«Таварыш Сапега» і яго нявольнікі

Шляхетныя роды Радзівілаў, Сапегаў ды Агінскіх ня маюць дачыненьня да беларускай культуры, бо належаць іншай мэнтальнасьці. Гэтак заявіў намесьнік дырэктара прэзыдэнцкага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру, прафэсар Леў Крыштаповіч на круглым стале ў Менску.

Нават галоўны начальнік Крыштаповіча ў свой час быў далікатнейшы ў ацэнцы спадчыны Вялікага княства Літоўскага. Пасьля недарэчных словаў пра «таварыша Сапегу» зьявілася інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі, дзе той казаў, што ў нечым разумее канцлера ВКЛ: «Перад мною стаяць ў пэўным сэнсе тыя ж праблемы».

А вось спадар Крыштаповіч раіць пэрыяд Вялікага княства Літоўскага зь беларускай гісторыі выкінуць. Менавіта гэты час яго дратуе, а ня іншыя, калі ў кіроўнай эліце Беларусі былі, напрыклад, «беларускамэнтальныя» Міхаіл Мураўёў-вешальнік альбо Лаўрэнці Цанава.

Леў Сапега, канцлер ВКЛ

Канцлер Сапега сапраўды меў ідэі, якія цяперашнім беларускім ідэолягам чужыя і нават дзікія. І гаворка не пра асабісты матэрыяльны посьпех і няўвагу да слабых, якімі палохаў спадар Крыштаповіч, — з гэтым якраз праблемаў няма.

У прадмове да Статуту ВКЛ 1588 году Леў Сапега пісаў, што «чоловеку почъстивому ничого не маеть быти дорожшого надъ вольность, а неволею такъ се маеть гыдити, же не только скарбами, але и смертью ее одъ себе отганяти есть повиненъ» — «прыстойнаму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду, а няволя так павінна быць агідная, што не толькі скарбамі, але і сьмерцю яе ад сябе адганяць абавязаны».

Далей дазволю сабе дзьве даўгія і ўжо зусім крамольныя цытаты адразу ў сучасным перакладзе:

«Аднак ужо мала б і на тым было, каб чалавек ад няволі ад пабочнага непрыяцеля быў свабодны, калі б дамашняга непрыяцеля над сабой павінен быў цярпець. Тады той муштук, або цуглі, на стрымліваньне кожнага нахабніка быў прыдуманы, каб, баючыся права, ад ўсякага гвалту і самавольства стрымліваўся, а з слабейшага і бяднейшага ня зьдзекаваўся і прыгнятаць яго не мог, бо для таго правы ўстаноўлены, каб багатаму і моцнаму ня ўсё можна было рабіць. Як Цыцэрон казаў, што зьяўляемся нявольнікамі закону для таго, каб карыстацца свабодай маглі».

«I тое ёсьць наша свабода, якой усе мы між іншымі народамі хрысьціянскімі хвалімся, каб пана, які б згодна з воляй сваёй, а ня згодна з правамі нашымі кіраваў, над сабой ня маем, а як славай добрапрыстойнай, так жыцьцём і маёмасьцю свабодна карыстаемся. Таму, калі хто-небудзь з трох тых рэчаў у чым нас пакрыўдзіў і па свайму капрызу, а ня згодна з правамі нашымі, з нас зьдзекавацца асьмеліўся, той ужо ня панам нашым, але парушальнікам правоў і вольнасьцяў нашых быў, а мы стаць нявольнікамі яго былі б павінны».

Наўрад ці нехта з дарадцаў Аляксандра Лукашэнкі рызыкне працытаваць яму гэтыя словы са звароту канцлера Сапегі да ўсіх саслоўяў Вялікага княства Літоўскага. Бо ў цяперашняй Беларусі ня толькі прэзыдэнцкія ўказы вышэйшыя за законы — улада ў адносінах да сваіх праціўнікаў дазваляе сабе рабіць беззаконьне, не зьвяртаючы увагі нават на патрабаваньні тых самых указаў.

Мне не падабаюцца казкі пра любы «залаты век», у тым ліку і пра «залаты век ВКЛ», калі для ўсіх нібыта цяклі малако і мёд. Але некаторыя ідэі з 1588 году выглядаюць значна разумнейшымі і прыстойнейшымі за тое, што нам цяпер спрабуюць уперці як спрадвечную беларускую мэнтальнасьць.

http://www.youtube.com/embed/5fDYzys3jHc