«Колькі ж у гэтага чалавека нянавісьці да сваіх палітычных апанэнтаў….»

Валянцін Жданко

У нашай пошце апошніх тыдняў шмат лістоў на выбарчую тэму. У суседняй Расеі на мінулым тыдні завяршылася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, у выніку якой Уладзімер Пуцін вярнуўся ў Крэмль. А ў Беларусі ўлада і апазыцыя рыхтуюцца да выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія павінны адбыцца гэтай восеньню. Прычым ужо вядома, што выбарчае заканадаўства мяняцца ня будзе, а таму шанцы на тое, што ў дэпутаты пройдзе нехта з апазыцыянэраў, — мінімальныя.

Паралелі паміж выбарамі расейскімі і беларускімі спрабуе правесьці ў сваім лісьце наш слухач Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну. Ён піша:

«Улады ў Расеі (і найперш Пуцін) падчас выбарчай кампаніі актыўна выкарыстоўвалі тыя мэтады, якія пасьпяхова прайшлі „абкатку“ ў Беларусі. Гэта і падзел людзей на „нашых“ і „ня нашых“, „правільных“ і „няправільных“; і залічэньне да „пятай калёны“ ўсіх, хто выходзіць на антыўрадавыя пратэсты; і абвінавачаньні на адрас Захаду, які нібыта аплочвае дэмакратычных дэманстрантаў. А яшчэ — бясконцае заклінаньне людзей магічным словам „стабільнасьць“. Ну і, вядома, трэці афіцыйны тэрмін прэзыдэнцтва адной і той жа асобы…

Але ёсьць і істотная розьніца. У Расеі не забаранялі пратэсты, і тым больш — не разганялі іх. Справа ў тым, што там народ — больш адважны, чым наш. Не спрацоўвае там фактар страху. Не спрацоўвае ён, дарэчы, і ва Ўкраіне…Так што хоць і кажуць, што ўсе мы — браты-славяне, але выглядае, што браты ўсё ж ня родныя…

І яшчэ — крыху на іншую тэму. Нядаўна даведаўся, што нават новы ашхабадзкі туркмэн-башы абвясьціў амністыю. І падумалася: колькі ж у чалавеку павінна быць нянавісьці да сваіх палітычных апанэнтаў, калі ён не вызваляе іх нават пасьля таго, як яны напісалі просьбы аб памілаваньні. Бадай што гэта ўжо паталёгія».

Так, спадар Васіль, у чымсьці расейскі сцэнар выбарчай кампаніі нагадваў беларускі, але ў значна мякчэйшым варыянце. Адметная дэталь: на наступны дзень пасьля галасаваньня пераможца выбараў Пуцін сустрэўся з былымі супернікамі ў сваім кабінэце, прапаноўваў пасады, выслухоўваў пажаданьні. На гэтай сустрэчы, праўда, не было Зюганава, але выключна з той прычыны, што лідэр камуністаў сам не пажадаў адгукнуцца на запрашэньне.

А згадайце пасьлявыбарчы дзень у Беларусі? Амаль усе былыя супернікі Лукашэнкі — у турме КДБ альбо пад сьледзтвам — зьбітыя, прыніжаныя, запалоханыя… Двое з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта — Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч — дагэтуль застаюцца ў няволі, нягледзячы на шматлікія міжнародныя пратэсты, патрабаваньні і санкцыі.


На тэму выбараў выказваецца ў сваім лісьце на «Свабоду» і Галіна Александроўская з Магілёва. Слухачка разважае над тым, чаму ўлады ў Беларусі адмаўляюцца зрабіць працэс галасаваньня празрыстым і сумленным. Спадарыня Галіна піша:

«Вельмі ўражвае, як Лукашэнка і Ярмошына баяцца празрыстых скрыняў для галасаваньня: адхрышчваюцца ад іх як могуць. Яшчэ б: падвойнае дно ў іх, напэўна, не прыладзіш, цьвічкі не дастанеш… А ўкіданьне фальшывых бюлетэняў можна будзе адразу выявіць няўзброеным вокам. Для Ярмошынай празрыстая скрыня — усё роўна што чырвоны плашч тарэадора для разьюшанага быка. Так што яна будзе пастаянна бадацца, як толькі зойдзе размова пра гэта…».

