Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111».
Эфір 4 красавіка 2012 году
У нашай пошце апошняга часу па-ранейшаму шмат лістоў ад тых нашых слухачоў, якія непакояцца за лёс незалежнасьці беларускай дзяржавы. Імклівае пагаршэньне адносінаў з Захадам і ўсё большая эканамічная і палітычная залежнасьць Беларусі ад Масквы робяць гэтыя апасеньні зусім абгрунтаванымі і рэальнымі.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму.
Вось як разважае пра пагрозы беларускай незалежнасьці і будучыню беларусаў як нацыі Ігнат Гавенскі з Полацку. Слухач піша:
«Найноўшая гісторыя Беларусі пакуль што — суцэльная паласа нявыкарыстаных магчымасьцяў, страчанага часу, загубленых жыцьцяў і душаў... І спадзявацца ў бліжэйшы час на нейкія кардынальныя зьмены не выпадае. Расейская Балотная плошча ў Беларусі немагчымая. Мы катастрафічна спазьняемся і адстаем ад усяго сьвету...
Тэхналягічна Беларусь засталася ў 70–80-х гадах мінулага стагодзьдзя. А палітычна — надоўга загрузла недзе ў сярэднявечным дэспатызьме. Фактычна мы ператвораны ў адсталую расейскую калёнію з правінцыйнай расейскай культурай.
У заходніх краінах даўно прывыклі да прававой дзяржавы, вяршэнства закону ва ўсіх галінах жыцьця. А нас дзьвесьце год таму акупавала дзяржава, якая прывыкла да бяспраўя, самадзяржаўя, хабарніцтва чыноўнікаў.
Але цяпер у Расеі сытуацыя такая, што Пуціну давядзецца так ці іначай пайсьці на дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю. Магчыма, там пачнуцца палітычныя рэформы. Але адначасова Расея застаецца імпэрыяй. Пуцін будзе ціснуць на Лукашэнку, каб той аддаў расейскім алігархам беларускія прадпрыемствы. І Беларусь будзе пакрысе страчваць сваю незалежнасьць.
Адзін зь сяброў ня так даўно казаў мне: „Калі я бачу, што ў нас цяпер адбываецца, мне хочацца, каб гэтую краіну хто-небудзь акупаваў. Хоць Захад, хоць Расея — усё роўна. Бо ў выніку памяняюцца толькі начальнікі — а нам у любым выпадку стане лепей, свабадней...“
Трэба прызнаць, што далучыць цяперашнюю Беларусь да Эўразьвязу і адхіліць Лукашэнку — задача наўрад ці выканальная. Можа, Эўропе прасьцей было б канчаткова адпіхнуць Лукашэнку ў бок Расеі, дзе ён урэшце страціць спачатку маёмасьць, а потым і ўладу».
Бяда ў тым, Ігнат, што пры такім сцэнары пацерпіць ня толькі Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі, у якіх адбяруць уладу і самастойнасьць. Вялікая верагоднасьць таго, што ўся Беларусь як дзяржава пры гэтым перастане быць незалежнай. А незалежнасьць для любой нацыі — найвялікшая каштоўнасьць, страціць якую лёгка, а здабыць ці аднавіць — надзвычай складана. Маючы ўласную краіну, беларусы яшчэ захоўваюць шанцы адрадзіць нацыянальную ідэнтычнасьць, мову, культуру. А ня стане незалежнай дзяржавы — хутчэй за ўсё, ня стане неўзабаве і беларусаў як нацыі.
Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну — зьвяртае ўвагу на ініцыяваныя ўладай шматлікія эканамічныя праекты, якія прадугледжваюць масавае прыцягненьне ў Беларусь працоўнай сілы з Кітаю. Слухач піша:
«Надоечы па „Свабодзе“ адна кабеціна, якая навучаецца ў Кітаі ў Даляні, заклікала беларусаў браць прыклад з кітайцаў, якія шмат працуюць, і не баяцца перасяленьня іх у Беларусь: маўляў, шкоды ад іх ня будзе. Першае сьцьверджаньне ёсьць абразьлівым і зьдзеклівым для беларусаў. Яно такога ж кшталту, як і цынічнае камуністычнае „Як працуем, так і жывём“ і „Работаць нада“. Між тым беларусы — не лайдакі. Яны папросту пастаўленыя ў нялюдзкія ўмовы існаваньня.
