цярпець ня будзе ды зьменіць такую ўладу (бо гэта ж будзе не дыктатура, дэмакратыя). Вось я і не магу зразумець: дзеля чаго людзі так упарта імкнуцца ў палітыку? У турму дзеля гэтага гатовы ісьці. Усё дзеля таго, каб пайсьці ў прэзыдэнты! Хоць шанцаў ніякіх — а клічуць на плошчу. А навошта? Дзеля чаго? Баюся памыліцца, але, відаць, палітычныя амбіцыі адольваюць нават разважны сэнс«
.

Гэта вельмі распаўсюджаныя папрокі на адрас апазыцыі з боку ўлады, спадар Віктар. Маўляў, зь ейнага боку — ніякіх прапаноў, ніякага канструктыву: апазыцыянэры толькі рвуцца да ўлады, а канкрэтных спраў за імі — ніякіх. Дэмагагічнасьць такіх папрокаў відавочная для ўсіх, хто знаёмы зь беларускімі рэаліямі. Якім чынам беларускія апазыцыянэры могуць удзельнічаць у выпрацоўцы ўладных рашэньняў, у фармаваньні дзяржаўнай палітыкі? Можа, яны хоць бы ў невялікай колькасьці дапушчаныя ў парлямэнт? Ці іхныя меркаваньні пагаджаюцца агучваць дзяржаўныя тэлеканалы і масавыя дзяржаўныя газэты? А можа, апазыцыйным лідэрам давяраюць важныя дзяржаўныя пасады?

Адказы на гэтыя пытаньні — відавочныя ўжо на працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў. У беларускай апазыцыі застаецца толькі адзін спосаб узьдзеяньня на ўладу — праз вуліцу, грамадзкія акцыі. А адказам на гэтыя грамадзкія пратэсты з боку ўлады становяцца, як правіла, рэпрэсіі, а зусім не запрашэньне да перамоваў.

Наступны ліст даслаў наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Гэтым разам ён спрабуе адказаць на пытаньне: «Ці супадае ідэалёгія цяперашняй дэмакратычнай апазыцыі з поглядамі і памкненьнямі беларускага грамадзтва?» Слухач піша:

«Беларуская апазыцыя за мінулыя 20 год не атрымала ніводнай перамогі. У вачах людзей яна паўстае вечным лузэрам ды паражэнцам. Далёкія перамогі былі напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў. Але Лукашэнка амаль усе тыя дасягненьні зьнішчыў (сьцяг, герб, беларусізацыя, новыя сьвяты, нэўтралітэт і гэтак далей). Па сутнасьці, на працягу гэтых дваццаці год няспынныя паразы цярпела тая ж апазыцыя: яна мала зьмянілася за мінулы час. Ідэі, лёзунгі, стратэгія — тыя ж. І культывацыя ў ейным асяродзьдзі нязьменных ідэяў пачатку 90-х гадоў вядзе, як мне здаецца, да падаўжэньня ўлады Лукашэнкі. Хопіць у яго здароўя — дык будзе цараваць і да 70-ці год, і даўжэй.

Але грамадзтва тым часам мяняецца. На маю думку, гадоў празь дзесяць-пятнаццаць большасьць беларускага насельніцтва ўвогуле ня будзе ўспрымаць ідэяў цяперашняй апазыцыі, а сфармуе нейкія свае запатрабаваньні — накіраваныя зусім не на ідэалы Эўразьвязу і нацыянальнае адраджэньне. Іншымі словамі, гэта можа быць апазыцыя, арыентаваная на дэмакратыю ў абноўленым Эўразійскім саюзе на чале з абноўленай Расеяй пад інтэлектуальнай эгідай сілаў маскоўскага мэгаполісу.

Груба і зразумела кажучы: Беларусь можа ўступіць у Эўразьвяз толькі і разам у пары з Расеяй. І ў такой агульнай для абедзьвюх краін дэмакратыі няма месца для дэмакратыі з антырасейскім душком, якая пакуль яшчэ тлее ва ўсходняй частцы Эўразьвязу»
.

Можна пагадзіцца з Вамі, спадар Алесь, у тым, што за 18 год Аляксандар Лукашэнка добра навучыўся супрацьстаяць апазыцыі з дапамогай гвалту: за гэты час тысячы апазыцыянэраў прайшлі праз суды, турмы, прыніжэньні, перасьлед на працы і вучобе... Ці магла апазыцыя ў такіх умовах дасягнуць перамогі? Спрэчнае пытаньне. Верагодна, магла, калі б іншай была рэакцыя большасьці грамадзтва на гэтае змаганьне, калі б яна, апазыцыя, глыбей ведала настроі і памкненьні ўласнага народу.

Натуральна, ні апазыцыя, ні грамадзтва не застаюцца нязьменнымі. Складана сказаць, якімі яны будуць праз паўтара дзесяцігодзьдзя. Так, Беларусь застаецца і ў агляднай будучыні працягне заставацца ў цеснай залежнасьці ад Расеі, ад тых працэсаў, якія там адбываюцца. Гэта, аднак, зусім не азначае, што расейская мадэль грамадзкага ўладкаваньня прыцягальная для большасьці беларусаў. Усе апытаньні грамадзкай думкі сьведчаць зусім пра іншае: каштоўнасьць незалежнасьці сваёй краіны ў вачах беларусаў з гадамі толькі ўзрастае, а за ўзор для перайманьня большасьць грамадзтва (асабліва людзі маладога веку) хочуць мець зусім не Расею, а менавіта краіны Эўропы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by