Заўсёды быў упэўнены: закранаеш патрэбную і актуальную тэму — і Лёс (як вядома, адна з постацяў Боскай сілы) пасылае табе знак. Плянуючы цыкль карпаратыўных партрэтаў на фоне мяжы, вядома, мы не маглі абысьці тых, хто, кажучы словамі Маякоўскага, «к штыку приравнял перо», — калег-журналістаў. І тут — на табе! Беларускі саюз журналістаў нарэшце ўзьняў голас у абарону свабоды слова.
БСЖ маўчаў, калі штрафавалі журналістаў. Калі на працоўных месцах у іх праводзілі ператрусы, канфіскоўвалі працоўную тэхніку. Калі газэты выціскалі з друкарняў і сыстэмы распаўсюду. Калі ў радыёстанцый адбіралі частоты. БСЖ маўчаў, нібы вады ў рот набралі ўсе сябры яго кіраўніцтва адначасова. Уяўляеце карцінку: сядзяць — і намагаюцца не захлынуцца вадой.
Гэта, вядома, я кплю, бо — нядобры я. І не зьяўляюся сябрам гэтага самага БСЖ. І аштрафаваныя журналісты, канфіскаваныя кампутары, выгнаныя з друкарняў і пошты газэты, пазбаўленыя частот радыёстанцыі — гэта ўсё да БСЖ дачыненьня ня мае. Бо ўсё гэта — прыватнае.
Але ў статуце БСЖ, як мне здаецца, няма падзелу на прыватнае і дзяржаўнае. Гэта — па-першае.
А па-другое, заява, надрукаваная ў газэце «Рэспублiка», кажа пра прынцыпы, а ня толькі пра сяброў саюзу. Пра прынцыпы свабоды слова. І з гэтага пункту гледжаньня БСЖ, вядома, голас свой павінен быў узьнімаць штораз, калі свабоду слова абмяжоўвалі. І, вядома, ня толькі дзесьці ў злоснай і несправядлівай Эўропе, але і ў нас у краіне.
Але тады БСЖ маўчаў.
А дарэмна. Ня трэба было маўчаць. Анджэй Пачобут вельмі добра ў сваім блогу сказаў, да каго апэлююць спадар Лемяшонак з таварышамі: да той самай Эўропы, журналістаў зь якой беларускія ўлады першымі пачалі высылаць з краіны, абвяшчаць неўязнымі, ставіць ім штампы і да т.п. Праўда, Андджэй не дадаў да гэтага сьпісу яшчэ й расейскіх журналістаў: Аляксандра Ступнікава, Паўла Селіна, нарэшце, Паўла Шарамета, якога беларускія ўлады ў свой час «пазначылі» менавіта як супрацоўніка ўплывовага расейскага СМІ. Тады б БСЖ голас свой узвысіць — можа, сёньня не прыйшлося б скардзіцца.
Аднак «чорную метку» Эўрапейскага саюзу беларускія журналісты атрымалі не за сяброўства ў БСЖ. І нават не за асабістую пазыцыю. А за ўдзел у цалкам канкрэтных эпізодах палітычнай барацьбы, у якіх яны ўдзельнічалі і асабіста, і фармуючы пазыцыю падкантрольных ім пэрыядычных выданьняў і электронных мэдый, і, нарэшце, за асабісты ўнёсак у шальмаваньне палітычных апанэнтаў унутры краіны.
Пагадзіцеся: калі б Аляксандр Зімоўскі быў мірным спартовым аглядальнікам або яшчэ больш мірным аглядальнікам культурных будняў нашай маленькай, але вельмі ганарлівай краіны, — ніводны заходні сабака ня гаўкнуў бы на гэтага слана айчыннай мэдыя-індустрыі. Але ў мінулым у Аляксандра Леанідавіча праграма «Рэзананс», якая мела, шчыра кажучы, вялікі рэзананс ня толькі ў нашай краіне. Я ведаю некалькіх чыноўнікаў з эўрапейскіх МЗС, якія спэцыяльна прасілі калегаў з амбасадаў прывозіць ім запісы гэтай праграмы: верагодна, глядзелі для ўзмацненьня выкіду адрэналіну ў кроў. Так што, уключаючы спадара Зімоўскага ў сьпіс неўязных, Эўропа добра разумела, з кім менавіта яна мае справу.
