Памерла Арына Вячорка

Яна пайшла з жыцьця ў Вільні 9 красавіка. Арына Вячорка — пэдагог, грамадзкі дзяяч, ініцыятарка адраджэньня рыцарскага руху Беларусі.
У аэрапорце ў Вільні 5 красавіка з Арынай здарыўся інсульт. Ад таго часу яна заставалася ў коме.


Арына ВЯЧОРКА (Ірына Паладзеўна Ползік).

14 красавіка 1961, Менск — 9 красавіка 2012, Вільня

Беларускі пэдагог, грамадзкая і культурная дзяячка, ініцыятарка адраджэньня рыцарскага руху і гістарычнай музыкі Беларусі.

Па адукацыі матэматык. Скончыла асьпірантуру пры БДУ у спэцыяльнасьці «гісторыя пэдагогікі»; Вышэйшую школу грамадзкіх прафэсіяў у спэцыяльнасьці «мэнэджэр культуры» (Познань).

Працавала ў беларускіх школах Менску, у Лябараторыі філязофіі і гісторыі адукацыі Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Аўтар артыкулаў з гісторыі беларускай пэдагогікі, гісторыі матэматыкі і тэхнікі Беларусі для «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», «Гісторыі беларускай навукі і тэхнікі». Укладальніца двухтомнай бібліяграфіі гісторыі беларускай пэдагогікі.

Сузаснавальніца першага беларускага нефармальнага згуртаваньня новага часу «Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня» (1980–1985). Удзельніца руху за адраджэньне беларускае школы з 1983 году. Сузаснавальніца моладзевага адраджэнцкага згуртаваньня «Талака» (1986–1988).

Адна з арганізатараў дзіцячага летніку «Грунвальд» (1992).

З 1993 заснавальніца рыцарскага руху Беларусі. Стваральніца і кіраўніца Беларускага рыцарскага клюбу, пазьней клюбу «Вялікае княства» (1996–2007).

Арганізатар першага рыцарскага турніру ў Лошыцкім парку, моладзевага этнагістарычнага сьвята «Лошыцкі фэст»; выездаў на рыцарскі турнір у Голуб-Добжынь (1995); на інсцэніроўку Грунвальдзкай бітвы (1996), у Чэхію (Млазавіцэ, 1997), першай паездкі дэлегацыі беларускіх рыцарскіх клюбаў на Грунвальдзкую бітву (Ольштын, 1998), сьвяткаваньня ўгодкаў Грунвальдзкай бітвы у Менску з 1996 па 1999 гг.

Стваральніца першага праекту гістарычнай музыкі «Легенды Bялікага Kняства» (2000–2001), альбома гістарычнай музыкі «Старажытная зямля» (2005), сэрыі «Беларуская музычная калекцыя»: «Постфольк», «Музыка Вялікага Княства Літоўскага», «Беларускі музычны авангард», «Сьпевы Беларусі», «Мэдываль», «Вясковая лірыка» (2007–2009) і шэраг іншых.

Арганізатарка больш як 100 канцэртаў старадаўняй і фальклёрнай музыкі «Легенды Вялікага Княства», «Старадаўняя музыка Беларусі і Эўропы» ды іншых.

Прадусар гурту «Стары Ольса», музычнага праекту «Вір». Кансультант музычнага праекту «Гістарычны эпас», фільма «Старадаўнія музычныя інструменты Беларусі».

Адна з арганізатараў нацыянальных конкурсаў маладых выканаўцаў старадаўняй музыкі «У гонар каралевы Боны» (Менск, Наваградак, 2005–2006).

Адна з заснавальнікаў Беларускага клюбу лютністаў (2008).

Намесьніца дырэктара ААТ «Новая музычная кампанія» (2007–2009), намесьніца дырэктара выдавецтва «Каўчэг» (з 2009). Каардынатар міжнародных праектаў Дома сустрэчаў «Мікушэва» (Польшча, з 2011). Адна з кіраўнікоў этнагістарычнага цэнтру «Явар», супрацоўнічала з Белдзяржфілярмоніяй, «Моладзевым Тэатрам Эстрады». Аўтар праекту «Ноч музыкі» ў Белдзяржфілярмоніі (2010).

Дзеці — Радаслава, юрыст; Францішак, журналіст, грамадзкі актывіст; Ружана, школьніца. Унук Даніла.

• Гісторыя аднаго цуду: Арына Вячорка

• Анкета Свабоды: Арына Вячорка