Аксана Спрынчан — пра высакосны белліт

Аксана Спрынчан

Высакосны, альбо пераступны, год ў народзе ўважаецца за надзвычай складаны, а высакосны люты, паводле народнай прыкметы, найцяжэйшы месяц. У гэты год ня варта пачынаць будаўніцтва, бо дом згарыць альбо ягоныя жыхары будуць хварэць; нельга зьмяняць працу, бо доўга на ёй не затрымаесься; нельга разводзіцца, бо ня будзе новага шчасьця, нельга, нельга, нельга… А працягваць жыць і ствараць народ не забараняе. Вось і ня будзем расставацца з «Пяцікніжжам Свабоды». Зьвернемся ў ім да тэмы высакоснага году. Які ж ён у беларускай літаратуры?

Віктар Казько. Високосный год. Менск, «Мастацкая літаратура», 1974

У высакосныя гады памірае нашмат болей людзей, чым у «звычайныя». Гэтак кажа беларускі народ. Ня ведаю, ці згодная зь ім статыстыка. Як бы яна не палічыла, я веру народу. Ці болей, ці меней нараджаецца ў высакосныя гады, народ ня кажа. Віктар Казько нарадзіўся ў 1940-ы, высакосны год. У вайну ад выбуху бомбы загінула маці, замерзла маленькая сястрычка. Па вайне Віктар не прыжыўся ў новай бацькавай сям’і, сышоў з дому. Гадаваўся ў дзіцячых дамах… Ягоная аповесьць «Высакосны год» — сплаў высакоснай аўтабіяграфічнасьці і высакоснай мастацкасьці; лава болю, які разьдзірае цябе наскрозь і адначасова лекуе. Слова, якое было напачатку і што захавала такое маленства, якога не павінна было б быць. Як ні дзіўна, замест таго, каб узгадваць гэты твор у кантэксьце літаратуры пра вайну, у мяне побач становяцца адно творы пра ГУЛАГ… Але апрача высакоснага, жыцьцё ў гэтым творы і высокае, яно выціскае зь цябе, як зь вінаградзінкі, сок, і высушвае да разынкі (якая вяртае назад сваю форму, дзякуючы тваім сьлязам). Уражвае і беларускасьць гэтага расейскамоўнага твора (з’ява надзвычай рэдкая), і красамоўнае прозьвішча галоўнага героя — Прыгода, і надзвычайная моц тых, хто любіць Беларусь.

Васіль Жуковіч. Мітынг у полі. У кн. «Разняволеньне». Менск, «Мастацкая літаратура», 1990

30 кастрычніка 1988 году ў полі дарогаю на Курапаты адбыўся легендарны мітынг памяці ахвяраў сталінізму. З гэтага мітынгу ў Беларусі пачалося новае беларускае Адраджэньне. Ці не адзіны з паэтаў, хто зьвярнуў увагу на высакоснасьць таго году, — Васіль Жуковіч:

Год высакосны — восемдзесят восьмы,
Трыццатага кастрычніка зэніт.
Міліцыяй адціснутыя, вось мы
У полі, у часовай цішыні.

Верш і пазначаны 30.10.88. Зачаты ў полі, ён нарадзіўся ў кнізе «Разьняволеньне». І ўсё ж пытаньне зь яго: «Ці ланцугом ахопяць нашу волю?» амаль праз чвэрць стагодзьдзя застаецца, на жаль, надзённым.

Вера Вярба. Высакосны год. Менск, 1969

Жыву і прычакаю шчасьця
Усім чарцям наперакор.

Так меркавала Вера Вярба ў вершы 1967-га — невысакоснага году. А ўжо ў вершы «Высакосны год» (1968), які даў назву кнізе, чытаем:

Хвала табе, мой высакосны год,
Ня даў мне шчасьця — падарыў надзею.

Што ж, надзея — ня так ужо і кепска для высакоснага году. Пагатоў, і паэтам стацца без высакоснасьці жыцьця немагчыма.

Вяртаюся цераз нягоды
Да ісцін першаадкрыцьця,
Да непачатасьці прыроды
І таямніцы пачуцьця.

Уладзімер Сіўчыкаў. Высакосны год. «Радыёла-плюс», 2004

Большасьць твораў, зьнітаваных з высакосным годам, у высакосны год пішуцца, а кнігамі выходзяць пазьней. Уладзімер Сіўчыкаў сваю кнігу хоку і танка «Высакосны год» менавіта выдаў у высакосны год. Трэба адзначыць, што ў высакосны 1996-ты пабачыла сьвет кніга хоку «Круглы год» дзевяці беларускіх пісьменьнікаў. Сярод іх быў і Уладзімер Сіўчыкаў. «Круглы год» была першай кнігай хоку ў беларускай літаратуры, і высакосны год калі і не паспрыяў ёй, дык, відавочна, не зашкодзіў. З «Высакосным…», як заўжды, усё складаней. Мінула восем гадоў, а жарсьці вакол кнігі не сьціхаюць:

Закіпае джэм…
Восы апаноўваюць
мядовы вечар.

Многія творы з гэтай кнігі, зьвязаныя са знакамітай Лысай Гарою (сказ пра якую не змаглі падзяліць два беларускія пісьменьнікі — Мікола Аўрамчык і Ніл Гілевіч).

Аднойчы я паднялася на Гару і пабачыла:

Мятлікаў палёт
абуджае паляну
ў сонечных промнях.

А пасьля прачытала ўва Уладзімера Сіўчыкава. А пасьля аказалася, што гэта ўжо даўно пабачыў Басё…

А прачытаеш:

Жоўты пясочак.
Пры Курапацкіх соснах
трасу будуюць!..

і пытаньняў, хто напісаў, няма. Толькі наш, беларуска-высакосны, лёс.

Еўдакія Лось. Высакосны год. У кн.«Выбраныя творы». У 2-х тамах. Т. 2. Менск, «Мастацкая літаратура», 1979

Еўдакія Лось «ашчасьлівіла» 1972-гі высакосны год паэмай, прысьвечанай яму. Недарод і сьмерць ідзе разам з гэтым годам. І ў той жа час год высакосны «па-свойму шчодры» — хіба не падарунак яшчэ адзін «лішні» дзень?!

Год высакосны — не ускосны,
ну, а які «ускосны» зь іх!
Які не за грудкі бярэ,
а толькі ветрыкам махае?
Каторы сіл не вымагае
ад тых, хто піша і арэ?

І, дадамо — ад тых, хто чытае. А таму няхай у вашым жыцьці ня будзе ніводнага «лішняга» дня бяз кнігі. Ды й «ня лішняга» дня бяз кнігі няхай ня будзе.