«Пакуль ляціць страла» — гэта сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэчаў у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах.
Кнігу можна спампаваць і чытаць у pdf-фармаце
Калі хочаце атрымаць кнігу, калі ласка, дашліце заяўку на электронную пошту rferl.minsk@gmail.com У тэме ліста пазначце: «Пакуль ляціць страла».
Таксама заяўку можна пакінуць на нашых старонках у сацыяльных сетках:
Facebook
Vkontakte
Заяўкі прымаюцца і на тэлефон-аўтаадказьнік: + 375 172 66 39 52.
Your browser doesn’t support HTML5
Уступнае слова Аляксандра Лукашука
Страла Адысэя
Ἄνδρα μοι ἔννεπε, Μοῦσα, πολύτροπον, ὅς μάλα πολλὰ...
Гамэр
Пра мужа мне раскажы, Муза, які жыве ў дарозе
Ад часу, калі сьцяг яго любы чырвоны на белым
Барбар на стужкі ірваў і сьмяяўся, і паэт у гісторыку
Даў клятву: ніколі не адмовіць нікому, хто кліча і хоча
Пачуць зь першых вуснаў праўду пра ўсё, што было
На зямлі гэтай, пра герояў і юдаў яе, пра нядолю і славу,
Пра каханьне і здраду, балі і бітвы, перамогі і страты,
Якія ня страчаны конча, а ёсьць вечным скарбам,
Нашай казной невычэрпнай, пакуль мы шануем і помнім,
І келіх, і меч і пяро ўздымаем, бо ўсё гэта ёсьць,
Бо было, а, значыць, і будзе, і мова, і сьцяг, і пасад
Між народаў, і тое вясельле апошняе, калі Радзіма,
Як Пэнэлёпа, дасьць лук жаніхам і той, хто нацягне
Цяціву, мусіць пацэліць стралой праз тузін калец,
І першае зь іх — гэта гонар, другое — адвага,
Трэцяе — мужнасьць, чацьвертае — годнасьць,
Пятае — цьвёрдасьць, а шостае — мудрасьць,
Сёмае — гэта цярплівасьць, а восьмае — хітрасьць,
Дзявятае — шчырасьць, дзясятае ёсьць справядлівасьць,
І адзінаццатае — вернасьць сабе, й таямнічае самае
Дванаццатае — любоў узаемная, якая была, ёсьць і будзе
На берагах Дзьвіны, пад званамі Сафіі, у кельлі Еўфрасіньні
За часам чумы і ў снах імпэратара, на дзікіх палях
І паромах Ля-Маншу, у кавярнях Вільні і гасподах Прагі,
На хвалях свабоды, у ложках каханак і нетрах радаводу
Імёнаў, якія зьмяніліся і якія ніколі ня зьменяцца,
Пакуль ляціць страла кучаравага полацкага Адысэя.
Першыя водгукі на кнігу
Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру паэт Андрэй Хадановіч: «Кніга Арлова — яго эпісталярная спадчына»
«Новая кніга Ўладзімера Арлова парадаксальная, як тая апорыя Зянона, да назвы якой яна страляе. Страла, якая ляціць, але разам з тым у кожны момант знаходзіцца ў спакоі.
Сама форма пытаньняў і адказаў — моцная спакуса скаціцца да простай і ідэалягізаванай формы кшталту катэхізісу. Памятаеце — „Катэхізіс маленькага паляка“ альбо „Ня быць скотам“ Янкі Купалы, які геніяльна выконвае Міхалок і „Ляпіс Трубяцкой“? Гэта не катэхізіс, гэта ня вера беларуса ў пытаньнях і адказах, хоць Арлоў у сваёй кнізе прамаўляе вялікую колькасьць істотных для яго рэчаў, у якія ён верыць, якія ён ведае і якімі ён хоча падзяліцца з чытачом. У ёй шмат гістарычнага матэрыялу. Я б кнігу Арлова разглядаў як яго эпісталярную спадчыну, як форму адкладзенай перапіскі з чытачамі.
Што не дае гэтай кнізе выглядаць лінейнай і аднамернай? Гэта, з аднаго боку, эрудыцыя, вялікая абазнанасьць аўтара. З другога боку, кніжка бліскуча зробленая стылістычна, зробленая афарыстычна, зробленая не без пачуцьця гумару, не бяз тонкай іроніі».
Паэт Алесь Аркуш: «У кнізе Арлова прысутнічае і частка майго жыцьця»
«Гэтая кніга мне блізкая ня толькі таму, што я аматар творчасьці Ўладзімера Арлова, якога прачытаў ад коркі да коркі ўсяго, але яшчэ і таму, што ў гэтай кнізе напісана шмат рэчаў, якія мне блізкія і па жыцьці. Напрыклад, Уладзімер Арлоў піша пра літаратурнае аб’яднаньне „Крыніцы“, якое было ў Наваполацку. І частка майго жыцьця, бадай, самага лепшага, самага цікавага, самага сяброўскага, самага цёплага — вось гэтая частка і належыць да таго пэрыяду, калі існавала літаб’яднаньне „Крыніцы“ ў Наваполацку, якое ўзначальваў Уладзімер Арлоў. І шмат адказаў Уладзімера Арлова як бы закранаюць і частку майго жыцьця, бо мы жылі побач у Наваполацку, бачыліся штодня, сустракаліся, ладзілі імпрэзы разам, і ў вандроўкі хадзілі, у намёце жылі. Для мяне сапраўды гэтая кніжка блізкая і дарагая ў тым сэнсе, што там прысутнічае і частка майго жыцьця».
