У Берасьці раздавалі ўлёткі пра Чарнобыль

Актывісты берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра наступствах Чарнобылю.
Як апавёў кіраўнік арганізацыі Ігар Маслоўскі, ва ўлётках паведамляецца, што ў многіх краінах адмаўляюцца ад атамнай энэргетыкі, а ў Беларусі будуюць АЭС, нягледзячы на наступствы Чарнобылю:

«На сёньняшні дзень ня скончыўся пэрыяд паўраспаду нават асноўных радыенуклідаў. 26 гадоў прайшло, а праблемы засталіся. У сваіх матэрыялах мы разьмясьцілі радыяцыйную памятку, якую і раздавалі берасьцейцам».

Акцыя доўжылася паўгадзіны на ажыўленых вуліцах Берасьця. Раздалі некалькі соцень улётак. Затрыманьняў не было.