«Ім бы поле араць, а яны шайбу ганяюць...»

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 21 сакавіка 2012 году
Усе ў Беларусі ведаюць, які ў краіне галоўны від спорту. Нават цяпер, падчас эканамічнага крызісу, калі не хапае грошай на шпіталі, школы, бібліятэкі, — маштабнае будаўніцтва высоказатратных лядовых палацаў працягваецца. З прычыны мізэрных заробкаў з паліклінік і школ масава сыходзяць лекары і настаўнікі, але ў той жа час штомесячныя заробкі хакеістаў у клюбах, якія фінансуюцца зь дзяржбюджэту, вымяраюцца тысячамі даляраў. Як да гэтай сытуацыі ставяцца самі беларусы?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні слухач, былы вайсковец Мікола Канаховіч з Пружанаў піша:

«Ніхто ня супраць спорту: калі ласка, займайся ў вольны ад працы час. Але калі гэты спорт вісіць цяжкім каменем на шыі простага падаткаплатніка, калі той, хто дужэйшы і спрытнейшы, замест таго каб займацца грамадзка карыснай працай, па сутнасьці лайдачыць ды яшчэ атрымлівае за гэта дзяржаўныя ўзнагароды, бясплатныя кватэры і агромністыя прэміі — дык гэта, я лічу, падобна да злачынства перад простым народам. Сумна вядомая Ярмошына ў сьнежні 2010 году прапанавала беларускім жанчынам не на плошчу хадзіць, а боршч варыць. Чаму ж яна не прапануе цяпер тэнісістцы Азаранцы, замест таго каб па кортах бегаць, калгасных кароў падаіць альбо сьцены на будоўлі патынкаваць?

А ўвогуле, прыкра глядзець, як здаровыя дужыя мужыкі, замест таго каб поле араць ці кастылі ў шпалы заганяць, шайбу ганяюць. Я ўпэўнены, калі б мы не марнавалі на гэта вялізныя грошы, дык і ніякага крызісу ў Беларусі не было б.

Прэстыж любой краіны абумоўліваецца ня колькасьцю спартыўных чэмпіёнаў, а найперш эканамічнымі посьпехамі, узроўнем жыцьця простага чалавека. Але адкуль гэтаму быць у Беларусі, калі тут дармаедзтва ў пашане? Хакей стаў у нас ледзь не нацыянальнай рэлігіяй. Урач, настаўнік, інжынэр, нават прафэсар — ледзь выжываюць. Затое гультаі, што за шарыкамі-шайбамі бегаюць — шыкуюць...

Вядома, я — толькі шараговы грамадзянін і выказваю ўласны пункт гледжаньня. Але мяркую, што гэтак жа думаюць і многія людзі ва ўсёй Беларусі. Вось выйграла тэнісістка Азаранка нейкі турнір. І проста нейкая фанатычна-гістэрычная радасьць з гэтай нагоды ва ўладных колах, нібы тут у нас пасьля гэтага божы рай надышоў. А зь якой такой прычыны трыюмф? Карысьць народу з гэтага якая?»
.

Думаю, спадар Мікола, шматлікія аматары спорту з вамі не пагодзяцца і ў якасьці аргумэнтаў могуць прывесьці шмат прыкладаў таго, як спартовыя перамогі ўплываюць на прэстыж краіны ў сьвеце, прывабнасьць яе для замежных турыстаў, інвэстараў, бізнэсоўцаў... Усё гэта так, але праблема, пра якую вы пішаце ў сваім лісьце, сапраўды існуе. Сучасны прафэсійны спорт (і ў прыватнасьці хакей) — гэта дарагое задавальненьне, якое могуць дазволіць сабе ў асноўным толькі багатыя краіны. Хакей у ЗША, Канадзе, краінах Скандынавіі — гэта буйны бізнэс. Уладальнікі клюбаў укладаюць вялікія сродкі ў свае каманды, у спартовыя збудаваньні — але потым атрымліваюць прыбытак за кошт буйных рэклямных кантрактаў і дарагіх квіткоў на хакейныя матчы (кошт аднаго квітка там часам перавышае некалькі сотняў даляраў). А дзе ўзяць такіх заўзятараў і такія рэклямныя фірмы ў Беларусі? У выніку атрымліваецца, што ўтрыманьне дарагой забавы, якая не прыносіць ніякага істотнага прыбытку, цалкам бярэ на сябе дзяржаўны бюджэт (іншымі словамі, плаціць за гэта ўсё насельніцтва, зусім не заможнае). А беларускія хакеісты і трэнэры пры гэтым патрабуюць сабе заробкі такія ж, як на Захадзе — па некалькі тысяч даляраў штомесяц, інакш пагражаюць сыходам у іншыя клюбы ці ад’ездам за мяжу. І атрымліваюць, хоць ніякіх буйных дасягненьняў пры гэтым ня маюць... Атрымліваюць, заўважце, не з прыватнай кішэні бізнэсоўца, а з агульнанацыянальнага бюджэту. Наколькі маральна гэта ў краіне, дзе настаўнікі, мэдыкі, навукоўцы ледзь зводзяць канцы з канцамі? Пытаньне рытарычнае...

