Беларусь трапляе ў сьпіс парушальнікаў свабоды веравызнаньня

Дзяржсакратару ЗША Гілары Клінтан рэкамэндавалі ўключыць 16 краін у сьпіс злосных парушальнікаў правоў чалавека ў галіне свабоды веравызнаньня.
Сярод іх — Турцыя, Кітай, Эгіпет, Іран, Ірак і іншыя. Яшчэ дзевяць краінаў — Беларусь, Расея, Аўганістан, Вэнэсуэла, Куба, Лаос, Самалі, Індыя і Інданэзія — патрабуюць да сябе «большай увагі» ў сувязі з сытуацыяй са свабодай веравызнаньня, перадае ІТАР-ТАСС.

Ці адпавядае гэта рэчаіснасьці?

Рэдактарка парталу «Царква» Натальля Васілевіч: «Мне б не хацелася, каб уздымаўся залішні лямант»

Натальля Васілевіч

«Беларусь пастаянна фігуруе ў розных сьпісах, што тычацца веравызнаньня. Аднак я ня стала б усё ж такі параўноўваць сытуацыю ў Беларусі з сытуацыяй у многіх іншых краінах — Афрыкі, Блізкага Ўсходу, Кітаю, Індыі.

Свабода веравызнаньня ў Беларусі парушаецца, і закон, які быў прыняты ў 2002 годзе, і адказнасьць, прадугледжаная Крымінальным кодэксам, вельмі істотна абмяжоўваюць дзейнасьць рэлігійных арганізацый. Але нельга сказаць, што гэтая дзейнасьць абмежаваная да такой ступені, што ніхто нічога рабіць ня можа. Усё ж такі перасьлед такога масавага характару ня мае.

Таму, з аднаго боку, мне б хацелася, каб сапраўды было больш увагі да пытаньняў свабоды веравызнаньня ў Беларусі. Але, зь іншага боку, мне б не хацелася, каб уздымаўся залішні лямант пра тое, чаго няма на самой справе. Каб гэта было ўсё ж такі збалянсавана і адэкватна».

Юрыст царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін: «Ёсьць ціск на пратэстанцкія цэрквы, ціснуць на каталікоў»

Сяргей Луканін

«На жаль, ёсьць праблемы. Днямі ў нашу царкву прыяжджаў выканаўца абавязкаў часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Крыстафэр Паніка, і ён таксама пацьвердзіў, што Беларусь будзе ў гэтым сьпісе.

Застаюцца праблемы з нашай царквой (дагэтуль дзейнічае рашэньне суду, што мы павінны пакінуць будынак царквы, выплаціць больш за 260 мільёнаў нібыта за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя). Ціск тычыцца ня толькі царквы „Новае жыцьцё“, але і іншых пратэстанцкіх цэркваў. Улады ціснуць і на каталікоў (дэпартуюць сьвятароў — неграмадзянаў Беларусі). Так што нельга сказаць, што ў Беларусі ўсё добра.

У апошні год, магчыма, крыху зьменшыўся ціск на вернікаў, які быў 2–3 гады таму. Але законы не зьмяніліся, таму нельга сказаць, што тут усё добра».
Фрагмэнт справаздачы аб свабодзе сумленьня

БЕЛАРУСЬ

Урад Беларусі працягвае парушаць свабоду думкі, сумленьня, рэлігіі і перакананьняў па ўсёй краіне. Рэлігійныя грамады і асобы, якія парушаюць абмежавальны закон аб свабодзе сумленьня, зазнаюць перасьлед, затрыманьні і штрафы. Акты вандалізму адносна рэлігійнай маёмасьці застаюцца беспакаранымі.

Фон

Палітычная ўлада ў Беларусі засяроджаная ў руках прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, чый рэжым працягвае парушаць правы чалавека. Урад разглядае любыя незалежныя групы, у тым ліку рэлігійныя грамады, як патэнцыйны выклік яго панаваньню.

