«Маскоўскі» аўтавакзал могуць зьнесьці для «Газпрому»

Маскоўскі аўтавакзал

Менскія ўлады думаюць над прапановай «Газпрому» пабудаваць адміністрацыйны корпус на месцы аўтавакзала «Маскоўскі», заявіў старшыня гарвыканкаму Мікалай Ладуцька.
«Такія прапановы ёсьць. Цяпер мы знаходзімся на стадыі перамоваў», — сказаў Ладуцька ў інтэрвію sb.by.

«Аўтавакзал» Маскоўскі «сёньня загружаны менш чым на 60%. Гэта — не ключавое транспартнае ядро. Міжгароднія маршруты ў стане прыняць аўтавакзалы «Ўсходні» і «Цэнтральны», — адзначыў ён.

«З пункту гледжаньня помніка архітэктуры — вакзал такім не зьяўляецца. Таму казаць пра тое, што знос „Маскоўскага“ стане для гораду вялікай стратай, нельга», — адзначыў чыноўнік.

Мікалай Ладуцька

«Няхай лепш там зьявяцца фэшэнэбэльныя адміністрацыйныя будынкі сучаснага выгляду, арэнднае жыльлё, спартыўныя аб’екты, гандлёвыя комплексы, транспартная разьвязка. Гэта створыць новы стымул для адкрыцьця прадстаўніцтваў буйных замежных кампаніяў, банкаў, прыцягне дадатковыя фінансы», — перакананы Мікалай Ладуцька.

Аўтавакзал «Маскоўскі» быў спраектаваны яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагодзьдзя, але з-за цяжкасьцяў з фінансаваньнем будаўніцтва зацягнулася, і ён быў здадзены толькі 19 жніўня 1999 г. На 7-м рэспубліканскім архітэктурным форуме «Брэст-99» будынак атрымаў Гран-пры за лепшую пабудову году. У 2002 годзе будынак аўтавакзала быў прызнаны лепшым архітэктурным будынкам году.

«Маскоўскі» — адзін з найбуйнейшых аўтавакзалаў у Эўропе. Будынак умяшчае 600 чалавек, сутачная прапускная здольнасьць — 6 тысяч пасажыраў.

Штодня ад аўтавакзалу «Маскоўскі» адпраўляюцца 240 аўтобусаў прыгарадных зносін, 120 міжгародніх і 10 міжнародных, паслугамі аўтавакзалу карыстаюцца 3,2 тысячы пасажыраў у дзень.


Дырэктар аўтавакзалу «Маскоўскі» Ўладзімер Іванец камэнтаваць заявы старшыні Менгарвыканкаму ня стаў:

«У нас вакзалы ўсе загружаныя. Мы і павінны як мэханізм працаваць. Усю інфармацыю дае дзяржаўнае прадпрыемства „Менсктранс“, намесьнік генэральнага дырэктара Даноўская Ірына Эдуардаўна».

Ірына Даноўская таксама камэнтаваць адмовілася, накіравала да дырэктара філіялу «Менскі аўтавакзал» КТУП «Менсктранс» Аляксандра Бусьлюка.

«Ня буду даваць камэнтары. Чытайце інтэрвію спадароў Мілера, Ладуцькі. Мы сёньня — уласнасьць камунальная, мэр кіруе гэтай уласнасьцю, а ня я. Таму ён адкамэнтаваў. Ёсьць гаспадар — мэр. Вось ён даў інтэрвію. Таму — без камэнтароў», — заявіў Бусьлюк «Свабодзе».

Аб’екты, якія атрымліваюць Дзяржпрэміі, нельга так проста зносіць.

Старшыня Беларускага саюзу архітэктараў Аляксандар Корбут:

«Маё меркаваньне: яго ня трэба зносіць. Вельмі цікавы архітэктурны аб’ект. Ня так проста мы яго вылучылі на Дзяржаўную прэмію. І ня проста так ён яе атрымаў. Аб’екты, якія атрымліваюць Дзяржпрэміі, нельга так проста зносіць. Проста трэба думаць усім, у тым ліку і галоўным архітэктарам гарадоў. Выбачайце, у Варшаве, Бэрліне галоўных архітэктараў няма, але там усе вельмі дакладна выконваюць правілы. А ў нас і галоўны архітэктар гораду ёсьць, а безгустоўе і бязьмежжа — скрозь».

Аляксандар Корбут нагадаў, як два з паловай гады грамадзкасьць Санкт-Пецярбургу змагалася за тое, каб не будавалі хмарачос на стрэлцы Васільеўскага вострава. Тады спатрэбіўся ліст старшыні міжнароднага Саюзу архітэктараў Уладзімеру Пуціну, быў скліканы зьезд Саюзу архітэктараў Расеі — і грамадзкасьць перамагла «Газпрам».