Пачаўся працэс над нарвэскім забойцам Брэйвікам

У сталіцы Нарвэгіі Осла пры ўзмоцненых захадах бясьпекі і пільнай увазе сродкаў масавай інфармацыі пачаўся судовы працэс ў справе Андэрса Брэйвіка, якога абвінавачваюць у забойстве 77 чалавек летась у ліпені.
На пачатку працэсу Брэйвік заявіў, што "не прызнае легітымнасьць нарвэскага суду".

Андэрс Брэйвік заклаў бомбу ў цэнтры Осла. Ахвярамі выбуху сталі 8 чалавек. Затым ён накіраваўся ў маладзёжны лягер сацыял-дэмакратычнай партыі на востраве Утэйя, дзе застрэліў 69 чалавек.

Хоць Брэйвік і прызнаўся ва ўчыненым, ён ня лічыць сябе вінаватым, заяўляючы, што забойствы былі неабходныя - ва ўмовах распачатай, на яго думку, «экспансіі ісламу» ў Эўропе.

Псыхіятрычная экспэртыза спачатку прызнала Брэйвіка псыхічна хворым, аднак у выніку паўторнага дасьледаваньня ён быў прызнаны здольным адказваць за свае дзеяньні.