Жыхары Віцебску просяць за Сяргея Каваленку

Калектыўная заява з прозьбай вызваліць сябра КХП БНФ з-пад варты і перавесьці ў цывільны шпіталь накіравана старшыні Віцебскага абласнога суду.
«Заяву падпісвалі на чарговым пасяджэньні аргкамітэту падтрымкі Сяргея Каваленкі. Мы вырашылі, што гэта будзе ліст ад прыватных асобаў — віцебскія актывісты не ўказвалі сваю партыйную прыналежнасьць або сфэру грамадзкай дзейнасьці. Бо гаворка вядзецца пра выратаваньне жыцьця Сяргея — гэта наш агульначалавечы клопат. І старшыню абласнога суду мы таксама заклікаем да праяваў спачуваньня і чалавечнасьці. Допіс на імя Мікалая Хамічонка я асабіста занесла ў абласны суд і яго зарэгістравалі пад нумарам 3760», — завіла грамадзкая актывістка Тацяна Севярынец — адна з тых, хто падпісаўся пад заявай.

У заяве на імя старшыні Віцебскага абласнога суду напісана: «Мы, грамадзяне Віцебску, вельмі занепакоеныя станам здароўя Сяргея Каваленкі, які галадуе больш за тры месяцы. Зараз ён знаходзіцца ў псыхіятрычным адзьдзяленьні папраўчай калёніі № 3. Дзеяньні мэдычнага пэрсаналу не прыводзяць да паляпшэньня яго стану і могуць выклікаць сьмерць. Зьмена рэжыму ўтрыманьня і перавод Сяргея Каваленкі ў грамадзянскі шпіталь могуць уратаваць ягонае здароўе і жыцьцё».

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне адбыцьця «хіміі» за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Зь сярэдзіны сьнежня зь перапынкам на 20 дзён Сяргей Каваленка трымае галадоўку супроць прысуду.

26 сакавіка Сяргея Каваленку перавялі з рэспубліканскага турэмнага шпіталя на «Валадарцы» ў псыхіятрычны шпіталь пры калёніі «Віцьба-3».