Забойцам Аксаны Макар могуць даць пажыцьцёвае зьняволеньне

Фота з сайту падтрымкі Аксаны Макар. (http://oksanamakar.com.ua)

Згвалтаваная дзяўчына, якую спрабавалі спаліць, памерла напярэдадні ў Данецкам апёкавым цэнтры. Жудаснае злачынства ў Нікалаеве згуртавала грамадзтва.
«Нікалаеўскім гвалтаўнікам» могуць даць пажыцьцёвае зьняволеньне: іх ахвяра Аксана Макар памерла ў Данецкам апёкавым цэнтры. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў МУС Украіны.

Вышэйшую меру пакараньня для гвалтаўнікоў 19-гадовай Аксаны Макар зь Нікалаева патрабуюць удзельнікі акцый у падтрымку дзяўчыны. Яны маюць намер накіраваць адпаведны ліст прэзыдэнту Віктару Януковічу, адзначыў Радыё Свабода арганізатар акцый Юрый Круцылаў. Акрамя таго, актывісты запатрабуюць працягу расьсьледаваньня спраў па міліцыі, якія спачатку двух затрыманых адпусьцілі.

«Пакаралі толькі „ніжні шэраг“. Гэта значыць два пракуроры, якіх зьнялі з пасадаў — гэта ня тое, чаго мы хочам. Мы хочам поўнага „ачышчэньня“ пракуратуры, і не зьбіраемся спыняцца », — адзначыў Юрый Круцылаў.

Удзельнікі акцый у падтрымку дзяўчыны зараз новых пікетаў не плянуюць, паколькі дапамагаюць маці дзяўчыны палагодзіць справу з пахаваньнем.

Сьледзтва можа доўжыцца да чатырох месяцаў


Праз сьмерць пацярпелай справу «мікалаеўскіх гвалтаўнікоў» перакваліфікавалі: зараз гэта ня спроба забойства, а, уласна, забойства, заявіў прадстаўнік МУС Уладзімір Палішчук.

«Цяпер адносна ўсіх трох распачата крымінальная справа за забойства. Крымінальная заканадаўства прадугледжвае пакараньне ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі, але ў сувязі з тым, што гэта было жорсткае забойства, згвалтаваньне па змове людзей, суд можа прыняць рашэньне адносна пажыцьцёвага зьняволеньня », — адзначыў Палішчук.

Згодна з заканадаўствам, сьледзтва павінна доўжыцца два месяцы, аднак, па словах прадстаўніка МУС, яго могуць падоўжыць удвая, паколькі ужо заяўлена аб неабходнасьці дадатковых экспэртыз. Дзеяньні сьледчай, якая вяла справу Макар ў Нікалаеве, былі прызнаныя камісіяй непрафэсійнымі, таму там будуць праведзены дадатковыя навучальныя мерапрыемствы для асабістага складу, дадаў Уладзімір Палішчук.

«На злачынства штурхае верагодная беспакаранасьць»


Раней міністар унутраных спраў Украіны Віталь Захарчанка заяўляў, што двое з затрыманых — дзеці былых дзяржаўных служачых, але начальнік упраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў у Нікалаеўскай вобласьці Валянцін Парсенюк гэта адмаўляў. Паводле яго слоў, двое з трох «фігурантаў» справы — паўсіраты, і толькі трэці зьяўляецца прыёмным сынам былога кіраўніка раённай адміністрацыі, «які ўжо практычна тры гады на пэнсіі».

Асноўная грамадзкая праблема, з-за якой становяцца магчымымі такія злачынствы, — гэта верагодная беспакаранасьць крыўдзіцеля, лічыць Антаніна Тараноўская, кіраўнік Цэнтра сям’і і гендэрнага разьвіцьця Дзяржаўнага інстытута сямейнай і маладзёжнай палітыкі.

«Людзі павінны зразумець, што ёсьць няўхільнасьць пакараньня, любога: жорсткага ці ня жорсткага. Гэта значыць, за дзеяньне ёсьць адказнасьць, — кажа яна. — Але гэты ланцужок у грамадзкай сьвядомасьці скасаваны: ёсьць дзеяньне, але чалавек разумее, што ня будзе адказнасьці».

Па словах Тараноўскай, нельга ўскладаць адказнасьць за нездаровую грамадзкую сьвядомасьць толькі на дзяржаву, гэта праблема кожнага канкрэтнага чалавека. Па дадзеных ААН, кожная трэцяя жанчына ў сьвеце хоць бы раз у жыцьці была ахвярай розных формаў гвалту толькі таму, што яна жанчына, хоць зьдзекі адчуваюць і дзеці, і пажылыя людзі, і мужчыны.

Цяпер ініцыятыўная група дапамагае маці Аксаны Макар палагодзіць справу з пахаваньнем дзяўчыны. Як паведаміў Юрый Круцылаў, ім сёньня тэлефануюць і прапануюць дапамогу ня толькі ўдзельнікі мінулых акцый, але і проста неабыякавая нікалаеўская грамадзкасьць.

Пра гэта паведамляюць украінскія карэспандэнты нашага Радыё Анастасія Масквічова, Мікалай Закалюжный.