Сапраўды, спадарыня Галіна, за чырвоныя фанэрныя скрыні, зьбітыя з дапамогай шавецкіх цьвічкоў, беларускія ўлады трымаюцца абедзьвюма рукамі. Колькі год таму апазыцыянэры пры падтрымцы прадпрымальнікаў прапаноўвалі абсталяваць участкі празрыстымі плястыкавымі скрынямі за ўласны кошт, безь дзяржаўных выдаткаў. Дык чыноўнікі катэгарычна не пагадзіліся. Сказалі: закон не дазваляе і патрэбы ў гэтым няма.

Скрыні гэтыя выглядаюць замшэлым анахранізмам нават на тле Расеі. Падчас нядаўняй выбарчай кампаніі там ужо выкарыстоўвалі сучасныя аўтаматызаваныя празрыстыя скрыні. А ўсе выбарчыя ўчасткі паводле распараджэньня Пуціна абсталявалі відэакамэрамі.


Новы ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Разважаючы пра цяперашнія клопаты вясковых пэнсіянэраў, спадар Павал піша:
«Прэзыдэнт увесь час хваліцца: „Падвышаем пэнсію, пра старых не забываем“. Так, адной рукой да пэнсіі нешта дабаўляюць, але ж пры гэтым абедзьвюма — забіраюць, лупяць з пэнсіянэра апошнюю скуру. Вось мне на сёньняшні дзень пайсьці ў краму — вялікая праблема. Пэнсія маленькая, а цэны — завоблачныя. На месяц атрымліваю 651 тысячу рублёў. Засталося на гэты момант 38 тысяч. Трэба неяк дажыць да 10-га чысла. Бадай што хопіць толькі на хлеб: пра ўсё іншае гаварыць не выпадае.

…Дзіўна, што пры гэтым на ўсіх дзяржаўных каналах гучыць пахвальба: як добра мы жывем, колькі ўсяго будуем, як нарошчваем экспарт харчаваньня. Лукашэнка вось загаварыў пра малочную прамысловасьць, пра нейкі холдынг. У нашай мясцовасьці ў такіх выпадках кажуць: „Азірнуўся касы, як хваста ня стала…“ Адкуль жа будзе малако пры такім гаспадараньні? Вось у нашым СВК „Макраны“, каб пракарміць жывёлу, возяць сена і сянаж з суседняй гаспадаркі „Ляхаўцы“. Няма і саломы: падсьцілаюць пяском. Пытаюся ў іх неяк: куды ж салома падзелася — гэтулькі збожжа было пасеяна і ўбрана? Ну, — адказваюць, — вось зараз сьнег сыдзе — салому граблямі з поля паднімем, і будзе чым падсьцілаць. Чаму ж тая салома пад сьнегам апынулася? Аказваецца, новыя камбайны падчас жніва салому не зьбіваюць і не складаюць у копы, як некалі гэта рабілі савецкія камбайны, а — кладуць на ржышча. А паднімаць потым яе ды ўбіраць — дорага… Вось такое ў нас гаспадараньне».

Падставаў дзеля таго, каб хваліцца перад суседзямі, у беларускіх уладаў, сапраўды, ня надта шмат. Чаго дасягнулі беларусы за 18 год прэзыдэнцтва Лукашэнкі? Згадайма: 20 год таму заробкі беларусаў былі вышэйшыя, чым у палякаў, і прыблізна на адным узроўні з жыхарамі рэспублік Прыбалтыкі. Многія расейцы і ўкраінцы тады імкнуліся перасяліцца ў Беларусь, бо тут былі лепшыя ўмовы, больш тавараў у крамах. А што сёньня? Сярэдні заробак у Польшчы напрыканцы мінулага году наблізіўся да тысячы эўра ў месяц, у Расеі — 720 эўра, у Літве — 630. А ў Беларусі — 257. Усе мінулыя гады Беларусь па гэтым паказьніку апярэджвала Ўкраіну, але летась і паўднёвыя суседзі абышлі беларусаў — іхны сярэднямесячны заробак на 30 эўра вышэйшы за беларускі.