Многія траплялі калектывамі. Скажам, у сьпіс былі ўключаны ўсе намесьнікі (на момант складаньня сьпісу) галоўнага рэдактара галоўнай газэты краіны — «СБ — БС». Уключаючы, зразумела, і самога Паўла Якубовіча, які атрымаў у 1991 годзе за абарону дэмакратыі ў СССР міжнародную журналісцкую прэмію «Залатое пяро». Гэтая «калегіяльная адказнасьць» пазьней дала падставу праціўнікам візавых санкцый крытыкаваць мэханізм іх увядзеньня: маўляў, уключылі ў сьпіс неўязных Ганну Шадрыну, якая на момант прыняцьця гэтага сьпісу ўжо звольнілася з газэты. Ды і ў самой газэце курыравала не палітыку, а так званы «другі сшытак» (культур-мультур, сацыялка і бытавуха).
Але гэты адзіны збой пацьвярджае агульнае правіла. Дакладней, правілы. Іх наогул можна назваць некалькі, але нас у дадзеным канкрэтным выпадку цікавіць два.
Першае. У сьпіс лёгка патрапіць, але цяжка зь яго выйсьці, пра што мы ўжо казалі.
І другое. Пэрсанальная адказнасьць пераходзіць у калектыўную, але і калектыўная адказнасьць распаўсюджваецца на ўсіх сяброў калектыву. У сыстэме ёсьць шрубкі, але ў грамадзтве — людзі. Дарослыя людзі. Якім належыць адказваць у тым ліку і за ўласны выбар. Ня хочаш працаваць — сыходзіш сам. Ня згодны — падаеш у адстаўку. Але калі застаўся — прабач, брат, сам выбраў свой лёс. Ня Лёс, а лёс. Пэрсанальны лёс. Індывідуальны.
Ганне Шадрынай не пашанцавала. Яна сышла сама. Пайшла — не зрабіўшы, наколькі дазваляюць судзіць яе ўласныя публікацыі, нічога, за што я асабіста мог бы яе сёньня асудзіць. Але крэсла, у якім яна працавала, у вачах Эўропы апынулася, мякка кажучы, мечаным. І Ганну Станіславаўну «памецілі». На мой вялікі жаль. Бо мы — сябры.
Я адчуваю, як пасьля гэтых маіх слоў напружыліся шматлікія чытачы гэтага тэксту. Але сказаўшы «А», я павінен сказаць і «Б». Таму што ў сьпісе «неўязных» апынуўся яшчэ адзін мой шматгадовы сябар — былы начальнік Шадрынай, Павел Якубовіч. Думаю, сам Павел Ізотавіч наўрад ці пагодзіцца з тым, што журналісцкія функцыянэры патрапілі ў «чорны сьпіс» справядліва — як наўрад ці пагодзіцца і з тым, што сам гэты сьпіс ёсьць прыкметай цывілізаванасьці боку, які яго прымае. Але ў душы ён, як мне здаецца, разумее: не патрапіў бы ён у гэты сьпіс, ня быў бы сёньня ані галоўным рэдактарам, ані членам Савету Рэспублікі. Так у свой час, па аповедах Васіля Лявонава, члены ўраду з трапятаньнем слухалі прамову прэзыдэнта на першым Усебеларускім народным сходзе, калі ён палохаў іх наяўнасьцю «ценявога кабінэта» ў апазыцыі — маўляў, прыйдзе апазыцыя, выкіне іх з кабінэтаў, пасадзіць сваю замену. Вось каго, думалі міністры, заменяць, той, значыць, да прэзыдэнта ляяльны, і ў яго ёсьць шанец ацалець. А хто «незаменны», таго сам Лукашэнка і выкіне пасьля рэфэрэндуму.
