Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка: «Адчуваньні ад волі фантастычныя!»

Зьміцер Бандарэнка і Андрэй Саньнікаў на «Ўсходнім» аўтавакзале.

Як правялі першы дзень на волі былыя палітвязьні Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка, як іх сустрэлі родныя, як сьвяткавалі Вялікдзень, якія ў іх пляны на будучыню?

І для Андрэя Саньнікава, і для Зьмітра Бандарэнкі вызваленьне было цалкам нечаканым. Спадар Саньнікаў прызнаўся, што не плянаваў свой першы дзень на волі, бо не плянаваў вызваленьня:

«Калі б плянаваў, то, натуральна, хацеў бы пабыць зь сям’ёй, Але гэтага не адбылося, таму што шмат людзей тэлефануе, я шмат размаўляю. Я незадаволены, што сапраўды ня змог пабыць з Данікам, зь Ірай. А адчуваньне — фантастычнае! Я заўсёды казаў і кажу: вось як толькі я пераступлю парог сваёй кватэры, адразу балячкі, якія былі, адыходзяць».

Карэспандэнтка: «Ну, а Данік як сустрэў вас? Пазнаў?»

«Данік спаў, таму што я вярнуўся ўначы. Быў такі пэрыяд, вельмі кароткі: хвілін 5–10, калі мы адзін да аднаго прыглядаліся. Я таксама хваляваўся, бо столькі часу прайшло, ён дарослы ўжо хлопец. Сапраўдны герой сустрэў. Пачалі ўзгадваць, што мы рабілі разам, як мы гулялі разам. Усё нармальна».

Карэспандэнтка: «Андрэй Алегавіч, а што зьдзівіла на волі? Можа, якія-небудзь сустрэчы, паглядзелі тэлевізар, інтэрнэт — першыя вашы зьдзіўленьні на волі?»

«Ні сустрэчы, ні тэлевізар, хоць я яго ня бачыў ужо паўгода. Зьдзіўляе, што я пакуль яшчэ эмацыйна стрымліваюся. Вось прызвычаіўся стрымліваць сябе і псыхалягічна, і эмацыйна, і не магу ўсе свае эмоцыі вызваліць».

Карэспандэнтка: «Ну, а пляны на бліжэйшую будучыню?»

«Пляны — жыць. Вярнуцца да звычайнага жыцьця. Жыць, і будзем думаць, што рабіць далей».

Зьміцер Бандарэнка даведаўся пра вызваленьне Андрэя Саньнікава ў суботу ўвечары па Радыё Свабода, якое ён пастаянна слухаў у магілёўскай калёніі. Шчыра прызнаўся: не чакаў, што яго таксама вызваляць так хутка:
Сям’я — гэта вельмі важна, і ў вязьніцы гэта разумееш на зусім іншым узроўні.

«Безумоўна, не ўдалося спакойна паразмаўляць з жонкай, бо вельмі шмат тэлефанаваньняў: сябры тэлефануюць, журналісты. Але дом ёсьць дом. Гэта такая асаблівая аўра... Прычым гэта было сьвята — праваслаўны Вялікдзень. І было шчасьце ўбачыць хаця б па скайпе сваю дачушку, якая цяпер у Варшаве, паразмаўляць з бацькам, па тэлефоне паразмаўляць зь сястрой. Сям’я — гэта вельмі важна, і ў вязьніцы гэта разумееш на зусім іншым узроўні».

Карэспандэнтка: «Зьміцер, вось вы сказалі, што слухалі ў калёніі нават Радыё Свабода. Але на волі вы, можна сказаць, „дарваліся“ да сродкаў масавай інфармацыі, да інтэрнэту, можа, схадзілі ў краму, паразмаўлялі зь людзьмі. Што зьдзівіла, што ўразіла на волі?»

«Гэта адчувалася і там, у калёніі, што ў Беларусі застой, што мы, мабыць, апошні анахранізм Эўропы, што мы проста не сучасная краіна. І гэта бачна і па тварах людзей, гэта бачна і па архітэктуры нават, па друкаваных выданьнях, у першую чаргу дзяржаўных. Вось гэтая застойнасьць кідаецца ў вочы. Таксама вочы людзей на вуліцах, іх твары кажуць, што ў людзей вельмі шмат праблем».

Карэспандэнтка: «І самыя бліжэйшыя пляны, першыя крокі на волі?»

«Я сёньня хачу сустрэцца з Андрэем Саньнікавым, пабываць у яго ў гасьцях, з Данікам паразмаўляць. Вядома, хачу заняцца здароўем, бо ёсьць сур’ёзныя праблемы. І, безумоўна, я адкрыты для ўсіх кантактаў — журналістаў, знаёмых, сяброў, незнаёмых людзей, якія за нас перажывалі, маліліся. Я хачу людзям падзякаваць, паразмаўляць зь імі, даведацца, чым людзі жывуць сёньня».