Бабруйская «двойка». Прыстанак Алеся Бяляцкага

Папраўчая калёнія № 2 («двойка»), што на ўскрайку Бабруйску, адчыніла сваю браму 25 лістапада 1965 году.
Папраўчая калёнія № 2 («двойка»), што на ўскрайку Бабруйску, адчыніла сваю браму 25 лістапада 1965 году. Яна мае рэпутацыю адной зь лепшых папраўчых установаў Беларусі. Гэты імідж падтрымліваецца тымі СМІ, чыім супрацоўнікам дазваляецца наведаць калёнію і фатаграфаваць у ёй. Як вынікае з публікацыяў, сёньня аніводная турэмная ўстанова ня мае такой мадэрнізаванай трэнажорнай залі, як у Бабруйску. Пару гадоў таму тут праводзіліся мужчынскія спаборніцтвы па бодыбілдынгу (культурызму). Наведваюцца ў ПК і артысты. Яшчэ ў Бабруйску ёсьць свой тэатар, свае радыё- і тэлестудыя. Дзейнічае праваслаўная царква.Некалькі гадоў таму ў храме заміратачыла ікона Іаана Кармянскага. Лічыцца, што гэта добры знак.


«Дорога в штаб — дорога к дому!»


На прамзоне, што на тэрыторыі калёніі, асуджаныя вырабляюць разныя драўляныя тумбачкі, пагоны, шаўроны, вымпелы, нашыўкі для сілавых структураў. Раней зьняволеных вазілі працаваць у горад на шынны камбінат. Там для іх быў створаны адмысловы цэх. Цяпер на шынны зэкаў ня возяць.

На тэрыторыі спрэс драўляныя скульптуры жыцьцярадасных баброў, зробленыя рукамі ЗК. Адзін з баброў трымае агітацыйны плякат: «Запомни сам, скажи другому: «Дорога в штаб — дорога к дому!» Такі сабе наглядны заклік да супрацоўніцтва з кіраўніцтвам калёніі, каб прысьпешыць выхад на волю.

Сёньня ў Бабруйску сядзяць прыкладна 2700 чалавек. Пераважна гэта так званыя «эканамісты». Нямала сядзіць за бойкі і крадзяжы. Хоць ёсьць сядзельцы зь вельмі сур’ёзнымі артыкуламі — забойствы, сэксуальныя злачынствы.

Апошнім часам праз «двойку» прайшло нямала палітвязьняў — дарэчы, чамусьці шмат зь імем Андрэй: Андрэй Саньнікаў, Андрэй Бандарэнка, Андрэй Пратасеня, Андрэй Кім, а таксама Дзьмітры Дрoзд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакоў.

Ад 28 лютага ў Бабруйску ўтрымліваецца палітычны зьняволены, праваабаронца Алесь Бяляцкі, асуджаны на чатыры гады ўзмоцненага рэжыму.

  • Адрас калёніі: 213800, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.
  • Прыёмная начальніка: тэл. (8-0225) 434005.
  • Кадравы апарат: тэл. (8-0225) 432187, 431678.
  • Начальнік: падпалкоўнік Какунін Аляксандар Анатольевіч.

http://www.youtube.com/embed/ylnPwttp7oICамадзейны тэатар у калёніі №2.

Карантын


Гэтымі днямі Алеся Бяляцкага маюць перавесьці ў атрад, а дагэтуль ён знаходзіўся ў так званым карантыне. Сюды трапіў этапам з «Валадаркі», а на «Валадарку» — з Жодзінскай турмы.

Паводле былых ЗК, карантын, а таксама атрад «гаспадарчай абслугі» лічацца сярод адміністрацыі тымі месцамі, якія найлепш наведваць журналістам з фота- ды відэакамэрамі. Умовы там істотна адрозьніваюцца ад тых, што ў жылой зоне, а таму і самі вязьні выглядаюць нашмат менш, паводле той жа тэрміналёгіі, «зачморана».