Якубовіч у сьпіс патрапіў задоўга да 19 сьнежня. Але пасьля 19 сьнежня яго імя фігуравала падчас так званых «нефармальных» гутарак са зьняволенымі: ва ўсякім выпадку, мяне асабіста пыталіся, ці меў Павел Ізотавіч нейкае дачыненьне да кампаніі «Гавары праўду!». І тады, і зараз кажу праўду: ніякага ня меў і ня мае. Але ведаю, што адразу пасьля прызначэньня членам Савету Рэспублікі — і да зьяўленьня памятнага тэксту «За кулісамі адной змовы» на старонках падведамнай яму газэты — па просьбе яшчэ адной маёй добрай знаёмай (нават аднаго) ён тэлефанаваў у «кампэтэнтныя органы» і цікавіўся, ці дастаўляюць мне ў камэру мэдыкамэнты. Пра гэты званок мне расказала адна са службовых асобаў, якая таксама сёньня фігуруе ў сьпісе неўязных. Распавяла тады ж — калі пасьля душашчыпальных гутарак мяне адводзілі пад канвоем і ў кайданках у камэру і абшуквалі на ўваходзе (як і на выхадзе) зь яе.
А нумары «СБ» з гэтым самым «закулісьсем» тады ад мяне хавалі. Відаць, баяліся, што мяне «кандрашка» возьме, калі прачытаю. Таму што ў турме кожны радок успрымаецца цалкам інакш — куды больш востра, чым на волі. І калі аднойчы мне проста забыліся даць нумар «СБ» у маю адзіночную камэру (справа была ў пятніцу), я двое сутак з глузду зьяжджаў зусім не ў пераносным сэнсе гэтага слова. Я ўжо прывык да таго, што з газэт выразаюць усё, што мае дачыненьне да маёй справы. І калі мне ня выдалі мой законны асобнік галоўнай газэты зоны пад назвай «Рэспубліка Беларусь», значыць ... Што гэта значыць? Што ўвесь нумар «Савецкай Беларусі» прысьвечаны мне.
А чаго я яшчэ павінен быў чакаць?
Я ўявіў сабе, што ўвесь нумар складаецца з лістоў працоўных, якія патрабуюць для мяне і для Ўладзімера Някляева сьмяротнага пакараньня. Інакш — якога чорта мяне трымалі пад замком столькі часу? Уявіў, што галоўны рэдактар газэты, прыхільнік вытанчанай фразы ў духу Уласа Дарашэвіча і цьвёрдай думкі ў духу Міхаіла Каткова, выпраўляе сваім залатым пяром заклікі «Ворагаў народа — да адказу!» і «Расстраляць як шалёных сабак!» І дым ад люлькі ахутвае яго, пахам дарагога тытуню казыча ноздры бізнэсоўцу альбо калекцыянэру, які толькі што зайшоў у кабінэт. А потым кава ...
Двое сутак я жыў у чаканьні сьмяротнага пакараньня.
Гэтыя двое сутак без «СБ» былі для мяне адзінай падзеяй, якую я гатовы і сёньня прызнаць катаваньнем.
А зь іншага боку, думаю я цяпер, да чаго дайшло наша грамадзтва, калі я ўяўляю свайго старэйшага сябра, які рэдагуе заклікі расстраляць мяне — і ня бачу ў гэтым нічога такога, што ў прынцыпе супярэчыла б сытуацыі, якая склалася. Ну, дапусьцім, не адрэдагаваў бы сам — але і ў адстаўку б не падаў. Чаго, зрэшты, ад Паўла Ізотавіча ніхто не патрабуе.
І я — не патрабую.
Некаторыя з «адзначаных» за асаблівыя заслугі дзеячаў беларускае мэдыйнае прасторы сьцьвярджаюць, што ім забаронены ўезд за іх асабістую грамадзянскую пазыцыю. Адважуся сьцьвярджаць, што гэта не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Таму што яны спасылаюцца пры гэтым на свабоду выказваньня меркаваньняў у краіне. Дык калі б была ў нас гэтая свабода, меркаваньне, скажам, спадара Гігіна, адлюстраванае ў СМІ, што выдаецца на сродкі падаткаплацельшчыкаў, было б ураўнаважана на старонках таго ж СМІ іншым меркаваньнем ...
