Крывое люстэрка Мядзьведзева


Гісторыка Роя Мядзьведзева ў перабудовачны час чыталі мільёны. Да гэтай пары помняцца ягоныя артыкулы ў часопісе «Огонёк», адкуль чытачы на ўсім абшары СССР упершыню даведваліся праўду пра сталінскія канвэеры сьмерці, пра ператвораную ў Гулаг адну шостую частку зямной цьвердзі. Па той лімітаваны «Огонёк» людзі з самай раніцы сьпяшаліся да кіёскаў, займалі чэргі ў бібліятэках. Імя Роя Мядзьведзева стала тады сынонімам змаганьня за праўду, і гісторык не расчароўваў сваіх чытачоў — добрасумленна працаваў у архівах, акуратна абыходзіўся з фактамі, любога сталініста ў любы момант мог заткнуць за пас.

Здавалася б, тэмы сталінскага тэрору, тэмы рэпрэсій Рою Мядзьведзеву хопіць на ўсё жыцьцё. Толькі не лянуйся варочаць папяровыя гімалаі ў архівах ГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ, якія — трэба аддаць належнае сучаснаму кіраўніцтву Расейскай Фэдэрацыі — па-ранейшаму даступныя для дасьледчыкаў. Але шаноўнаму гісторыку, відаць, надакучыла займацца тэрорам і рэпрэсіямі. І праўда, тэма гэтая вымагае ня толькі інтэлектуальнай моцы, але і не слабых нэрваў. Трэба быць Аляксандрам Салжаніцыным, каб апісаць гулагаўскае пекла ўраўнаважаным пяром летапісца. Да таго ж, Сталін у сёньняшняй Расеі ізноў у грамадзкім фаворы, тэлеапытаньні залічваюць яго ў першую тройку знакавых дзеячаў расейскай гісторыі. Гулагам яшчэ працягваюць займацца энтузіясты «Мэмарыялу» дзе-небудзь у Архангельску ці Саляхардзе, а ў асяродку маскоўскіх гісторыкаў тэма гэтая неяк паступова-незаўважна стала непапулярнай.

І замеcт сутарэньняў Лубянкі Рой Мядзьведзеў стаў прыглядацца да Рэспублікі Беларусь і да яе харызматычнага кіраўніка. Прыглядаўся, трэба сказаць, нядоўга. У выніку ў таямнічым выдавецтве ЗАО «ББПГ» на сьвет зьявілася кніга пад назвай «Александр Лукашенко: контуры белорусской модели». Ухваленая ў адпаведных інстанцыях, яна стала абавязковай для дзяржаўных кнігарняў і чыноўніцкіх кабінэтаў, а таксама ўвайшла ў пералік тавараў, прызначаных на экспарт у краіны СНД, дзе яшчэ не забылі расейскую мову.

Чытаць гэтую кнігу мне было дужа некамфортна. І ня толькі з прычыны бясконцых хвалебстваў на адрас яе галоўнага героя, з-за чаго біяграфічны жанр цалкам капітуляваў перад агіяграфічным. Атрымалася гэткае «жыціе мае», як гаварыў адзін з герояў камэдыі «Іван Васілевіч мяняе прафэсію».

Паводле Роя Мядзьведзева, Аляксандар Лукашэнка здолеў стварыць у Беларусі вельмі эфэктыўную эканамічную мадэль — найэфэктыўнейшую ў СНД. Калі гэта сапраўды так і беларуская эканамічная мадэль насамрэч такая эфэктыўная, чаму тады зьнешні доўг РБ з кожным годам павялічваецца, а дзяржава, каб не збанкрутаваць, вымушаная прадаваць Расеі свае асноўныя прадпрыемствы, пачаўшы распродаж з Белтрансгазу?

У адрозьненьне ад свайго героя, які, і вокам не зьміргнуўшы, саманазываецца то гісторыкам, то эканамістам, то кім заўгодна, гісторык Мядзьведзеў з высновамі ў галіне эканомікі мог, вядома ж, памыліцца. І тут у мяне да яго асаблівых прэтэнзій няма.

Але ж і з беларускай гісторыяй Рой Мядзьведзеў абыходзіцца ня лепшым чынам. Дзе-нідзе перакручвае факты, а часам наўпрост уводзіць чытача ў зман. Можна толькі здагадвацца, хто яму прачытаў кароткі курс гісторыі Беларусі, але калі ты прафэсіянал, то абавязкова мусіш правяраць падсунутую табе інфармацыю. Не правяраў. Ці часу пашкадаваў, ці жаданьня не было, ці заказчык прысьпешваў.

І піша гісторык Мядзьведзеў у сваёй кнізе на поўным сур’ёзе, што «древний белорусский знак Погоня — с изображённым на нём всадником с копьём» (стр. 76). Ну, зблытаў чалавек старажытны герб магутнай калісьці дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага з сучасным гербам Масквы. З кім не бывае. Але бывае — і варона лапці абувае. А гісторыку з імем такая блытаніна не да твару.