Іншы пункт гледжаньня на спартыўныя захапленьні кіраўніка беларускай дзяржавы — у нашай слухачкі Сьвятланы Камаровай зь Менску. У сваім лісьце на «Свабоду» яна піша:

«Што кепскага ў тым, што прэзыдэнт падае асабісты прыклад здаровага ладу жыцьця? Ён у выдатнай спартыўнай форме і заклікае ўсіх суграмадзянаў гэтак жа ставіцца да свайго здароўя. Хіба ён ня мае рацыі? Шукаць здароўе трэба на горналыжных схілах, у фітнэс-цэнтрах, у лядовых палацах — а не ў паліклініках ды шпіталях. І дарэмна вы там на „Свабодзе“ пасьміхаецеся з гэтага... На Захадзе гэта даўно модна і прэстыжна. І прэзыдэнт у гэтым бярэ прыклад менавіта з Захаду. А вы павінны яму ў гэтым усяляк дапамагаць, а ня кпіць і насьміхацца. Ён жа гэтым рухае краіну ў бок Эўропы, ад расейскага п’янства і бязладзьдзя».

Усё слушна напісалі вы ў сваім лісьце, спадарыня Сьвятлана,— вось толькі не згадалі пра адну істотную дэталь. Наколькі даступныя такі адпачынак і такія заняткі спортам для звычайнага беларуса — не прэзыдэнта, не «вэртыкальнага» чыноўніка і прыўладнага бізнэсоўца з тоўстым кашальком? Паспрабуйце расказаць, напрыклад, простаму трактарысту зь якога-небудзь аддаленага магілёўскага калгасу пра карысьць фітнэсу і гарналыжнага спорту. У ягонай вёсцы ня тое што фітнэс-цэнтру — каналізацыі і гарачага душу няма. А на паездку на гарналыжныя схілы яму спатрэбілася б адкладаць са сваёй мізэрнай зарплаты гадоў дзесяць.

Затое паўлітра так званага «пладова-ягаднага віна» ў мясцовым сельпо каштуе таньней, чым бутэлька кока-колы...

Пра мэтазгоднасьць візавых санкцыяў, уведзеных Эўразьвязам супраць некаторых чыноўнікаў і «сілавікоў», датычных да палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, выказваецца ў сваім лісьце на «Свабоду» Аляксандар Лешык з Баранавічаў. Слухач піша:

«Лічу, што гэтыя забароны на ўезд у краіны Эўразьвязу для Лукашэнкі ды ягоных памагатых — што нябожчыку прыпарка. Я б рабіў па-іншаму. Візы ім — выдаваць, а на мяжы — затрымліваць, закоўваць у ланцугі ды вадзіць па гарадах і вёсках заходніх краін, каб глядзелі і вучыліся, як трэба дбаць пра сваіх грамадзянаў, пра заробкі, пра цэны, пра ўладкаваньне жыцьця. Можа, хоць што-небудзь перанялі б. А то — у краіне пануюць толькі жулікі, гультаі ды хабарнікі. Простага чалавека ні ўва што ня ставяць. Па тэлевізары — адна пахвальба. Можа, Лукашэнка і праўда лічыць, што ў Беларусі ўсё так, як паказвае ягонае тэлебачаньне?

