Севярынца могуць вызваліць 19 красавіка

Павал Севярынец

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Павал Севярынец можа быць умоўна-датэрмінова вызвалены 19 красавіка.
Севярынец паведаміў БелаПАН, што 19 красавіка надыходзіць тэрмін, пачынаючы зь якога яго могуць вызваліць умоўна-датэрмінова. «Аднак я ніякіх прашэньняў аб памілаваньні і ніякіх папер аб УДВ не пісаў. Хоць у „дзяжурцы“ мне кажуць, што вось Саньнікава і Бандарэнку вызвалілі, можа, і ты напішаш прашэньне. Але гэта, хутчэй, на ўзроўні заўваг, бо ўсе ведаюць — ніякага прашэньня аб памілаваньні я пісаць ня буду», — сказаў Севярынец.

Ён адзначыў, што няма «ніякіх знакаў, якія б сьведчылі пра магчымасьці вызваленьня». «Як правіла, камісія па УДВ зьбіраецца ў канцы месяца і разглядае не адно ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, а некалькі такіх спраў. Справа аб УДВ у дачыненьні да мяне можа быць разгледжана, а можа і ня быць», — паведаміў Севярынец.

16 мая 2011 году Севярынец, які падчас выбараў 2010 году кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны судом Заводскага раёну Менску на тры гады абмежаваньня волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пакараньне ён адбывае ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Брэсцкай вобласьці.