Сяброўцы Дзіянава не даюць спакою

Вячаслаў Дзіянаў

Як паведамляе прэсавая служба кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», 20 красавіка на памежным пераходзе Берасьце—Цярэспаль была зьнятая зь цягніка Маргарыта Лавышык — сяброўка каардынатара леташніх маўклівых акцый пратэсту Вячаслава Дзіянава.
Падчас асабістага надгляду ў яе былі канфіскаваныя ўсе носьбіты інфармацыі і ноўтбук, аднак пасьля гэтага яна была адпушчаная. Маргарыта расказала, што найбліжэйшым цягніком ёй удалося даехаць да польскага памежнага пераходу ў Цярэспале, дзе яе чакаў Вячаслаў Дзіянаў. На гэты момант маладыя людзі ўжо даехалі да Варшавы.

18 красавіка ў кватэру, якую Маргарыта Лавышык здымае разам са сваёй сяброўкай Крысцінай Кумейкай, уварваліся пяцёра невядомых. Маргарыту, якая размаўляла праз скайп зь Дзіянавым, схапілі і вывелі з кватэры. Увесь дзень ніводнае сілавое ведамства не прызнавалася ў тым, што дзяўчаты затрыманыя. Кампутар Маргарыты быў старанна правераны, была вынята ўся перапіска асабістага характару.

Увечары дзяўчаты знайшлася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму на завулку Акрэсьціна. 19 красавіка Маскоўскі раённы суд Менску разгледзеў адміністрацыйныя справы Лавышык і Кумейкі. Абедзьвюм прысудзілі штраф 15 базавых велічыняў — паўтара мільёна рублёў — паводле артыкулу 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Маргарыта Лавышык апавяла Свабодзе, што іх аштрафавалі, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы.

Вячаслаў Дзіянаў кажа, што Маргарыта ня ўдзельнічала ў кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», не займалася палітычнай дзейнасьцю і ў дзень затрыманьня якраз зьбіралася ехаць да яго ў Польшчу. Ён называе гэта помстай уладаў праз родных людзей тым, да каго яны самі ня могуць дацягнуцца.