Каваленку накіроўваюць у «Навінкі»

Сяргей Каваленка, фота ад 22 лютага

Разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе ў Віцебску прыпынены да заключэньня псыхіятраў пра стан здароўя Сяргея Каваленкі.
13:40 Экс-кандыдат у прэзыдэнты і былы палітвязень Аляксандар Казулін, які таксама трымаў галадоўку ў зьняволеньні, рашэньне суду ў справе Сяргея Каваленкі назваў вяртаньнем у самае дрэннае мінулае.

«Калі мы будзем глядзець не на фізычныя моманты прыняцьця гэтага рашэньня, а на маральныя, то гэта вельмі сур’ёзна. І думаю, што Каваленка змог дамагчыся вельмі сур’ёзных вынікаў. Бо калі ўлада прызнае, што нацыянальны сьцяг, гістарычны сымбаль і барацьба за яго — гэта „псыхіятрычная клініка“, то трэба разумець, што большая палова краіны павінна быць там. Улады вельмі баяцца. Калі паглядзець у глыбіню, то гэта паказвае вельмі многае. Трэба разумець, які цяпер час. Гэта вяртаньне ў самае дрэннае мінулае».

13:00 Актывіст БСДП (Грамада), гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч адзначае, што спазнаў на сабе карныя мэтады псыхіятрыі. Але кажа, што яму пашанцавала, бо яго не накіравалі ў «Навінкі». Новы паварот у справе Каваленкі Сідарэвіч называе чаканай рэакцыяй уладаў на мужныя паводзіны:

«Ня ўпісваюцца ў іх разуменьне такія паводзіны. Адмова ад ежы не азначае, што гэта ненармальныя паводзіны. Паўночна-ірляндзкія змагары галадавалі да самай сьмерці. І нікому ў Брытаніі не прыйшло ў галаву падвергнуць іх псыхіятрычнай экспэртызе. Раней пра парадкі ў „Навінках“ хадзілі страшныя гісторыі. Там было славутае 17-е аддзяленьне. Калі нармальнага чалавека туды зьмяшчаюць, то ён вельмі хутка просіцца адтуль і гатовы ісьці на ўсялякія зьдзелкі са сьледзтвам і з чым хочаце. Чалавек трымае да канца галадоўку, і вельмі карціць аб’явіць чалавека хворым і прыняць да яго прымусовыя меры. І тады яго можна, як кажуць, адзець у гэтую супакаяльную кашулю, прывязаць да ложка за ногі, за рукі, карміць зондам. Дужыя санітары знойдуцца, асабліва пераапранутыя хлопцы ў пагонах. Я ня думаю, што ад савецкага часу мэтады працы беларускіх псыхіятраў памяняліся».


Your browser doesn’t support HTML5

Выніковы рэпартаж Алеся Дашчынскага



12:40 Намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі мяркуе, што такі паварот у справе Каваленкі быў вызначаны яшчэ да судовага пасяджэньня, бо да разгляду самой касацыйнай скаргі не дайшло.

«Рэжыму не ўдалося зламаць Сяргея Каваленку, яго моцны дух. Рэжым атрымаў паразу перад гэтым адзіным чалавекам. Прызнаць сваю паразу яны ня могуць. Таму яны вярнуліся да практыкі рэпрэсіўнай савецкай псыхіятрыі: калі нельга чалавека зламіць, значыць, трэба абвясьціць яго псыхічна нездаровым і прымяняць да яго дзеяньні, якія маглі б яго зьнішчыць мэтадамі карнай псыхіятрыі.

Гэта адбылася сёньня вельмі сур’ёзная падзея. Ня толькі для Сяргея Каваленкі, але і для нашага грамадзтва. Грамадзтва мусіць вельмі сур’ёзна адрэагаваць на гэта. Было прадэманстравана, што любы чалавек можа быць падвергнуты расправе па-за законам. Вось так брутальна, цынічна, на вачах усяго грамадзтва.

