Сяргей Лазьніца: «У 2002-м Васіль Быкаў блаславіў мяне на пастаноўку «Ў тумане»

Сяргей Лазьніца, фота з сайту <a href="http://www.loznitsa.com/en/biography.html">loznitsa.com</a>.

Абвешчана праграма 65-га Міжнароднага Канскага кінафэстывалю. У асноўным конкурсе сёлета ўдзельнічаюць 22 стужкі. Расею будзе прадстаўляць фільм рэжысэра Сяргея Лазьніцы «Ў тумане» паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава. Гэта міжнародны кінапраект, яго ўдзельнікі — студыі пяці краінаў: «Беларусьфільм», MA.JA.DE Fiction (Нямеччына), кінакампанія «Джы Пі» (Расея), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрлянды). Сяргей Лазьніца апошнія 10 гадоў жыве ў Нямеччыне, але сам ён беларускага паходжаньня, родам з Баранавічаў. Іна Студзінская зьвязалася зь Сяргеем Лазьніцам, які завяршае працу над стужкай у Вісбадэне.
Сам рэжысэр Сяргей Лазьніца называе фільм, у аснове якога аднайменная аповесьць Васіля Быкава, драмай «пра чалавека, які спрабуе зрабіць маральны выбар у амаральных абставінах». Рэжысэра закрануў за жывое сюжэт гісторыі: здрадзіць сабе і стаць адлюдкам — або сысьці з жыцьця...

Кінасцэнар паводле аповесьці Васіля Быкава быў напісаны яшчэ на пачатку 2000-х, і менавіта ім тагачасны рэжысэр-дакумэнталіст хацеў дэбютаваць у ігравым кіно. Права на пастаноўку рэжысэр атрымаў незадоўга да сьмерці Быкава. Але тады зьняць фільм не ўдалося, кажа Сяргей:

«Я хацеў ставіць гэтую карціну яшчэ ў 2002 годзе. Я зьвязваўся з Васілём Быкавым. І можна сказаць, што Васіль Быкаў блаславіў мяне на пастаноўку. Ён даслаў, па-першае, дазвол на пастаноўку, і, па-другое, аркуш, на якім было напісана: «Ні пуху, ні пяра!»

Карэспандэнтка: «Захоўваеце дагэтуль?»

«Так, так!»

Карэспандэнтка: «Ну вось, як ні крыўдна, у Беларусі стаўленьне да Быкава з боку ўладаў ня вельмі добрае. Дамагаюцца людзі, каб была ў Менску вуліца Быкава, станцыя мэтро імя Быкава, і пакуль безвынікова. А Быкаў усё ж такі заслугоўвае большага...»

«Я думаю, у нейкай ступені фільм таксама будзе спрыяць гэтаму. Я думаю, шмат што і ад вас, беларусаў, залежыць. Калі вы так хочаце, трэба дамагацца, каб была і вуліца Быкава, і станцыя мэтро. Гэта павінна быць вашым рашэньнем, рашэньнем большасьці людзей, якія жывуць у Беларусі».

Карэспандэнтка: «Скажыце, а чаму ўсё ж такі здымалі фільм не ў Беларусі?»

«Так здарылася, што гэта ко-прадукцыя, вытворчасьць пяці краінаў, у тым ліку і Латвія брала ўдзел. Дарэчы, у Латвіі я знайшоў натуру, якая падышла вельмі добра для гэтай карціны. Я знайшоў дастаткова дзікія лясы, і мы там змаглі правесьці здымкі».

Карэспандэнтка: «У Быкава заўсёды такія складаныя героі, характары. Усё ж такі вы выбралі беларускага актора?»

«Так, гэта Ўладзімер Сьвірскі. Зноў жа: так атрымалася. Ён, на мой погляд, ідэальна падышоў на гэтую ролю. Кастынг я праводзіў не ў Беларусі, у Маскве. Валодзя Сьвірскі вучыўся спачатку ў Менску, потым у Расейскай акадэміі тэатральнага мастацтва ў Маскве. Ён толькі нядаўна скончыў акадэмію, і мне парэкамэндаваў яго іншы актор, Рыгор Дабрыгін, і калі я запрасіў Сьвірскага на кастынг, я адразу адчуў: „Так, гэта ён“. І толькі потым я даведаўся, што ён нарадзіўся і вырас у Беларусі, родам з Барысава. Так атрымалася...»