Колішні асуджаны ПК-2 Андрэй Бандарэнка параўноўвае карантын з школай маладога ЗК. Асуджанага рыхтуюць да таго, што яго можа чакаць падчас папраўчага працэсу ў зьняволеньні:

Андрэй Бандарэнка

«У гэтыя першыя дні адміністрацыя рыхтуе вязьняў да выкананьня нярэдка вельмі абсурдных загадаў: гучна вітаць начальства, прыбіраць, мыць і г.д. Па сутнасьці, тое ж самае, што і ў жылой зоне, проста за час карантыну, які цягнецца прыкладна два тыдні, ты ня можаш выйсьці за межы карантыннага ўчастку ў жылую зону. Істотны мінус бабруйскага „карантыну“ ў параўнаньні зь іншымі ПК — вельмі маленькая, дзесьці на 70 кв.м, тэрыторыя для шпацыру».

Тым ня менш Алесь Бяляцкі, як вынікае зь ягоных самых першых «бабруйскіх» лістоў сябрам і дадому, быў узрадаваны і такім маленькім дворыкам. Пакуль ён доўга сядзеў у абмежаванай прасторы менскага ды жодзінскага СІЗА, у яго пагоршыўся зрок — не было магчымасьцяў трэніраваць вочныя цягліцы. А вось у Бабруйску ён нарэшце пабачыў сонца.

Натальля Пінчук

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук на нашу просьбу зачытала атрыманую ёй напярэдадні 8-га сакавіка паштоўку:

«Вось ён піша: «Сёньня першы дзень вясны, калі на двары сьвяціла вясновае сонца і ажыўлена цьвіркалі вераб’і, хачу павіншаваць цябе з надыходзячым сьвятам працуючых жанчын. Ты напрацавалася за гэты год болей чым калі, гэта сапраўды тваё сьвята. Жадаю табе болей здароўя і меней працы».

Жылая зона


Палітвязень Андрэй Пратасеня правёў у Бабруйску дзевяць месяцаў. Калёнію ўзгадвае так:

Андрэй Пратасеня

«Будынак такога інтэрнатнага тыпу з калідорамі і сэкцыямі, дзе людзі жывуць. Адзін туалет на паверсе Стаўленьне такое, што асуджаныя — ня людзі. Асабіста я прэтэнзіяў ня маю да калёніі, я не адчуў там на свой адрас пагрозаў нейкіх, каб мяне ламалі, але такое адчуваньне, што гэта не папраўчая калёнія. Выпраўленьнем там ніхто не займаецца. Туды пасадзілі людзей, каб яны ахоўвалі. Вось і ўсё».

Сашу А. — 25 гадоў. У Бабруйску ўжо тры гады. Сюды яго перавялі з Аршанскай калёніі, дзе адседзеў чатыры. Засталося яшчэ два гады. За краты трапіў у 18, пасьля «адзначэньня» свайго першага дня працы. Разам зь сябрам-аднагодкам пабілі п’янага мужыка і кудысьці закінулі ягоны плястыкавы пакет. Справу кваліфікавалі як групавую бойку і разбой. У бабруйскую калёнію прасіўся таму, што гэтая зона славілася мякчэйшым рэжымам, а атрадныя ня так зьдзекаваліся зь вязьняў, як у іншых калёніях. І яшчэ таму, што адміністрацыя тут ня надта перашкаджала тым, хто ішоў на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Цяпер, з прыходам новага начальніка, усё, як кажуць, мяняецца ў звычайны бок.

Як мяркуе мама вязьня, умоўна-датэрміновае яе сыну ня сьвеціць, бо той ігнаруе галоўны заклік адміністрацыі — «дарогу ў штаб».

«Саша зь дзяцінства не „стучаў“, такім я яго выхавала, — распавядае жанчына. — А тут адваротнае выхаваньне. Кажа: я нікому не давяраю».

Жанчыну вельмі хвалюе, што за ўсе сем гадоў папраўчага працэсу сын набыў выключна турэмны, а не сацыяльны ды прафэсійны досьвед.

