Віцебск: міліцыянты заміналі ўшанаваньню памяці ахвяраў тэракту

Плошча Перамогі, дзе дамовілася сабрацца віцебская моладзь, паўгадзіны была ў міліцэйскім ачапленьні. Двух чалавек затрымалі.
Праз сацыяльную сетку «Ўкантакце» хлопцы і дзяўчаты дамовіліся, што ў памяць ахвяраў тэракту ўскладуць кветкі каля сымбалічнага знаку геаграфічнага цэнтру Віцебску. Роўна год таму ля суседняга спуску ў падземны пераход таксама праходзіла ўшанаваньне памяці загінулых. Аднак сёлета супрацоўнікі міліцыі пагражалі затрыманьнямі ўсім, хто будзе ладзіць «акцыю» — менавіта так яны назвалі ўскладаньне кветак.

Моладзі давялося перайсьці на другі бок плошчы, да Вечнага агню, дзе амаль няма мінакоў. Сярод тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць ахвяраў выбуху ў менскім мэтро, была Тацяна Кавалёва, сястра расстралянага Ўладзіслава Кавалёва:

«Мы падышлі да Вечнага агню, запалілі сьвечкі, паклалі кветкі. Тут жа зьявіўся міліцэйскі „уазік“, супрацоўнікі міліцыі схапілі мужчыну з фотаапаратам, потым яшчэ аднаго хлопца. Мы ўскладалі кветкі, а побач стаялі людзі ў цывільным».

Your browser doesn’t support HTML5

Акцыя памяці ахвяраў тракту ў Віцебску


Абодвух затрыманых урэшце адпусьцілі пасьля «прафіляктычнай гутаркі» пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Паводле аднаго зь іх — незалежнага журналіста Зьмітра Казакевіча — прэтэнзіі супрацоўнікаў міліцыі былі да наяўнасьці фотаапарата. У нецэнзурных выразах маёр, які не назваў свайго імя, заявіў спадару Казакевічу, што прысутнасьць журналіста з фотаапаратам на імпрэзах такога кшталту будзе мець для яго кепскія наступствы.