Карэспандэнтка: «Ну, а ў цэлым — такая інтэрнацыянальная каманда?»

«Здымачная група — так. Апэратар — Алег Муту з Румыніі, мы ўжо другую карціну разам здымаем. Гукарэжысэр зь Беларусі — Валодзя Галаўніцкі. Мастак-пастаноўшчык — з Расеі, Кірыл Шувалаў. Мастак па касьцюмах — Дарота Ракепла з Польшчы, грымёр — Тамара Фрыд, таксама з Расеі. Мой першы асыстэнт, вельмі важная фігура на здымачнай пляцоўцы, — Марцін Себік з Чэхіі. Майстар па сьвятле — зь Нямеччыны. Каманда была міжнародная, што мне вельмі і вельмі падабаецца».

Кадар зь фільму «Ў тумане», фота з inthefog-movie.com


Карэспандэнтка: «Другі ваш мастацкі фільм трапляе адразу ў Каны. Вось вы такі шчасьліўчык, вам шанцуе па жыцьці, ці гэта ўсё ж такі цяжкая праца?»

«Ну, ня ведаю... Зноў жа: так атрымліваецца. Можа, фільм нядрэнны. Можа, у гэтым уся справа...»

Карэспандэнтка: «У рэкордна сьціслыя тэрміны — за 28 дзён зьняты фільм. Як удалося зрабіць такую вялікую працу? Усё было добра прадумана, што так хутка зьнялі? І на якой стадыі цяпер фільм, ён гатовы да паказу?»

«Мы змаглі зьняць фільм у дастаткова кароткі тэрмін для ігравой карціны працягласьцю ў дзьве гадзіны толькі таму, што мы былі добра падрыхтаваныя да здымак. Для мяне вельмі важны падрыхтоўчы пэрыяд. Я пачынаў працу за год. Найбольш сур’ёзная і грунтоўная падрыхтоўка была за 3 месяцы да здымак, з рэпэтыцыямі, будаўніцтвам дэкарацый, пошукамі натуры, фактуры, прадметаў. І галоўны герой да здымак жыў і рэпэтыраваў разам са мной 2 месяцы, астатнія акторы таксама прыяжджалі на нейкі тэрмін. І мы змаглі зьняць так хутка яшчэ і таму, што каманда вельмі добрая. Мне ўдалося сабраць цудоўную каманду. Зараз мы завяршаем перазапіс. Застаецца яшчэ тыдзень працы над гукам, потым будзем друкаваць копіі. Я думаю, да Канскага фэстывалю пасьпеем».

Карэспандэнтка: «Сяргей, вялікі дзякуй вам. Дай Бог, каб вам пашанцавала і ў Канах. І, канечне, спадзяемся, што беларускі глядач у ліку першых убачыць ваш фільм, бо ня так шмат у нас экранізуюць цяпер Быкава. Спадзяемся, што ў Быкава знойдзеце яшчэ штосьці цікавае для экранізацыі».


Сяргей Лазьніца нарадзіўся 5 верасьня 1964 году ў Баранавічах на Берасьцейшчыне.

Скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут, працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце кібэрнэтыкі ва ўкраінскай сталіцы. У 1991-м паступіў ва Ўсерасейскі інстытут кінэматаграфіі на аддзяленьне рэжысуры ігравога кіно, які скончыў з выдатнай адзнакай. Працаваў рэжысэрам на студыі дакумэнтальных фільмаў у Санкт-Пецярбургу. У 2001 годзе эміграваў зь сям’ёй у Нямеччыну.

У актыве Сяргея Лазьніцы — тры поўнамэтражныя і восем кароткамэтражных дакумэнтальных стужак, а таксама ігравая карціна «Шчасьце маё».

Ляўреат расейскіх нацыянальных прэміяў «Ніка», «Лаўр», «Кінатаўр», мае дзясяткі міжнародных узнагародаў, прызоў за дакумэнтальныя стужкі на міжнародных кінафэстывалях у Карлавых Варах, Парыжы, Мадрыдзе, Ляйпцыгу, Ерусаліме, Таронта.

Прэм’ера мастацкага фільма «Шчасьце маё» адбылася ў траўні 2010 году ў Канах.