Дзяніс Дашкевіч: Справу канчаткова завялі ў тупік

Дзяніс Дашкевіч ля суду.

Рагачоўскі раённы суд 17 красавіка не прыняў рашэньня па адміністрацыйнай справе ў дачыненьні да сябра стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Дзяніса Дашкевіча. Разгляд справы будзе працягнуты 25 красавіка.
Судзьдзя Ірына Малашкевіч, якая разглядала справу, патлумачыла, што ёй трэба атрымаць кансультацыю ў Вярхоўным судзе, суаднесьці матэрыял з заканадаўствам пра свабоду слова, іншымі законамі:

«У пратаколе было адно. Тое, што я пачула — гэта крыху іншае. А рашэньне трэба прыняць пісьменнае», — патлумачыла судзьдзя.

Дзяніс Дашкевіч як адказчык па справе не прызнаў прэтэнзіяў рэдактара газеты «Свабоднае слова» Андрэя Шышкіна і высноваў міліцэйскага пратаколу, які складаў участковы інспэктар Алег Лукашэвіч. Яны вінавацілі актывіста ў парушэньні аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў — паводле артыкулу 9.21 КаАП.

Актывіст патлумачыў, што не зьяўляўся адміністратарам незалежнага сайту vrogacheve.ru і ніякіх матэрыялаў з газэты «Свабоднае слова» на згаданы сайт ня ставіў. Ні рэдактар Шышкін, ні лейтэнант Лукашэвіч, які па даверанасьці прадстаўляў РАУС, не змаглі прывесьці канкрэтных доказаў таго, што менавіта Дзяніс Дашкевіч зьяўляецца адміністратарам сайту. Не вядомы ім і заснавальнік сайту. Участковы спасылаўся на пабочную ўліку — запіс на старонцы «Ўкантакце», дзе згадваецца мабільны тэлефон актывіста. Хто зрабіў гэты запіс, зь якой мэтай — незразумела.

Участковы ня змог патлумачыць, які пункт закону пра аўтарскія, сумежныя і патэнтныя правы Дашкевіч парушыў, калі дапусьціць, што менавіта ён разьмяшчаў на сайце матэрыялы з газэты. Адказ быў: «Ён парушыў артыкул 9.21 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях».

Галоўны рэдактар Шышкін у сваім рэдакцыйным статуце не знайшоў пункту пра перадачу супрацоўнікамі газэты эксклюзіўнага права на першачарговае выкарыстаньне аўтарскіх твораў. Нешта падобнае зафіксавана ў палажэньні пра ганарар. Але, як высьветлілася падчас судовага разьбіральніцтва, сайт vrogacheve.ru не перадрукоўваў матэрыялы з газэты «Свабоднае слова». Некаторыя супадзеньні ў тэксце судзьдзя заўважыла ў трох зь пяці інфармацыях, якія былі зьмешчаны ў інтэрнэт-вэрсіі газэты.

«Па сэнсе яны аднолькавыя», — тлумачыў лейтэнант Лукашэвіч як прадстаўнік органу, які распачаў адміністрацыйную справу.

Судзьдзя зьвярнула ўвагу, што ў газэце «Свабоднае слова» не было на той час спасылкі, што матэрыялы без дазволу рэдакцыі нельга перадрукоўваць. І Андрэй Шышкін гэта пацьвердзіў. У такім разе, чым жа было забаронена выкарыстаньне газэтных матэрыялаў на якіх-кольвечы сайтах, калі яны паступілі ў вольнае карыстаньне?

Шышкін: «Мною былі накіраваны тры лісты на сайт vrogacheve.ru. Я як праваўладальнік аформіў забарону ў пісьмовай форме і тым самым забараніў выкарыстаньне газэтных матэрыялаў».

Дзяніс Дашкевіч лічыць, што ўчастковы й рэдактар канчаткова завялі справу ў тупік, хаця яна тройчы вярталася ў міліцыю на дапрацоўку.

Андрэй Шышкін ад камэнтару адмовіўся. А ўчастковы інспэктар Лукашэвіч патлумачыў, што міліцыя атрымала гэтую справу па падведамаснасьці з пракуратуры.


Падчас судовага разьбіральніцтва на сайце vrogacheve.ru невядомы ўзломшчык зьмясьціў ад імя Дзяніса паклёпніцкі матэрыял на прадстаўнікоў дэмакратычнага руху ў рэгіёне.

«Выйшаў правакацыйны артыкул, дзе я асуджаю дзейнасьць усіх палітычных дэмакратычных сілаў. Я думаю, што спэцслужбы даведаліся, што працэс развальваецца і асуджаны на правал», — сказаў Дзяніс Дашкевіч.