Любоў Кавалёва: «Буду змагацца далей — дзеля памяці сына!

Любоў Кавалёва

Сваякі пакаранага за тэракт Уладзіслава Кавалёва прымаюць спачуваньні. Да іх пішуць і тэлефануюць зь Беларусі ды іншых краін, жыхары Віцебску нясуць кветкі. А пад домам круглыя суткі дзяжураць міліцыянты.
З вакна кватэры Кавалёвых на вуліцы Рэпіна ў Віцебску відаць машыны з супрацоўнікамі спэцслужбаў: яны дзяжураць па некалькі гадзінаў, зьмяняючы адна адну. У машынах людзі то ў форме, то ў цывільным.

Тацяна Козяр, сястра Ўладзіслава Кавалёва, часта падыходзіць да вакна — але ня дзеля таго, каб зірнуць на вуліцу. Пад вакном, у куце, стаіць столік — а на ім абразы і партрэт брата. Побач — кветкі, якія прыносяць знаёмыя і незнаёмыя людзі. Учора ўвечары каля 30-ці хлопцаў і дзяўчат зладзілі хвіліну маўчаньня проста ў пад’езьдзе, дзе жывуць Кавалёвы.



Запалілі сьвечкі на лесьвічнай пляцоўцы, паклалі кветкі, а сёньня іх забралі ў кватэру, апавяла Тацяна:

«Перанесьлі ўсё дахаты, зрабілі такі куточак для Ўладзіка. Паставілі на стол тыя кветкі, што хлопцы ўчора прыносілі, фатаздымак, сьвечкі. Проста няхай будзе памятны куток. Думалі з мамай: можа, палічку нейкую потым павесім, на яе абраз паставім, што нам таксама ўчора прынесьлі».

Супрацоўнікі міліцыі пільнуюць з машыны, хто ўваходзіць у пад’езд і хто выходзіць, працягвае сястра:

«Стаіць „уазік“, і адтуль пэрыядычна выходзіць чалавек у форме — разьмяць ногі. І чаго тая машына стаіць? Учора нікога ж не чапалі. Але і „таптуноў“ ходзіць куча! Гэта сьмешна! Ад каго яны нас ахоўваюць? Ад добрых людзей? Да нас людзі толькі падтрымаць ходзяць!»

Маці Ўладзіслава, Любоў Кавалёва, таксама кажа, што міліцэйская ахова ёй не патрэбная:

«Людзі разумныя ўсё правільна разумеюць і гадасьці рабіць ня будуць. А тых, хто здольны на гадасьці — тых мала. Мы і Ўладу заўжды казалі, што людзі нас падтрымліваюць, што людзі за нас! Ён хаця б гэта ведаў... Так што неяк трэба прыходзіць у сябе, трэба брацца за галаву, і трэба працягваць працу. Нягледзячы на тое, што ў мяне такая трагедыя здарылася, дзеля памяці сына я буду працягваць змагацца».

смс са словамі падтрымкі на адрас Любові Кавалёвай



Любоў Кавалёва імкнецца гаварыць бадзёрым голасам. Але потым цішком плача, кажа дачка Тацяна. Ад цяжкіх думак ратуюць тэлефанаваньні, СМС-кі са словамі падтрымкі, допісы ў сацыяльных сетках. Таня і Любоў Іванаўна мяркуюць, што сям’і Дзьмітрыя Канавалава — другога асуджанага і расстралянага за менскі тэракт — цяпер нашмат цяжэй. Яны ня йдуць ні на якія кантакты і ўжо амаль год жывуць пад кругласуткавай аховай: нават у краму ці пагуляць з сабачкам выходзяць у суправаджэньні людзей у цывільным.

Расстрэл асуджаных да сьмяротнага пакараньня Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва стаў галоўнай тэмай абмеркаваньняў на віцебскіх інтэрнэт-форумах і сайтах. На сайце «Народныя навіны Віцебску» матэрыялы пра выкананьне прысуду і пра акцыі памяці Ўладзіслава Кавалёва — самыя чытаныя і камэнтаваныя, кажа рэдактар Сяргей Серабро:

«Самы папулярны матэрыял — гэта пра тое, што памяць Уладзіслава Кавалёва ўшанавалі на плошчы Перамогі. Яго за адзін дзень прагледзелі 9 тысяч чалавек, гэта рэкорд для нашага сайту. У самым першым матэрыяле, пра расстрэл, 60 камэнтароў. Прычым тыя, хто заходзіць на сайт з Расеі, пішуць, што згодныя з рашэньнем Вярхоўнага суду. А беларусы, жыхары Віцебску, у большасьці спачуваюць маці Ўладзіслава Кавалёва».