Як і прыкладна дзьве траціны арыштантаў, ён не працуе. На дрэваапрацоўку ня мае здольнасьцяў, а за іншую працу плацяць капейкі. У творчыя гурткі хлопец ня ходзіць. Адзін час спрабаваў вучыць замежную мову, аднак потым кінуў.
Нашто дзяржаве трымаць такую вялікую колькасьць гультаёў зь ня самымі злымі злачынствамі?

«Нашто дзяржаве трымаць такую вялікую колькасьць гультаёў зь ня самымі злымі злачынствамі? — кажа Сашава маці. — Трэба як мага хутчэй іх выгнаць адсюль, каб рабілі!»

Хоць пэрспэктыва выхаду сына на волю страшыць жанчыну ня менш, чым само ўтрыманьне ў калёніі.

Колішняму вязьню Аляксею, які зьехаў зь Беларусі, — за 40. Сядзеў у Бабруйску ў 2005–2009 гадах за «эканамічнае злачынства».

«За гэты час пабачыў нямала, — піша колішні зьняволены. — Быў сьведкам паказушнага прыезду ў калёнію генэрала Навумава, калі зэкаў зачынілі ў бараках, а Навумаў вадзіў камісію і казаў, што ўсе на працы. На той час у зоне было 3800 чалавек, а працавала 600 (дадзеныя па сталоўцы). Яшчэ пры мне было, як маладыя хлопцы ўскрывалі вены з-за мянтоўскага гвалту. Адчуў на ўласнай скуры, калі ў 2007 у бараку (на хутары), дзе жылі 750 чалавек, зачынілі ўсе прыбіральні, пакінуўшы 2 кабіны на першым паверсе. І тры (!) месяцы 750 чалавек, у сьпякоту (!) хадзілі на адно ачко. Паверце, гэта ня сьмешна. Штотыднёвая дарога ў лазьню, зьдзекі на марозе, калі мінус 20 і калі дзяжурны афіцэр, убачыўшы, што ты стаіш мокры ля брамы, наўмысна цягне час, пакуль цябе пачне трэсьці ад холаду. Працягваць можна бясконца… У ПК-2 сядзяць розныя, у тым ліку забойцы і гвалтаўнікі. Гэтых мне не шкада. Але ж больш за палову сядзяць па сфабрыкаваных справах».

«З Алесем Бяляцкім Бабруйская калёнія глыне гора»


Як лічыць праваабаронца Андрэй Бандарэнка, сёньня ў Беларусі шмат людзей сядзяць калі не па сфабрыкаваных справах, то з слабой доказнай базай складу злачынства:
Зьняволеныя з майго атачэньня нярэдка маглі спрачацца, што глядзець па ТБ: чэмпіянат сьвету па футболе ці вечар паэзіі.

«Калі я пісаў дадому лісты, я ня раз выказваўся: яшчэ ня ясна, дзе больш прыстойная публіка — тут або на волі. У кампаніі, якая мяне атачала ў ПК-2, былі вельмі цікавыя людзі. Ваенны пракурор рэспублікі Беларусь, консул Беларусі, дырэктары буйных заводаў і фірмаў, бізнэсоўцы, эканамісты, лекары. У Бабруйску я ўпершыню пазнаёміўся з анархістамі. Зьняволеныя з майго атачэньня нярэдка маглі спрачацца, што глядзець па ТБ: чэмпіянат сьвету па футболе ці вечар паэзіі»…

Як перакананы Андрэй Бандарэнка, «з Алесем Бяляцкім Бабруйская калёнія, вядома, глыне гора. Гэта чалавек, добра знаёмы і з законамі, і з турэмнымі „паняцьцямі“, і з правамі чалавека за кратамі. А парушэньняў утрыманьня ў ПК больш чым дастаткова. Зь іншага боку, умовы ўтрыманьня ў зоне складаюцца такім чынам, каб зьняволены ня меў магчымасьці супрацьстаяць гэтаму турэмнага рэжыму. І ў выніку магчымы варыянт Статкевіча — Аўтуховіча, якіх перавялі ў „крытыя“ турмы».