У 30-я гады ў іх укралі зямлю і ператварылі вёску ў калёнію. Пасьля вайны абрабавалі аблігацыямі, хрушчоўскай рэформай грошай; пры Гарбачову адабралі ашчадныя ўклады, а зараз штодня кулачаць цэнамі. Добра кулачаць!
Безь вяртаньня зямлі сялянам, без адраджэньня прыватнай уласнасьці нам шчасьця не пабачыць. Яшчэ ў 70-я гады, маючы 12% прысядзібнай (не прыватнай, не сваёй!) зямлі і фактычна ручную працу, — каня ж не дазвалялі трымаць! — беларускія сяляне давалі каля 25% усіх асноўных харчоў у БССР.
А зь іншага боку — прывязіце кітайца ў Гарохавішчы, якія пасьля ліквідацыі тутэйшага калгасу зарастаюць травою. Дзе няма ні квадратнай пядзі юрыдычна ўласнай зямлі. Ня дайце ніякай тэхнікі, пазбаўце яго права вольнага гандлю (было ж такое: каб завезьці з Пружынішчаў у Шацілкі мяшок бульбы, гэта ўсяго 40 вёрст, трэ было прыніжальна паказаць міліцыянэрам-перахопнікам мо дзьве даведкі, што бульба — твая, ня крадзеная, не калгасная!), атруціце пойлам-чарнілам, пастаўце кітайца ў роўныя зь беларусам умовы — і вы пабачыце, як ён ацірацьмецца ля манаполькі.
Лічу (і ня толькі я, а шмат простага люду так думае), што не патрэбныя тут нам эшалёны кітайцаў. Кітай інтэнсіўна скупляе ўсясьветныя рэсурсы, якіх засталося няшмат, праводзіць інтэнсіўную экспансіянісцкую палітыку і, раскідаючы лішніх кітайцаў па сьвеце, мае далёкасяжныя мэты».
На працягу мінулых месяцаў мы былі сьведкамі таго, як адразу некалькі маштабных «кітайскіх» праектаў, якія закранаюць інтарэсы жыхароў Менску і навакольных вёсак, выклікалі заўважны грамадзкі пратэст. І наўрад ці ўладзе варта разьлічваць на тое, што ейныя намеры, так бы мовіць, «кітаізацыі» Беларусі будуць прыхільна сустрэты грамадзкай думкай.
Хоць, з другога боку, спадар Мікола, Беларусь ужо сёньня сутыкнулася з вострай дэмаграфічнай праблемай. Нараджаецца беларусаў усё менш, а пераяжджаць у адсталую краіну на жыхарства ня хочуць ні палякі, ні ўкраінцы, ні нават расейцы. Разьлічваць можна хіба на тых, хто жыве яшчэ горш. Зрэшты, тэмпы разьвіцьця сучаснага Кітаю такія, што неўзабаве наўрад ці ўдасца завабіць перасяленцаў нават адтуль.
Вялікі розгалас сярод людзей пэнсійнага і перадпэнсійнага веку выклікаў нядаўні прэзыдэнцкі ўказ, паводле якога тым сталым людзям, якія пагодзяцца выходзіць на пэнсію пазьней, абяцаюць як падвысіць. Нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў гэты ўказ падштурхнуў да матэматычных практыкаваньняў. І вось якімі разьлікамі ён падзяліўся са слухачамі «Свабоды» (цытую ліст):
«Указ абвяшчае, што ты, шаноўны пэнсіянэр, атрымаеш 6% дадатку да пэнсіі пасьля таго, як дадаткова адпрацуеш год (пры гэтым пазбавісься на гэты год пэнсіі). На першы погляд, падвох тут толькі ў адным: для працуючых пэнсіянэраў гэта дэ-факта і будзе азначаць павялічэньне пэнсійнага ўзросту. Але насамрэч ашуканства вельмі многа.
Давайце ўявім сабе нейкую гіпатэтычную пэнсію ў адзін мільён беларускіх рублёў. Няцяжка падлічыць, што 6% ад мільёна — гэта 60 тысяч за месяц, або 720 тысяч за год. Столькі ты будзеш атрымліваць дадатку, шаноўны пэнсіянэр, калі будзеш працаваць і адмовісься ад пэнсіі ў адзін мільён штомесячна, або ад 12 мільёнаў за год. Падзелім 12 мільёнаў на 720 тысяч. Атрымаем, ні многа ні мала, 16 год і 8 месяцаў. За такі тэрмін ты скампэнсуеш страчаную за год пэнсію. То бок столькі ты павінен пражыць, каб цалкам атрымаць недаатрыманае. Як табе такі расклад? Ты паспрабуй яшчэ пражыві столькі, мой каханенькі-родненькі галубок-пэнсіянэр! Не забыўся яшчэ, якая сярэдняя працягласьць жыцьця ў нашых беларускіх мужчын? Я табе нагадаю — 64 гады.