Хоць — тут я схітрыў.
Баюся, што ў цывілізаваным грамадзтве яно таксама не было б ураўнаважана, бо там дзяржаўных мэдыяў, якія выказваюць чыё б там ні было меркаваньне, папросту няма. Як інстытуцыі — не. А меркаваньне — калі ласка, выказвай, колькі хочаш. На тое ты і журналіст, і грамадзянін.
Але калі ты працуеш у дзяржаўным СМІ, прычым тут журналістыка? У нашым выпадку гэта нават горш, чым у Савецкім Саюзе. Там былі Анатоль Аграноўскі, Тацяна Тэс і Яўген Богат (Павел Ізотавіч на гэтыя імёны, напэўна, настальгічна ўсьміхнуўся і пыхнуў дымам), а ня толькі Юры Жукаў і Эдуард Скобелеў, якія да штыха сапраўды прыраўнялі пяро. А сёньня ўсе са штыхамі — і хто без штыха, то толькі таму, што яму непасрэдна цяпер у бой не ўступаць. Дзяржаўная ідэалёгія прыраўняла беларускія СМІ да зброі масавага паражэньня розумаў, і толькі ў такой якасьці іх і разглядаюць эўрапейцы, якія звыклі да стандартаў Financial Times, Figaro і Gazety Wyborczaj. А хто ж пусьціць да сябе ў дом чалавека з невялікай нэўтроннай бомбай у торбе?
Тым больш, што выпадкі былі. Пускалі.
Скажам, беларускае тэлебачаньне страшна любіць паказваць інтэрвію з эўрадэпутатамі і дэпутатамі латвійскага Сайму, якія прадстаўляюць рускамоўных выбаршчыкаў. Ну, любіць і любіць сабе, і нават ганарыцца пры гэтым, што яны так цёпла адгукаюцца пра нашы беларускія рэаліі. Маўляў, і нас сёй-той на Захадзе прызнае за людзей.
Але вось паглядзім, скажам, як тую ж Латвію малююць на беларускім тэлебачаньні. Ну, «страна рабов, страна господ» (працытуем Лермантава) — гэта ўжо ў падсьвядомасьці, калі нашы тэлевізійнікі кажуць пра любую краіну, у якой перамог капіталізм. Аднак сказалі б хоць добрае слова! Яно ня тое што латышам — яно і латыскай котцы было б прыемна!
Не, не гавораць. Нягледзячы на тое, што таваразварот з нашай паўночнай суседкай у нас неяк катастрафічна вырас. Гэта — пры тым, што латвійскія дэпутаты рэгулярна ўздымаюць пытаньне аб захаваньні правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. Крытыкуюць — і гандлююць. Але вось беларускія журналісты, кажуць мне, нават падчас традыцыйнай экскурсіі ў Вэнтспілс, знаходзячыся на ўсім гатовым, шукаюць на чысцюткіх вэнтспілскіх вулачках якую-небудзь бамжаватага выгляду бабульку, каб даць ёй магчымасьць скарыстацца свабодай слова ў Беларусі.
Цяпер, кажуць, журналісты з тых жа мэдыя-рэсурсаў едуць у Вялікабрытанію. Уяўляеце, колькі абяздоленых бамжоў стане іх суразмоўцамі, напрыклад, падчас эдынбурскага тэатральнага фэстывалю?
Таму, спадары, ня жальцеся. Памятаеце (неўязны Рыгор Кісель напэўна памятае — ён, як паказвае практыка, наогул любіць анэкдоты) показку пра тое, як Гасподзь папярэдзіў прэзыдэнтаў некалькіх краінаў пра хуткі канец сьвету. Дык беларускі лідэр там проста радуе народ: «Бог мяне прызнаў легітымным!»
Таму можаце нават ганарыцца: Эўрапейскі Саюз вас прызнаў. Прызнаў і ацаніў па вашай жа вартасьці.
З чым і віншуем.
Папярэднія публікацыі сэрыі «Партрэт на фоне мяжы»: