Шчукін даказвае, што ён не хуліган

Валеры Шчукін

Актывіст і праваабаронца будзе аспрэчваць рашэньне Аршанскага суду, які аштрафаваў яго нібыта за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыянтам.
Разбор касацыйнай скаргі адбудзецца ў Віцебскім абласным судзе 18 красавіка.

30 сакавіка судзьдзя Тацяна Рыбакова аштрафавала спадара Шчукіна на 1 мільён 190 тысяч рублёў. Яна прызнала, што праваабаронца парушаў грамадзкі парадак у будынку аршанскага суду 29 сакавіка. У той дзень на знак пратэсту супраць таго, што працэс над палітыкамі Анатолем Лябедзькам, Сяргеем Калякіным і Аляксандрам Атрошчанкавым зрабілі закрытым, спадар Шчукін заблякаваў праход на трэці паверх, сеўшы ў дзьвярох. Пазьней супрацоўнікі міліцыі абвясьцілі, што пусьцяць у судовую залю некалькі чалавек. Валерыя Шчукіна затрымалі, калі ён выказаў жаданьне туды трапіць. Супрацоўнікі міліцыі гвалтам скруцілі яму рукі і на суткі зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Назаўтра праваабаронцу і журналісту прысудзілі два штрафы — 140 тысяч за хуліганства і 1 мільён 50 тысяч рублёў за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Валеры Шчукін будзе даводзіць, што судзьдзя Рыбакова парушыла ягоныя правы, пазбавіўшы дапамогі адваката. Той адвакат, зь якім ужо была заключана дамова, хадайнічаў аб пераносе судовага пасяджэньня на пазьнейшы час. Але судзьдзя хадайніцтва адхіліла, прапанаваўшы Шчукіну іншага адваката, за паслугі якога трэба было зноў заплаціць. Актывіст адмовіўся браць удзел у судовым працэсе і не адказваў на ніводнае пытаньне.

Цяпер ён зьбіраецца аспрэчыць судовае рашэньне, якое лічыць незаконным.