Берасьце: абласны суд адмяніў вырак за адмову ад дактыляскапіі

Берасьцейскі абласны суд адмяніў прысуд Маскоўскага суду Берасьця, паводле якога Віталь Казак быў пакараны штрафам за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Непадпарадкаваньне выявілася ў тым, што ён адмовіўся ад дактыляскапіі.
Абласны суд адмяніў рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, паводле якога спадар Казак павінен быў сплаціць 700 тысяч штрафу.

Віталь Казак адмаўляўся здаваць адбіткі пальцаў з рэлігійных перакананьняў. Замест гэтага ён нават здаў міліцыянтам вынікі ДНК-аналізу, але іх гэта не задаволіла.

У абласным судзе гэтая справа разглядалася ўжо другі раз. Да гэтага абласны суд накіроўваў яе на пераразгляд. Маскоўскі ж суд першы раз прысудзіў спадару Казаку 1 мільён 50 тысяч штрафу, а пасьля пераразгляду — 700 тысяч.

Віталь Казак кажа, што вынікам суду ён задаволены. Ён спадзяецца, што на гэтым справа скончыцца.