Пісьменьніца Ірына Жарнасек: «Настальгію выклікала эсэ «Наша родная Андора»
«Новая кніга Арлова, відаць, надзвычай лягічная для яго: уявіць, колькі ён правёў сустрэчаў за сваё жыцьцё літаратурнае — то, напэўна, ён і сам гэта ня зьлічыць. І, напэўна, ня 100 пытаньняў яму было зададзена за гэтыя сустрэчы. Мне было сапраўды цікава і пачытаць гэтыя адказы, і нешта новае пачуць.
Яшчэ такую настальгію выклікала цікавае эсэ (дарэчы, першы раз гэта пачула) — „Наша родная Андора“, дзе ён піша пра Паўла Ксавэра Бжастоўскага, які ў свой час узяўся за стварэньне справядлівага грамадзтва ў сваім асобна ўзятым маёнтку. Мне так міла прыгадаліся тыя часы, калі ў нас яшчэ былі „Крыніцы“ — літаратурнае аб’яднаньне, і калі мы з Сокалавым-Воюшам марылі, што створым нешта накшталт справядлівага грамадзтва на возеры Асьвея, там такая цудоўная выспа ёсьць. Марылі, што ўздымем там бел-чырвона-белы сьцяг, які ў нас ніхто не адбярэ, у нас будзе там свая рэспубліка, Воюш, вядома, прэзыдэнт, а мне, здаецца, ці не міністра культуры пасада была прызначана. Потым, вядома, Сокалаў зьехаў у Амэрыку, я засталася міністрам без пасады, а на высьпе той — ня ведаю, ці пасуцца цяпер каровы... Наша мара ня зьдзейсьнілася. Але, прачытаўшы эсэ Ўладзімера Арлова, я ўспомніла нашу такую сьмешную мару. Я шчыра віншую яго з новай кнігай. Вельмі хораша, што яна ёсьць».
Бард Зьміцер Бартосік: «Арлова чытаюць і вытанчаныя сталічныя эстэты, і будаўнікі з правінцыі»
«Сказаць, што новая кніжка Арлова знойдзе свайго чытача — гэта значыць сказаць глупства. Бо чытач у гэтага пісьменьніка ёсьць даўно, гэтых чытачоў тысячы, калі ня сотні тысяч. І можна ўжо з жалем канстатаваць, што ня ўсім чытачам Арлова пашчасьціць прыдбаць ягоную новую кнігу. Бо новая кніга Арлова для ягонага чытача — заўсёды радасная падзея. І для тых, хто ўпершыню пазнаёміўся з аўтарам, дзякуючы ягонай першай кнізе „Добры дзень, мая шыпшына“, і для тых, хто толькі нядаўна адкрыў для сябе гэтага творцу. Яго з захапленьнем чытаюць і вытанчаныя сталічныя эстэты, і будаўнікі з правінцыі. І сакрэт гэтай папулярнасьці, мне здаецца, у спалучэньні трох рэчаў: энцыкляпэдычнай эрудыцыі, суб’ектыўнага погляду на беларускую мінуўшчыну і будучыню, а таксама непаўторнага арлоўскага гумару.
На днях у мэтро пабачыў прыгожую дзяўчыну з кнігай у руцэ, прыгледзеўся — гэта былі „Сланы Ганібала“. Я спачатку зьдзівіўся, што прыгожыя паненкі яшчэ чытаюць кніжкі, але мяне зусім не зьдзівіла, што гэта была кніга Арлова».
Уладзімер Арлоў
Нарадзіўся ў Полацку ў год Зьмяі паводле ўсходняга календара і ў год сьмерці Сталіна паводле календара савецкага. У дзяцінстве марыў стаць дзяўчынкай, потым — вадалазам, патолягаанатамам, журналістам, шпіёнам. Вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, якому ўдзячны не за атрыманыя веды зь беларускай мінуўшчыны, а за разуменьне таго, што якраз гэтых ведаў студэнтам там і не давалі.
Першыя творы надрукаваў у студэнцкіх самвыдавецкіх альманахах «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца», пасьля чаго мусіў пазнаёміцца зь літаратуразнаўцамі ў цывільным.
Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», адкуль у 1997 годзе быў звольнены «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы».
Дэбютны празаічны зборнік «Добры дзень, мая Шыпшына» выдаў у 1986-м, пасьля чаго выйшлі яшчэ трыццаць кнігаў прозы, эсэістыкі й паэзіі, у тым ліку «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род», «Ордэн Белай Мышы», «Час чумы», «Каханак яе вялікасьці», «Сланы Ганібала», «Адкусі галаву вароне», «Фаўна сноў», «Імёны Свабоды», «Краіна Беларусь», «Паром празь Ля-Манш».
Ляўрэат міжнароднай прэміі «Эўрапейскі паэт свабоды» (Гданьск, 2010).
Марыць, каб ягонае эсэ «Незалежнасьць — гэта...», напісанае ў 1990 годзе і перакладзенае больш чым на дваццаць моваў, нарэшце страціла актуальнасьць.