Вядомую падзею ў Віскулях Рой Мядзьведзеў аналізуе з дапамогай кнігі нейкага З. Ісакава з вельмі вымоўнай назвай «Расчленение» (Масква, 1998). Відаць, адтуль жа шаноўны гісторык вывудзіў і векапомны факт, які паўтараецца ў кнізе двойчы (стар. 80 і 261): быццам супраць белавескіх пагадненьняў ў Вярхоўным Савеце Беларусі галасаваў адзін-адзіненькі дэпутат — Аляксандар Лукашэнка. Хоць даўно зафіксаванае другое імя — Валеры Ціхіня.

Блытаецца прыхільнік «беларускай мадэлі» і калі піша пра наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. Паводле яго, статус гэты беларуская мова атрымала дзякуючы фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Але ж названая фракцыя зьявілася толькі ў ВС 12 скліканьня, а Закон аб мовах з адпаведным артыкулам быў прыняты ВС БССР 11 скліканьня. Калі быць дакладным — 26 студзеня 1990 году. Што і засьведчана, напрыклад, у такой сур’ёзнай крыніцы, як энцыкляпэдыя «Беларуская мова» (Менск, 1994). Але наўрад ці Рой Мядзьведзеў ставіў перад сабой мэту — дакопвацца да першакрыніцаў ды зьвярацца з энцыкляпэдыямі...

Раздражняе сваёй павярхоўнасьцю і тэндэнцыйнасьцю гісторык і тады, калі піша пра «белорусско-русского (?) писателя» Васіля Быкава, пра «паэта і фатографа» Зянона Пазьняка, пра рэйтынг Лукашэнкі, які ніколі не апускаўся ніжэй за 85%, пра рэканструяваны яшчэ ў 2010 годзе Купалаўскі тэатар... Калі Мядзьведзеў пісаў пра тэатар, у ім яшчэ адбываліся прэм’еры, і рэканструкцыя нават не пачыналася. Толькі праз два гады пасьля выхаду кнігі будынак тэатру пачнуць «рэканструяваць», а фактычна — разбураць, забыўшыся, што ён зьяўляецца помнікам архітэктуры. Сёньня на тле Купалаўскага можна здымаць працяг савецкага сэрыялу «Руіны страляюць ва ўпор», і невядома яшчэ, чым тая «рэканструкцыя» закончыцца.

“Рэканструяваны”, паводле Р. Мядзьведзева, Купалаўскі тэатар


Але найбольш расчароўвае Рой Мядзьведзеў сваіх чытачоў, калі зьвяртаецца да, здавалася б, блізкай яму тэмы сталінскіх рэпрэсій. Ён піша: «В Беларуси нет памятников или мемориалов жертвам сталинских репрессий, как, например, в Казахстане. Массовые репрессии 1940-1941 годов не привлекли большого внимания белорусских исследователей». І далей (увага!): «Только 29 октября 2009 г. в «Советской Белоруссии» была апубликована статья главного редактора газеты П. Якубовича «Куропаты: мир под соснами».

Пасьля такіх «адкрыцьцяў» Роя Мядзьведзева можна з поўным правам прылічыць да почату сумнавядомых фальсыфікатараў беларускай гісторыі Лаўрэна Абэцадарскага і Якава Трашчанка. Бо можна з Масквы ня ўбачыць помнік у Маладзечне ці народны мэмарыял у Курапатах, але недаравальна для гісторыка сьвядома «забыцца» на Зянона Пазьняка, дзякуючы якому яшчэ ў 1988 годзе пра тыя самыя Курапаты даведаўся ўвесь сьвет. Ведае пра іх, несумненна, і сам Мядзьведзеў, якому, тым ня менш, на месцы Пазьняка ні з пушчы ні з поля прымроіўся Якубовіч. Шчыра кажучы, я ўсё чакаў, што апошні неяк запратэстуе, бо гэта называецца — пагрэцца ў промнях чужой славы. Але ніхто, здаецца, пратэставаць не зьбіраецца.

Напалеон цынічна называў гісторыю хлусьнёй, з якою ўсе пагаджаюцца. Магчыма, хлусьлівая гісторыя Роя Мядзьведзева таксама камусьці прыйшлася даспадобы. І найперш, напэўна, аднаму чытачу, чый парадны партрэт зьмешчаны на вокладцы кнігі і каго аўтар па-падхалімску называе «нязьменным камэндантам Беларускай крэпасьці». Відаць, кніга і пісалася насамперш для таго «камэнданта» — каб пацешыць ягоныя амбіцыі. Але астатнім 14 999 чытачам (гэткі наклад) кнігу Мядзьведзева чытаць я ня раю. Нават калі яна стаіць за шклом у вашым кабінэце. Бо ў кнізе той Беларусь выглядае — як у крывым люстэрку.