Менск гатовы вярнуць сваіх паслоў у Варшаву і Брусэль

Афіцыйны Менск гатовы ня толькі прыняць эўрапейскіх амбасадараў, але і вярнуць беларускіх паслоў у Варшаву і Брусэль.
Пра гэта паведаміў агенцтву БЕЛТА прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Беларусь адклікала двух сваіх амбасадараў – пры Эўразьвязе і ў Польшчы – ў лютым, пасьля таго, як ЭЗ пашырыў санкцыі супраць афіцыйнага Менску і пасьля ад'езду эўрапейскіх паслоў.

Таксама сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што афіцыйны Менск гатовы да вяртаньня эўрапейскіх амбасадараў у Беларусь, але справа кожнага дыплямата будзе разглядацца асобна.

У сваю чаргу, Мая Кацыянчыч – прадстаўніца ачольніцы замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Кэтрын Эштан – заявіла сёньня ў інтэрвію нашаму радыё, што эўрапейскія амбасадары будуць вяртацца ў Беларусь скаардынавана – гэтак жа, як і пакідалі краіну.