Эрвін Рот заклікае вярнуцца да адпачынку Лукашэнкі ў Альпах

Эрвін Рот

Аўстрыйскі спартовы экспэрт і журналіст Эрвін Рот, аўтар скандальных публікацыяў пра шыкоўны адпачынак беларускага кіраўніка і ягонай сьвіты ў лютым 2002 году ў Альпах, заклікаў праваахоўныя органы Аўстрыі назваць, хто фінансаваў тыя вакацыі.
Паводле інфармацыі Рота, паездку аплочвалі з сакрэтнага рахунку, які быў створаны пры непасрэдным удзеле тагачаснага кіраўніка нацыянальнага алімпійскага камітэту (ААК) і сеткі казіно Casinos Austria Леа Вальнэра і яго найбліжэйшага атачэньня: Гайнца Юнгвірта (тады — генэральны сакратар ААК), Карла Штоса (тады — сябра праўленьня Raiffeisen Zentralbank AG, а таксама праўленьня ААК і Casinos Austria, ад 2009 году — пераемнік Вальнэра на пасадзе кіраўніка дзьвюх апошніх арганізацыяў), Марціна Шлафа (мільярдэр-бізнэсовец, уладальнік сеткі Casinos Austria ў розных краінах сьвету).

Згодна з фінансавымі дакумэнтамі з так званай «чырвонай папкі» Эрвіна Рота, адпачынак Лукашэнкі каштаваў аўстрыйскім падаткаплатнікам прыкладна 200 тысяч эўра. Ня так даўно стала вядома, што гэта толькі палова, калі ня менш, ад агульнага кошту таго шчодрага прыёму. Багата бухгальтарскіх дакумэнтаў пазьнікала, без належнай увагі пракуратуры засталіся шмат якія разьлікі гатоўкаю.

Лукашэнка і ягоная каманда, паводле відавочцаў, якіх апытаў Рот, адпачывалі на шырокую нагу: жылі ў шыкоўных гатэлях, наведвалі дарагія рэстараны, бары, разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку выступ папулярнага музыканта DJ Otzi, гулялі ў казіно, займаліся ў інструктараў горналыжнага спорту, лячыліся ў прыватных лекараў (на адным з горных схілаў беларускі прэзыдэнт пашкодзіў нагу, і яго на верталёце завезьлі ў клініку). Дарэчы, страховак, якія патрабуюцца пры адкрыцьці візаў замежнымі амбасадамі (тады гэта была амбасада Нямеччыны), у беларускай групы, згодна зь фінансавай дакумэнтацыяй, не было.
200 тысяч эўра — гэта толькі палова, калі ня менш, ад агульнага кошту таго шчодрага прыёму.

Дык хто зрабіў магчымым такі шыкоўны адпачынак для асобы, якой быў забаронены ўезд у краіны ЭЗ, якая мае рэпутацыю «апошняга дыктатара Эўропы» і, як паказваюць апошнія падзеі, надалей дратуе ў сваёй краіне ўсе базавыя правы чалавека, уключна з правам на жыцьцё? З такім пытаньнем зьвяртаецца сёньня да аўстрыйскіх праваахоўных органаў Эрвін Рот. Сваю заяву ён распаўсюдзіў праз партал APA-OTS.

Магчыма, гэта былі Аўстрыйскі алімпійскі камітэт і Casinos Austria? Іх тагачасны кіраўнік Леа Вальнэр і цяперашні — Карл Штос, нягледзячы на гучныя карупцыйныя скандалы, выйшлі сухімі з вады. Судовы працэс над былым генэральным сакратаром ААК Гайнцам Юнгвіртам, які ў 2002 годзе таксама прымаў у Альпах беларускага прэзыдэнта, пачнецца ў траўні ў Вене.

Сярод магчымых спонсараў адпачынку Лукашэнкі Рот называе таксама Марціна Шлафа і Telekom Austria. Дарэчы, пазалетась, у разгар скандалу і сьледзтва ў сувязі з таемнымі рахункамі ААК, Леа Вальнэр у інтэрвію журналістам ня стаў адмаўляцца, калі прадстаўнікі СМІ запыталіся пра датычнасьць да аплаты Лукашэнкавых рахункаў найбагацейшага чалавека Аўстрыі — Марціна Шлафа. У 2002 годзе, як вынікала са сьціплых паведамленьняў у аўстрыйскіх СМІ, вывучалася магчымасьць разгортваньня Шлафам сеткі аўстрыйскіх казіно на рынках былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі. На той час праекты бізнэсоўца пасьпяхова дзейнічалі ў Грэцыі, на палестынскай тэрыторыі, у Ізраілі. Праўда, ізраільскія праваахоўныя структуры падазравалі Марціна Шлафа ў датычнасьці да карупцыйных скандалаў, фігурантамі якіх былі Авігдор Лібэрман, Шымон Пэрэс, Арыэль Шарон...

Аднак сумнеўная рэпутацыя аўстрыйскага мільярдэра, які нарадзіўся ў ГДР, а пазьней быў няштатным агентам Штазі, не перашкодзіла яму выйсьці на беларускі рынак. Тут яго дзейнасьць мала чым адрозьнівалася ад таго, чым ён займаўся ў іншых краінах Усходняй Эўропы: ён набываў нерэнтабэльную кампанію, разьвіваў яе, а потым выгадна перапрадаваў. У Беларусі ён гэтак набыў апэратара мабільнай сувязі Velcom (бізнэс Уладзімера Пефціева). Перапрадаўшы пазьней беларускую тэлекамунікацыйную кампанію аўстрыйскаму Telekom, Шлаф зарабіў прыкладна 200 мільёнаў эўра.

Аўстрыйскія журналісты бачаць непасрэдную сувязь паміж прыёмам беларускай дэлегацыі ў Альпах у 2002 годзе і далейшым ппосьпехам бізнэсу Шлафа ў Беларусі. Сам жа мільярдэр катэгарычна абверг у прэсе інфармацыю пра аплату ім рахункаў Лукашэнкі.

Эрвін Рот: “Лукашэнка гуляў у казіно”