Латвія ня будзе прынцыпова пярэчыць санкцыям адносна Беларусі

У выпадку санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі Латвія далучыцца да агульнага меркаваньня ЭЗ.

Пра такое рашэньне латвійскага ўраду паведамляе партал Delfi. Пытаньне аб магчымых санкцыях супраць Беларусі разглядалася ў аўторак на закрытым пасяджэньні ўраду.

Пасьля пасяджэньня в.а. міністра замежных справаў, міністар абароны Арціс Пабрыкс заявіў, што Латвія не хацела б, каб у выніку неабгрунтаваных санкцый Беларусь аддалілася ад ЭЗ, паколькі гэта пытаньне агульнай бясьпекі. Таксама непрадуманыя эканамічныя санкцыі могуць зрабіць шкоду латвійскай эканоміцы.

«Аднак падзеі апошніх дзён у Беларусі памяншаюць шэрагі яе прыхільнікаў у ЭЗ», — сказаў міністар, патлумачыўшы, што мае на ўвазе пакараньне сьмерцю двух асуджаных за выбух у менскім мэтро, паведамляе Інтэрфакс.

Ён адзначыў, што па пытаньні аб санкцыях супраць Беларусі ў ЭЗ яшчэ чакаюцца цяжкія дыскусіі, але ён не выключае, што Латвіі давядзецца лічыцца з вядомымі абмежаваньнямі і санкцыямі ў дачыненьні да суседняй краіны. У ЭЗ зараз складаецца сьпіс ляяльных беларускаму рэжыму прадпрыемстваў, і не выключана, што гэта паўплывае і на бізнэс у Латвіі.

Пытаньне аб санкцыях міністры ЭЗ будуць абмяркоўваць 23 сакавіка, але Латвія ня лічыць, што ёй трэба выкарыстоўваць права вета.

Прэм’ер-міністар Валдзіс Дамброўскіс, са свайго боку, дадаў, што Латвія скептычна ставіцца да санкцый, але ў той жа час лічыць неабходным зьвярнуць увагу на праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.

Ён падкрэсьліў, што ў міністраў ўраду, якія прадстаўляюць кааліцыйныя партыі, была адзіная пазыцыя па гэтым пытаньні.