Флэш-моб супраць Брэйвіка

У часе флэш-мобу

У Нарвэгіі прайшоў песенны флэш-моб супраць абвінавачанага ў тэрарызме Андэрса Брэйвіка, працэс у справе якога працягваецца.
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Скандынавіі Сяргей Джанян, у дзявяты дзень працэсу судзьдзі заслухалі паказаньні двух пацярпелых пры выбуху ва ўрадавым квартале нарвэскай сталіцы. Супрацоўнік міністэрства юстыцыі Нарвэгіі Харальд Фэскер пры выбуху атрымаў раненьні, якая пазбавіла яго зроку на 80%, а 20-гадовая студэнтка, якая праходзіла практыку ў міністэрстве, атрымала чэрапна-мазгавыя траўмы, якія прывялі да доўгачасовай амнезіі. У агульнай складанасьці, пры выбуху ў Осла загінулі 8 чалавек і 209 чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Андэрс Брэйвік, які застрэліў яшчэ 69 чалавек на востраве Ўтоя, узяў на сябе адказнасьць за напад, аднак вінаватым сябе не прызнае.

Апоўдні таго ж дня ў Осла адбыўся флэш-моб супраць Андэрса Брэйвіка. Больш за 40 тысяч нарвэжцаў, трымаючыся за рукі, прасьпявалі папулярную ў Нарвэгіі песьню «Дзеці вясёлкі», пра якую Брэйвік сказаў, што ненавідзіць яе, паколькі яна зьяўляецца прыкладам «марксісцкага прамываньня мазгоў». У акцыі пратэсту прынялі таксама ўдзел міністры культуры Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі, Даніі і Ісляндыі.