Сярэдні заробак беларуса — два стэйкі з мармуровага мяса

Аляксандар Лукашэнка двойчы за апошнія дні выказаўся пра ідэю заснаваць у Беларусі вытворчасьць мармуровага мяса.
13 красавіка, наведваючы Гомельскую вобласьць, ён даў загад новапрызначанаму намесьніку прэм’ер-міністра Міхаілу Русаму наладзіць вытворчасьць такога мяса да канца году. Прагучала нават інфармацыя, што ўжо набываецца адпаведная «лінія» і нібыта гэта «нядорага для дзяржавы».

А 17 красавіка, ужо ў размове з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам, Лукашэнка вярнуўся да гэтай тэмы больш канкрэтна:

«У раёне Прыпяці пустуюць велізарныя ўчасткі зямлі, на якіх можа пасьвіцца быдла. Да таго ж яно не патрабуе асаблівых умоў утрыманьня… Неадкладна трэба ўмяшацца. Трэба пабудаваць на Палесьсі завод па перапрацоўцы, паставіць лініі, гэта нічога не каштуе, гэта два месяцы — прывёз і змантаваў лінію, ажыцьцявіць там забой жывёлы, паглядзець, як эўрапейцы пакуюць, рыхтуюць гэтае мяса, аддаць нешта ў Менск, рэстараны гатовыя купляць гэтае мяса, а астатняе прадаць у Расею. Гэта вельмі добры бізнэс і прыбытак для нашых сялян».

Ці настолькі гэта танна для беларускай дзяржавы? Найлепш падыходзіць для вытворчасьці мармуровага мяса абэрдына-ангуская парода кароў. Адна абэрдынка каштуе больш за тры з паловай тысячы даляраў. Паводле найбольш таннай, амэрыканскай тэхналёгіі, у першыя паўгода цялят кормяць малаком, а з трох месяцаў — шматгадовымі травамі. Ва ўзросьце сямі месяцаў іх адсяляюць у асобныя загоны і дадаюць у рацыён адмысловыя харчовыя канцэнтраты.

Мармуровае мяса — далікатэс, вытворчасьць якога можа дазволіць сабе далёка ня кожная краіна. Усясьветныя лідэры ў гэтай галіне — ЗША і Аўстралія. Надта дарагі працэс вытворчасьці робіць рынак спажываньня такога мяса вельмі абмежаваным ва ўсім сьвеце. Японцы прадаюць сваё мармуровае мяса па 450 эўра за кіляграм. Стэйк зь японскага мармуровага мяса ў добрай эўрапейскай рэстарацыі можа каштаваць 500 эўра.

Як быць з плянамі прэзыдэнта «прывучыць беларусаў да нармальнага мяса»?
Сабекошт вельмі высокі. Таму і парадак коштаў таксама. Гэтае мяса нельга прадаваць як звычайную ялавічыну.

Станіслаў Марозаў — дырэктар кампаніі «Албіф», якая вырабляе мармуровае мяса ў Ліпецкай вобласьці. «Албіф» пазыцыянуе сябе як лідэр расейскага рынку. Але Марозаў кажа: «Пакуль усё цяжка. Даводзіцца прывучаць свайго спажыўца да ўжываньня мармуровага мяса». Хоць гаспадарка працуе ўжо 7 гадоў:

Станіслаў Марозаў: «Сабекошт вельмі высокі. Таму і парадак коштаў таксама. Гэтае мяса нельга прадаваць як звычайную ялавічыну. Патэнцыйных кліентаў трэба рыхтаваць да таго, што гэта зусім іншае мяса і зусім па іншых коштах».

Марозаў кажа, што гэтае мяса можна запякаць на грылі ці смажыць. «Але яго ніяк нельга пускаць на супы і катлеты. У Расеі іншы мэнталітэт спажываньня ялавічыны, чым у Эўропе. Думаю, што ў Беларусі таксама так. Пакуль гэта ўсё вельмі цяжка даецца».

Па словах Марозава, асноўны спажывец мармуровага мяса — чалавек з дастаткам сама меней сярэднім ці вышэй. Асноўныя кліенты ягонай кампаніі — рэстараны і дарагія супэрмаркеты.

У Менску некаторыя элітныя рэстараны падаюць стэйкі з аўстралійскага мармуровага мяса. Самы просты будзе каштаваць 300 тысяч. Самы дарагі, так званая пятая ступень мармуровасьці, — больш за мільён рублёў. Паводле зьвестак Белстату, за свой сярэдні даход беларус можа ў месяц купіць два такія стэйкі.

Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў, міністар сельскай гаспадаркі Беларусі ў 1994–1997 гг.: «Гэтым ужо займаліся ў Беларусі. І з прычыны абсурднасьці дадзенага праекту яго спынілі яшчэ пры Савецкім Саюзе. Прывозілі гэтых быкоў з мармуровым мясам. Але пасьля іх усіх парэзалі і аддалі грузінам, яны іх зьелі. Я ў Магілёўскай вобласьці працаваў, дык была ў Клічаўскім раёне такая фэрма. Мясная жывёла гэтая расьце на пашы практычна ўвесь год. А ў нашых умовах яго трэба сем месяцаў карміць. Мала таго, што кармы даражэйшыя, дык самі каровы, калі доўга стаяць, то ня могуць расьцяліцца. Ім трэба хадзіць па пашах, есьці траву, і тады ў іх нарошчваецца мяса. А ў нашых умовах гэтага няма».
Прывозілі гэтых быкоў з мармуровым мясам. Але пасьля іх усіх парэзалі і аддалі грузінам, яны іх зьелі.

Адна з самых важных характарыстык мармуровага мяса — яго экалягічнасьць. Ці будзе карыстацца попытам мяса жывёлаў, якія гадуюцца на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС? На гэтае пытаньне абавязкова давядзецца адказваць беларускаму ўраду, калі ёсьць пляны выходзіць на ўсясьветны рынак.

Тым ня меней Лукашэнка перакананы, што гэта выгадная справа, бо «сёньня ў Расеі шалёны попыт на гэтае мяса, а страва зь яго ў маскоўскім рэстаране каштуе 45 даляраў».

Таму мармуровае мяса, якое не зьядуць беларусы, можна адпраўляць «у Маскву». Па словах прадстаўнікоў Мяснога саюзу Расеі, расейскі рынак мармуровага мяса на дадзены момант не перавышае 1% ад усяго мяснога рынку. Кошты на мяса расейскай вытворчасьці складаюць ад 23 да 25 эўра за кіляграм.

Намесьнік выканаўчага дырэктара Мяснога саюзу Расеі Арсэн Гінасян пракамэнтаваў становішча рынку мармуровага мяса ў Расеі: «Гэта вельмі вузкі сэктар. Будзе няпраўдай сказаць, што на гэта ёсьць вялікі попыт. Толькі некаторыя рэстараны замаўляюць такое мяса. У Расеі ёсьць некаторыя кампаніі, якія гэтым займаюцца, але гэта такія мінімальныя абароты. Калі беларускія вытворцы думаюць пра гэта, то ніша ў прынцыпе вольная, але ці будзе ў гэтага попыт тут?»