Мартынаў: Тэма палітвязьняў ня мае ніякага дачыненьня да адносінаў з Эўропай

Сяргей Мартынаў

Мартынаў загаварыў пра палітьвязьняў і праблемы ў стасунках з Эўразьвязам.
У Менску ня зьвязваюць пытаньне разьвіцьця адносін з Эўразьвязам з вызваленьнем асуджаных палітыкаў.

Пытаньні памілаваньня асуджаных прадстаўнікоў апазыцыі ніякім чынам не зьвязанае з праблематыкай узаемаадносін Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў.

«Гэтая тэма ня мае ня тое што непасрэднага — ніякага дачыненьня да ўзаемаадносінаў з Эўрапейскім Зьвязам», — сказаў міністар.

«Беларусь не зацікаўленая ў эскаляцыі цяперашніх рознагалосьсяў, якія, на жаль, у нас ёсьць. Наадварот, мы прапануем дээскаляцыю — сказаў Мартынаў на нарадзе па пытаньнях зьнешняй палітыкі.

«Мы прапаноўвалі канкрэтныя крокі Эўразьвязу, якія, калі б да нас прыслухаліся, ужо сёньня прывялі б да дээскаляцыі сытуацыі. На жаль, яе пакуль няма», — канстатаваў кіраўнік беларускага МЗС.

Нягледзячы на гэта, падкрэсьліў С.Мартынаў, «Беларусь, праяўляючы добрую волю, гатовая далей працаваць разам з нашымі партнэрамі ў ЭЗ, з тым, каб знайсьці ўзаемапрымальныя разьвязкі гэтай сытуацыі», цытуе Мартынава Інтэрфакс.

«Цяпер, калі Эўразьвяз зьвяртаецца да нас з прапановай пра вяртаньне амбасадараў, мы, шчыра кажучы, паціскаем плячыма і кажам: „А мы ж вас не адпраўлялі, ня супраць таго, каб вы вярталіся“. Але трэба зрабіць, каб гэта было асэнсавана і зразумела людзям».

«Калі яны вернуцца, а ў красавіку будуць зробленыя нейкія санкцыйныя захады, то што гэта за дыялёг такі? Мы ў гэтай тэме зусім адкрытыя. Амбасадары — гэта канал дыялёгу, і, вядома, яны павінны працаваць у краінах, на дабрабыт у адносінах паміж гэтымі краінамі», — заявіў міністар замежных спраў.

«Мы не прасілі эўрапейскіх амбасадараў адсюль зьяжджаць (...) Так, мы прапаноўвалі зьезьдзіць на кансультацыі двум канкрэтным амбасадарам. І мелася на ўвазе, можа, на тыдзень. (...) Крок у адказ Эўразьвязу быў відавочна непрапарцыйны, масіраваны. Але гэта была іхная ініцыятыва», — падкрэсьліў Сяргей Мартынаў.


28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры Эўразьвязе. Апрача таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам Эўразьвязу і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў.

Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў для кансультацыяў.