Многія нашы слухачы зь непакоем і трывогай сочаць за лёсам палітвязьня Сяргея Каваленкі, які трымае ў турме галадоўку пратэсту. Вось што піша нам з гэтай нагоды Міхась Нёман зь Бярозаўкі Лідзкага раёну:

«Зьвяртаюся да Сяргея з адной настойлівай просьбай. Трэба неадкладна спыніць галадаваньне і не вяртацца да яго. Ты, Сяргей, патрэбен Беларусі здаровым і дужым. Жадаю табе як мага больш хуткага выздараўленьня і свабоды. Мы ганарымся табой! Ставімся да цябе і тваіх родных з найвялікшымі павагай і пашанай».

Міхась Нёман даслаў таксама свой верш, прысьвечаны Сяргею Каваленку, у якім ёсьць такія радкі:

«За сьцяг сьвяты цябе катуюць
І тым палохаюць народ…
Там час ідзе наадварот —
І ўжо там трыццаць сёмы год…
Ды век кароткі будзе ў ка́та
І непазьбежнаю — расплата.
Як непазьбежнай была ка́ра,
Што напаткала Муамара…
».

Сапраўды, гэта, бадай, першы выпадак у гісторыі сучаснай Беларусі, калі звычайны просты будаўнік — не палітык, не грамадзкі дзеяч — прымае такія пакуты за нацыянальны сьцяг, за сьвятыню, якую лічыць для сябе вялікай каштоўнасьцю. Думаю, на нашых вачах адбываецца ня проста чарговая палітычная галадоўка — бескарысьлівы і самаахвярны ўчынак Сяргея Каваленкі ўздымае бел-чырвона-белы сьцяг на такую маральную вышыню, што вяртаньне гэтага сьцяга ў беларускую паўсядзённасьць становіцца проста непазьбежным.


І на заканчэньне — ліст-падзяка ад Мікалая Хільтова зь Менску. Слухач піша:

«Вельмі ўдзячны за нечаканы падарунак — касэты з запісам песень Данчыка, якія выклікалі ў мяне вялікае пачуцьцё радасьці. Шчыры дзякуй беларускаму салаўю Данчыку, песьні якога прыносяць ні з чым не параўнальную асалоду, дапамагаюць жыць і верыць у лепшую будучыню. На жаль, няма на касэтах славутых „Зорачак“ і „Красак шчасьця“, якія я сьпяваў некалі разам з аўтарам Сяргеем Новікам-Пяюном у ягонай кватэры на вуліцы Купрыянава. І „Краскі шчасьця“, і „Слонімскі вальс“ — вельмі дарагія для мяне песьні, якія я нашу ў сваім сэрцы ўсё жыцьцё.

Вы, журналісты „Свабоды“ — таксама як і Новік-Пяюн — змагары за вольную, свабодную Беларусь. Нам усім яшчэ вельмі далёка да яе. Занадта мы талерантныя, цярплівыя, дзе трэба і дзе ня трэба кіруемся прынцыпам „Мая хата з краю…“

І ўсё ж хочацца верыць, што калі-небудзь настане час, калі мы, слухачы „Свабоды“, сустрэнемся з вамі, як калісьці бесьперашкодна сустракаліся ў цэнтры Менску ў Доме літаратара. Дзякуй за вялікую справу, якую вы робіце для Беларусі».

Дзякуй, спадар Мікалай, і вам за гэтыя шчырыя пранікнёныя словы. Мы рады, што старыя магнітафонныя касэты, якія выпадкова захаваліся ў нашых архіўных шуфлядах, выклікалі ў вас столькі станоўчых эмоцый і такую хвалю сьветлых успамінаў.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.