Але гэта яшчэ ня ўсё. Уявім, што ты перавёў тыя 12 мільёнаў пэнсіі ў даляры, каб аднамомантна ня страціць падчас чарговай хітрамудрай дэвальвацыі, і паклаў на валютны рахунак. Скажам, пад 6% гадавых. Бывае і большы працэнт, але ня будзем скнарнічаць. 6% памножым на атрыманы тэрмін 16 год і 8 месяцаў, атрымліваем... ажно 100%. Але забудзь пра гэты страчаны табой ці тваімі дзецьмі прыбытак, шаноўны. Каб скампэнсаваць яго абяцаным дадаткам да пэнсіі, табе давядзецца пражыць пасьля 78 па самых сьціплых падліках яшчэ амаль 17 год, атрымліваючы «размазаны» на ўсе гэтыя гады дадатак, усяго ледзь не 95 год! Жадаю доўгіх год жыцьця, і не хварэць ні ў якім разе, бо тых 60 дадатковых тысяч на месяц пасьля 78-гадовага ўзросту табе на лекі аніяк ня хопіць.
Калі хто не лянуецца, можа зрабіць разьлікі за 2, 3, 5 ці больш год: розьніца атрымаецца нязначная. Толькі не забудзьцеся, што праца — гэта стрэсы, нэрвы, стомленасьць, часам недасыпаньне, прафэсійныя хваробы, і ў выніку — выдаткі на лекі і скарачэньне працягласьці жыцьця. Не абстрактнага, сярэднестатыстычнага, а твайго ўласнага жыцьця, шаноўны пэнсіянэр. І можа атрымацца так, што пра цябе скажуць: «Яшчэ адзін згарэў на працы», а пэнсіі ты так і не атрымаў. І ня ты, а твае сваякі, ідучы за тваёй труной, прыгадаюць мудрасьць біблейскага цара Саламона: «Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам».
Не было яшчэ такога, каб дзяржава забівала галы ў свае вароты. Тое самае тычыцца і гэтага ўказу«.
Так, спадар Кастусь, разьлік чыноўнікаў тут галоўным чынам на тое, што стары чалавек спакусіцца прынаднымі лічбамі і ня возьме прыклад з вас: ня будзе з калькулятарам у руках вылічваць, што ён набудзе, а што страціць у выніку таго, што адмовіцца на нейкі час ад пэнсіі.
Зрэшты, наўрад ці на гэтую прынаду купіцца значная колькасьць людзей сталага веку, калі позьні выхад на пэнсію будзе залежаць толькі ад выбару самога пэнсіянэра. Іншае пытаньне: ці доўга такі выбар у беларусаў будзе заставацца? Усе разьлікі паказваюць на тое, што праз 10–15 год беларуская нацыя састарэе настолькі, што пэнсійны фонд проста ня будзе з чаго напаўняць. І ў такім разе прымусовае падвышэньне пэнсійнага ўзроўню застанецца адзіным выйсьцем.
На заканчэньне — кароткі ліст-просьба ад Васіля Завадзкага з Маладэчна. Ён піша:
«8-га лютага ў вашай перадачы прагучаў ліст аднаго слухача, які папрасіў касэту з запісам песень нашага вялікага сьпевака Данчыка. І вы адказалі, што недзе ў старых шуфлядах знайшлі такія касэты. Вельмі мяне гэта ўразіла. Можа, знойдзецца якая лішняя і для мяне. Буду ўдзячны вам за гэта да сьмерці!»
Так, спадар Васіль, гэта была просьба ад Мікалая Хільтова зь Менску, які прасіў менавіта касэту, а ня дыск, спасылаючыся на тое, што новую тэхніку пры цяперашняй пэнсіі дазволіць сабе ня можа, а вось старэнькі касэтны магнітафон мае. Мы рады, што зможам выканаць гэту просьбу і для вас, нашага шматгадовага слухача і аўтара многіх допісаў на «Свабоду».
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by