А насамрэч жа — паўсюль заняпад і жабрацтва. Скажу хаця б пра сыстэму аховы здароўя, зь якой, як пэнсіянэр і інвалід, часта сутыкаюся. Нярэдка даводзіцца зьвяртацца ў рэўматалягічнае аддзяленьне. Яно адно на вялізны рэгіён: усяго 40 ложкаў, а хворых у некалькіх раёнах Берасьцейскай вобласьці, якія яно абслугоўвае, — мноства. Нават калі маеш накіраваньне, у чарзе трэба чакаць два тыдні, а то і месяц. А што там за ўмовы? Матрацы такія, што на сьметніку можна лепшыя знайсьці: у нейкіх падазроных жоўтых падцёках, у крыві... На ўсе скаргі адказ адзін: „Няма грошай“. Мяне нядаўна хуткая дапамога прывезла туды з накіраваньнем. Дык толькі тэмпэратуру памералі дзеля прыліку — і зноў вярнулі дамоў. А ўсё таму, што мая чарга не падышла, а месцаў у бальніцы няма. Як жа вы давялі сыстэму аховы здароўя да такога? І чаму маўчыце пра гэта, а перад людзьмі толькі хваліцеся ўяўнымі „дасягненьнямі“?

...Ведаю, што гэтыя мае выкрыцьці слухае КДБ. Няхай паслухае і даложыць начальству. Можа, сумленьне прачнецца? Але надзеі мала. Гэтая ўлада ня любіць праўды. Яна трымаецца на рэпрэсіях, хлусьні, ашуканстве ды прыніжэньні ўласнага народу»
.

Ня думаю, спадар Аляксандар, што «неўязныя» ў Эўразьвяз чыноўнікі, судзьдзі альбо прыўладныя алігархі ня ведаюць, як жывуць людзі на Захадзе, і маюць патрэбу ў такіх, як вы прапануеце, прымусовых азнаямленчых экскурсіях. Усё яны выдатна ведаюць. І дзяцей сваіх імкнуцца накіроўваць на вучобу на Захад, і бізнэс наладжваюць з заходнімі партнэрамі, і адпачываць любяць у дарагіх гатэлях на Лазурным беразе ці ў швайцарскіх Альпах.

А ў выпадку сур’ёзных хваробаў, дарэчы, стараюцца трапіць не ў свой раённы шпіталь і нават не ў адмыслова створаную для намэнклятуры так званую «лечкамісію» — а менавіта ў заходнія клінікі, аўстрыйскія ці нямецкія.

Аўтар наступнага кароткага ліста, наш даўні слухач Барыс Руцько зь Менску выказваецца наконт парлямэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў Беларусі гэтай восеньню. Ён піша:

«Што гэта будуць за выбары — зразумела ўжо сёньня. Вынік іх загадзя вядомы ўсім: дэпутатамі стануць толькі прыхільнікі Лукашэнкі, усіх іншых у Палату прадстаўнікоў не дапусьцяць. Якія высновы можна зрабіць на падставе гэтага? Першае: неабходны масавы байкот, да якога, не сумняваюся, далучацца ўсе сумленныя людзі, якія здольныя асэнсоўваць тое, што адбываецца ў краіне. І другое: спадзявацца ў гэтай справе на нашу апазыцыю не выпадае. На сур’ёзныя і эфэктыўныя дзеяньні яна ня здольная. Гэта — так, пустышка...».

Ідэя байкоту, сапраўды, лягічна выцякае з усіх апошніх палітычных падзеяў у Беларусі, і яна даволі папулярная ў сёньняшнім беларускім грамадзтве. Але хто, калі не апазыцыя, здольны арганізаваць такую маштабную акцыю — асабліва ў цяперашніх умовах, калі любая грамадзкая ініцыятыва, накіраваная на палітычныя зьмены, у зародку спыняецца і нішчыцца ўладамі?

На заканчэньне — кароткі ліст-просьба ад Міхася Іванова з Магілёва на тэму Дня Волі, які беларусы будуць адзначаць у бліжэйшую нядзелю. Слухач піша:

«Ня ўсе ведаюць, што 25 сакавіка — гэта дзень Беларускай Народнай Рэспублікі, створанай у 1918 годзе. Прашу расказаць па «Свабодзе» пра першы ўрад Беларусі, пра біяграфіі і лёсы першых міністраў. А то нашы людзі нічога пра гэта ня ведаюць. Мала ведаю і я. Трэба часьцей расказваць пра нашу праўдзівую гісторыю. А то галава забіта байкамі ды выдумкамі пра так званую «сьветлую камуністычную будучыню».

У гэтыя перадсьвяточныя дні раю вам, спадар Міхась, часьцей настройвацца на хвалю Радыё Свабода: у нашай праграме плянуецца багата перадач, прысьвечаных 94-й гадавіне Беларускай Народнай Рэспублікі. Сярод іншага будзем мы распавядаць і пра лёсы вядомых дзеячаў БНР.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by