Дэманстрацыя таго, што гэта можа быць, адбылася яшчэ ў фае суду, калі нам не дазволілі прысутнічаць ня толькі ў залі судовага пасяджэньня, але нават у фае. Пад пагрозай прымяненьня сілы нас выштурхнулі на вуліцу.

Тое, што адбывалася ў будынку і на працэсе — гэта трывожныя прыкметы для нашага грамадзтва. Грамадзтва мусіць яднацца, каб ратаваць Сяргея Каваленку. Каб яму не ўчынілі расправу ў псыхіятрычнай лякарні з выкарыстаньнем страшных псыхатропных сродкаў, брутальнае фізычнае катаваньне гэтага чалавека. Трэба, каб грамадзтва ўжыло ўсе свае высілкі дзеля выратаваньня жыцьця і здароўя гэтага чалавека».

11:45 Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч: «У прынцыпе, можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, Каваленку вызваляць ад адбыцьця пакараньня ў зьвязку з тым, што ён нібыта цярпіць на псыхічныя хваробы, і вынесуць меры прымусовага мэдычнага лячэньня. І я гэта расцэньваю як досыць трывожныя тэндэнцыі, якіх раней мы не назіралі. Відаць, такім чынам улады вырашылі яго вызваліць. Я бачу небясьпеку ў выкарыстаньні такіх новых, псыхіятрычных падыходаў. Улады, відаць, хочуць прадэманстраваць, чаму ён вывешваў сьцягі, бо, маўляў. чалавек хворы. Такі бачыцца сэнс у гэтых дзеяньнях уладаў. Там зачытвалі экспэртызу першую, калі была першая справа. То там сказалі, што Каваленка не цярпіць ні на якія псыхічныя захворваньні».

Алена Каваленка ля абласнога суду.


11:20 Алена Каваленка паведаміла: «Суд фактычна зноў быў закрыты, бо амаль нікога не пусьцілі, а ўсе месцы ў залі запоўнілі міліцыянтамі ў цывільным. Старшынёй калегіі быў судзьдзя Даўлюда, сябрамі — судзьдзі Сініцына і Башын. Пракурор той жа, які абвінавачваў Сяргея ў Першамайскім судзе Віцебску — Лутаў. Судзьдзя Даўлюда вельмі ціха прамаўляў, амаль нічога не было чуваць, а калі да яго зьвярнуліся, каб гаварыў гучней, ён ніяк не адрэагаваў. Адразу суд адхіліў усе хадайніцтвы майго мужа. Ён прасіў дапусьціць мяне да абароны ў якасьці грамадзкага абаронцы, прасіў зьмяніць яму меру стрыманьня і выклікаць сьведак інцыдэнту 7 студзеня 2010 году, калі яго зьбілі міліцыянты пасьля таго, як ён вывесіў на ёлцы сьцяг. Але хадайніцтвы не задаволілі. А потым судзьдзя спаслаўся на нядаўняе заключэньне лекараў, што ў Сяргея нібыта адхіленьні ў паводзінах, і суд вырашыў накіраваць яго на комплексную псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі. Пры гэтым сказалі, што фізычны стан яго нібыта нармальны, каб яго адправіць на гэтую экспэртызу».

Алена Каваленка мяркуе, што ўлады зьбіраюцца дыскрэдытаваць яе мужа, ягоную барацьбу і ідэалы. «Яго амаль зьнішчылі фізычна, а зараз хочуць зьнішчыць і маральна».

У другой палове 10 красавіка зь Сяргеем Каваленкам зьбіраецца сустрэцца ягоная маці Лідзія Каваленка.


10:40 Судовая калегія вырашыла прызначыць Сяргею Каваленку комплексную псыхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару (Навінкі). Разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Першамайскага суду Віцебску прыпынены да заключэньня псыхіятраў.

У судзе было прадстаўленае папярэдняе заключэньне псыхіятраў пра тое, што ў Каваленкі маецца псыхічнае расстройства, якое выяўляецца ў тым ліку і ў адмове ад ежы, паведамляе сайт "Вясна-96".

