Стэфановіч: Будзем патрабаваць адмены прысуду

Валянцін Стэфановіч

Суд Першамайскага раёну Менску 29 сакавіка прыняў рашэньне аб спагнаньні з праваабаронцы Алеся Бяляцкага пені ў памеры 140 266 151 руб. і дзяржаўнага мыта 7 013 307 рублёў.
Паводле прысуду ад 24 лістапада 2011 году Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, спагнаньне кампэнсацыі за нібыта нанесеную ім «шкоду дзяржаве» ў суме 721 454 017 руб. і дзяржаўнага мыта — 36 072 700 руб. Грошы, дзякуючы складкам амаль 800 чалавек, былі цалкам сплачаныя яшчэ да разгляду касацыйнай скаргі. Аднак гэта не паўплывала на разгляд справы ў судзе вышэйшай інстанцыі.

І вось зь Бяляцкага яшчэ хочуць спагнаць амаль 150 мільёнаў.

19 красавіка праваабаронца Валянцін Стэфановіч і жонка Бяляцкага Натальля Пінчук наведалі падатковую інспэкцыю Першамайскага раёну.

Юрыст Валянцін Стэфановіч тлумачыць, што Падатковы кодэкс прадугледжвае толькі адзін варыянт, якім чынам можна, так бы мовіць, праіндэксаваць суму запазычанасьці — гэта пеня. Яшчэ падчас суду па крымінальнай справе пракуратура выставіла Бяляцкаму пазоў аб спагнаньні гэтак званай шкоды, якая складала каля 350 мільёнаў, і яе індэксацыі з улікам інфляцыі.

Пры гэтым пракуратура не спаслалася на ніводзін з нарматыўных актаў, дзе тлумачыцца, на падставе чаго разьлічваецца індэксацыя і якія каэфіцыенты прымяняюцца. У выніку суд праіндэксаваў суму так званай шкоды такім чынам, што яна была павялічаная ў 2,5 раза, і паўстала лічба ў 751 мільён рублёў. І гэтая сума была сплачаная. А цяпер суд хоча спагнаць яшчэ і пеню ў 140 мільёнаў. Такім чынам, агульная сума, якую мусіць заплаціць Бяляцкі, ператварылася з 350 мільёнаў у амаль 900 мільёнаў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч тлумачыць:

«Насамрэч тут пеня і можа быць, таму што іншых варыянтаў Падатковы кодэкс не прадугледжвае. І таму сума, якую можна спагнаць (тэарэтычна) — каля 500 мільёнаў. Але ніяк не 900 мільёнаў! Таму зараз будзе падавацца касацыйная скарга на гэтае рашэньне суду, гэта па-першае. Таму што разгляд справы прайшоў увогуле без удзелу прадстаўнікоў Бяляцкага. А па-другое, будзе падавацца яшчэ дадатак да нагляднай скаргі на імя старшыні Менскага гарадзкога суду (таму што сама асноўная скарга на прысуд Бяляцкага ўжо пададзеная). Па-першае, будзе ставіцца пытаньне пра адмену прысуду ўвогуле, паколькі пазыцыя наша не зьмянілася, мы лічым, што Бяляцкі не вінаваты. А па-другое, павінны пералічвацца ўсе памеры шкоды, таму што немагчыма і індэксаваць суму, і адначасова яшчэ пеню выкарыстоўваць. Гэта абсалютна неправавы падыход»