Анархістам даюць кароткія арышты ці штрафы

Затрыманыя 24 сакавіка падчас канцэрту ў Менску атрымалі штрафы ад трох базавых велічыняў да арышту на двое сутак.
26 сакавіка прайшлі адміністрацыйныя суды над слухачамі суботняга канцэрту ў ДК МТЗ, пасьля якога міліцыя затрымала каля ста чалавек, як мяркуецца, прыхільнікаў анархісцкага руху ды іншых пратэстных суполак. Дабрачынны канцэрт быў арганізаваны міжнародным рухам «Ежа замест бомбаў».

Двума днямі арышту паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве пакараныя: Павал Груневіч, Зьміцер Харланчук, Павал Бяланаў, Андрэй Сьцяпанаў, Аляксандар Педаш.

Штрафы ад 70 тысяч да 3 млн 500 тысяч паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве атрымалі: Аляксандар Ярашэвіч, Мікола Ўласенка, Яўген Рубашка, Уладзімер Дзьмітракоў, Дзьмітрый Гураў.

Працэсы прайшлі таксама ў судзе Цэнтральнага раёну, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Судзілі маладых людзей судзьдзі Сьвістунова, Ясіновіч, Вайцэховіч, Семак, Якунчыхін, Церашкоў, Майсейчык, Шабуня, Хадановіч, Ткачова.

Пасьля затрыманьня 24 сакавіка некалькі дзясяткаў удзельнікаў канцэрту былі зьмешчаныя да судоў у ізалятар на вуліцы Акрэсьціна.