EUobserver: На Астравецкай пляцоўцы настаяла Расея

Будаўніцтва АЭС у Астраўцы

Беларусь магла будаваць сваю атамную электрастанцыю ў больш прыдатным для гэтага месцы, але месца для АЭС каля самай мяжы зь Літвой абрала Расея, піша са спасылкай на выданьне EUobserver літоўскі партал DELFI.

У сваёй публікацыі EUobserver цытуе беларускага спэцыяліста-геоляга, які страціў працу з-за таго, што адзін зь яго сваякоў публічна выказаўся супраць рэжыму Лукашэнкі. Вучоны, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча, сьцьвярджае, што для будаўніцтва АЭС лепш падышло б месца на ўсходзе Беларусі, але месца для будаўнічай пляцоўкі выбіраў ня Менск, а Масква.

«Ён падкрэсліў, што іншае, больш прыдатнае месца было выбрана на ўсходзе краіны. Але Расея настойвала на тым, каб было абрана месца каля мяжы зь Літвой, каб «выпрабаваць» эўрапейцаў», – піша EUobserver.

Партал таксама грунтуецца на зьвестках літоўскіх геолягаў, згодна зь якімі ў гэтым рэгіёне з XVII стагодзьдзі адбылося каля 40 землятрусаў. У 1909 годзе ў гэтым рэгіёне былі падземныя штуршкі сілай 7 балаў паводле шкалы Рыхтэра.

Першы рэактар Беларускай АЭС плянуецца запусьціць у 2017 годзе, другі – праз год.