Закон аб свабодзе сумленьня, прыняты ў 2002 годзе, забараняе незарэгістраваную рэлігійную дзейнасьць. Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне за незарэгістраваную рэлігійную дзейнасьць ад штрафу да пазбаўленьня волі на тэрмін да двух гадоў. Улады часта адмаўляюць у рэгістрацыі рэлігійным групам, асабліва пратэстантам і сьведкам Яговы. У 2008 годзе ўлады адмовілі ў рэгістрацыі 12 групам, якія лічацца дэструктыўнымі сэктамі.

Закон 2002 году даў прывілеяваны статус Беларускай праваслаўнай царкве (БПЦ). У ім таксама вызначаныя каталіцызм, юдаізм, іслам і эвангэлісцкае лютэранства, як традыцыйныя канфэсіі. У законе не ўзгаданыя стараверы і кальвіністы, якія былі ў Беларусі на працягу сотняў гадоў.

Нават дзейнасьць зарэгістраваных рэлігійных груп сутыкаецца з абмежаваньнямі. Рэлігійныя групы ня маюць права дзейнічаць за межамі сваёй геаграфічнай зоны рэгістрацыі. Улады жорстка абмяжоўваюць выданьне рэлігійнай літаратуры. Зарэгістраваныя групы абмежаваныя ў сваіх правах на валоданьне або выкарыстаньне ўласнасьці ў рэлігійных мэтах, просьбы пратэстанцкіх цэркваў і іншых новых рэлігійных грамадаў наконт рэгістрацыі ўласнасьці часта адхіляюцца. Рэлігійныя арганізацыі ня маюць юрыдычнага прыярытэту набыцьця ўласнасьці, канфіскаванай у савецкія часы, калі іх будынкі ў цяперашні час выкарыстоўваюцца для правядзеньня культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Толькі 9 з 92 сынагог было вернута габрэйскай грамадзе з 1991 году, і толькі нешматлікія гістарычныя лютэранскай і кальвінісцкай цэрквы былі вернутыя грамадам.

Рэлігійныя ўмовы свабоды

Перасьлед незарэгістраваных рэлігійных груп:

У канцы 2011 году міліцыя зрабіла налёт на рэлігійныя сходы трох грамадаў сьведак Яговы, якім было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Пастар Аляксей Абрамовіч, які ўваходзіць у Раду баптысцкіх цэркваў, якая адмаўляецца рэгістравацца з дактрынальнае прычыны, быў аштрафаваны.

Перасьлед зарэгістраваных рэлігійных груп:

Міліцыя зрабіла налёт на сход пратэстанцкіх груп у Менску 8 лютага 2012 году, на 34 гадзіны былі затрыманыя некалькі чальцоў зарэгістраваных пратэстанцкіх цэркваў, якія былі на сустрэчы. У студзені 2012 году пастару царквы пяцідзесятнікаў, зарэгістраванай у Берасьцейскай вобласьці, пагражалі судом і скасаваньнем рэгістрацыі за правядзеньне царкоўнай службы за межамі юрыдычнага адрасу без афіцыйнага дазволу.

Царква пяцідзесятнікаў «Новае жыцьцё» абавязаная выплаціць штраф у памеры, эквівалентным 81 745 даляраў ЗША, па абвінавачваньні ў нанясеньні шкоды навакольнаму асяродзьдзю.

Абмежаваньні на выданьне і распаўсюд рэлігійнай літаратуры:

Рэлігійныя матэрыялы могуць быць апублікаваныя толькі 10 зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі. Улады маюць шырокія паўнамоцтвы па рэгуляваньні анлайн-кантэнту, патрабуюць рэгістрацыі вэб-сайтаў.

Антысэмітызм:

Прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку прэзыдэнт Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ, дапускалі антысэміцкія выказваньні. Не былі знойдзеныя і пакараныя асобы, адказныя за вандалізм у адносінах да габрэйскіх помнікаў, могілак, або іншай маёмасьці.

Пратэсты супраць закону аб свабодзе сумленьня:

У 2008 годзе абаронцы правоў чалавека зазналі перасьлед за арганізацыю найбуйнейшай у беларускай гісторыі пэтыцыі аб рэформе закону аб свабодзе сумленьня. Пад пэтыцыяй паставілі подпісы 50 000 чалавек, і яна была накіраваная ў парлямэнт, адміністрацыю прэзыдэнта і ў Канстытуцыйны суд, але была адхіленая.