Экспэртыза мусіць высьветліць наступныя пытаньні:

  • ці пакутаваў Каваленка на псыхічнае захворваньне 7 студзеня 2010 году?
  • ці мог асэнсоўваць на той час свае дзеяньні?
  • ці пакутуе на псыхічнае захворваньне цяпер?
  • ці патрабуюцца да яго меры прымусовага лячэньня?
  • ці мае індывідуальныя асаблівасьці псыхічнага стану?


10:15 Ля будынку Віцебскага абласнога суду знаходзяцца намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі і актывіст партыі Алесь Чахольскі, якія прыехалі падтрымаць Сяргея Каваленку. Беленькі кажа, што іх абшукалі яшчэ на вуліцы непадалёк ад будынку суду, а ў сам суд не пусьцілі. Таксама міліцыянты забаранілі відэаздымкі праваабронцам каля суду, паведамляе Юрась Беленькі. Паводле яго, дзеяньнямі міліцыі кіруе капітан канвойнай службы, якому падпарадкоўваюцца нават афіцэры больш высокага званьня.

9:20 Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч паведамляе, што за гадзіну да пачатку суду вольных месцаў у судовай залі не было. На суд трапілі толькі сваякі Сяргея Каваленкі. Работнік суду тлумачыць гэта тым, што памяшканьне, прызначанае для разгляду касацыйнай скаргі, невялікае.

9:15 Будынак суду ачэплены, усярэдзіну не пускаюць.

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця «хатняй хіміі», якую атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

Ад 19 сьнежня 2011 Сяргей Каваленка галадуе на знак пратэсту супраць прысуду. У галадоўцы быў 20-дзённы перапынак, з 8 лютага галадоўка працягвалася бесьперапынна да пачатку красавіка.

На дадзены момант сябра КХП-БНФ Сяргей Каваленка знаходзіцца ў псыхіятрычным аддзяленьні віцебскай калёніі «Віцьба-3».

Алена Каваленка кажа, што 1 красавіка мужа пачалі прымусова карміць. Прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах апазыцыянэр адмаўляецца. Пры гэтым Каваленка заяўляе, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайны цывільны шпіталь.

«Сяргей выглядае вельмі дрэнна, — сказала Алена Каваленка пасьля сустрэчы зь ім 5 красавіка. — У першы час пры прымусовым кармленьні ён знаходзіўся ў паўнепрытомным стане. Адзін раз страціў прытомнасьць і адчуняў прывязаным да ложку. Потым ён быў прывязаны тры дні і тры ночы, яго нават не выпускалі ў прыбіральню. Акрамя таго, Сяргей прастудзіўся, у яго пастаянны кашаль з крывёю, што сьведчыць пра язву страўніка, якая адкрылася. У яго практычна не працуюць ныркі, печань і падстраўнікавая залоза»

9 красавіка адміністрацыя калёніі «Віцьба-3» не пусьціла да Каваленкі яго адваката. «Калі на разглядзе касацыйнай скаргі нічога ня вырашыцца, гэта будзе азначаць, што яго проста павольна забіваюць», — заяўляе Алена Каваленка.

Вызваленьня Сяргей Каваленкі патрабуюць праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі.

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марцін Шульц яшчэ перад пачаткам суду над Каваленкам заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць яго і аказаць усю неабходную мэддапамогу. «Рукі ўладаў Беларусі будуць у крыві, калі ён памрэ», — папярэдзіў Шульц.

З аналягічным заклікам да афіцыйнага Менску выступіла Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека: «Стан здароўя Каваленкі крытычны. Фэдэрацыя выказвае асьцярогу за яго жыцьцё, а таксама сур’ёзную занепакоенасьць магчымым ужываньнем да яго прымусовага псыхіятрычнага лячэньня».

У Сяргея Каваленкі двое маленькіх дзяцей — сямігадовы сын і васьмімесячная дачка, нагадвае БелаПАН.