Суд не аднавіў Стахаевіча на працы

Алег Стахаевіч

Лунінецкі раённы суд прызнаў законным звальненьне кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Алега Стахаевіча. Падтрымаць Алега прыехалі каля паўсотні лідэраў і актывістаў незалежных прафсаюзаў.
Алег Стахаевіч заявіў «Свабодзе», што лічыць незаконным рашэньне, якое вынес старшыня Лунінецкага суду Васіль Бельскі:

«Адмовілі ў пазове ў поўным аб’ёме. Усе нашы факты, усе нашы аргумэнты былі праігнараваныя. Усё дакладна так, як і з абскарджаньнем пазбаўленьня правоў у Берасьці. Анатоль Літвінка распавёў, што хадзіў пасьля суду ў кабінэт наконт скаргі Генадзя Паўлоўскага, якога таксама звольнілі. Ды заходзіць Бельскі і кажа на пракурорку: „Усё, мы з табой неўязныя“. А Анатоль яму кажа: чаго ён, маўляў, такі пэсымістычны... Сёньняшнія падзеі я магу акрэсьліць так: Лунінецкі суд даў трэшчыну».

Юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова, якая прадстаўляла інтарэсы Стахаевіча, адзначыла:

«З пункту гледжаньня працоўнага заканадаўства, прафсаюзнага заканадаўства мы свае патрабаваньні пацьвердзілі і абгрунтавалі. Аднак судовая пэрспэктыва гэтай справы мне была зразумелая, на жаль, загадзя. Канечне, рашэньне гэтае незаконнае, і выступленьне таго ж пракурора было юрыдычна няграматнае. З прававога гледзішча была вельмі слабая матывацыя пракурора.Там размова ішла пра мэтазгоднасьць перанавучаньня Стахаевіча. Апанэнты даводзілі, што гэта вызначае наймальнік. Хоць падчас звальненьня па гэтым артыкуле — гэта не яго права, а абавязак».
З пункту гледжаньня працоўнага заканадаўства, прафсаюзнага заканадаўства мы свае патрабаваньні пацьвердзілі і абгрунтавалі.

Спадарыня Яськова распавяла, што ўсе абставіны звальненьня Стахаевіча будуць прадстаўленыя міжнароднай грамадзкасьці і адпаведным міжнародным арганізацыям:

«Усе абставіны яго звальненьня ўжо зараз прымацаваныя да справы 2090 аб парушэньні правоў прафсаюзаў і працоўных у Беларусі. І ўсе гэтыя вынікі судовага разгляду мы таксама накіруем у Міжнародную арганізацыю працы ў дадатку да гэтай справы. І я думаю, што на вясновай канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы гэта будзе таксама прадметам разгляду. І, канечне, ня будзе стаяць пытаньня аб вяртаньні прэфэрэнцыяў. А паколькі абвастрыўся і на іншых прадпрыемствах ціск на незалежныя прафсаюзы, то магчыма, што будзе спэцпараграф».

Алега Стахаевіча звольнілі з «Граніту», пазбавіўшы перад гэтым правоў кіроўцы. Ён працаваў кіроўцам «БелАЗу». Пры звальненьні кіраўніку незалежнага прафсаюзу не прапанавалі ніякай іншай пасады на «Граніце», нягледзячы на тое, што ён мае адмысловую адукацыю.

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск з боку адміністрацыі.