«Лукашэнка быў, ёсьць і будзе супраць увядзеньня расейскага рубля»

Міхаіл Чыгір

Апошнім часам пра магчымасьць увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі загаварылі ня толькі расейскія, але і некаторыя беларускія чыноўнікі. Ці можа беларускае кіраўніцтва пры пэўных умовах пайсьці на адмову ад уласнай валюты? Ці гатовы Аляксандар Лукашэнка страціць значную часткі сваёй улады пры ўмовах увядзеньня расейскага рубля? На гэтыя пытаньні адказвае былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір.
Цыганкоў: Адны кажуць, што пэрспэктыва ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі азначае канец фінансавай незалежнасьці краіны, іншыя разглядаюць гэта ня так трагічна. А якое ваша стратэгічнае меркаваньне на гэты конт?

Чыгір: Вядома, што ўвядзеньне расейскага рубля прывядзе да страты фінансавай незалежнасьці. Таму я ня думаю, што гэта тое рашэньне, якое можна было прымаць. Лукашэнка ж казаў з гэтай нагоды — «мы што, па заробкі будзем у Маскву езьдзіць?» Яно ж так і ёсьць.

Калі б гэта было як у Эўразьвязе, дзе шмат розных краінаў і адзіная валюта — гэта іншая справа. А калі Беларусь нават разам з Казахстанам, разам з Расеяй, то вага іхняя у эканоміцы вельмі малая, і таму ўплываць на нейкія сумесныя рашэньні Менск ня здолее.

Таму лічу, што беларускі рубель павінен заставацца, і трэба рабіць усё, каб ён быў самастойнай, незалежнай і ўстойлівай валютай.

Цыганкоў: Пэўны час падавалася, што тэма ўвядзеньня расейскага рубля даўно не актуальная, але цяпер пра гэта загаварылі нават некаторыя беларускія асобы, у тым ліку старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў. Ці гэта проста палітычная гульня, каб паказаць Маскве: бачыце, вось мы пра гэта думаем, разважаем, абмяркоўваем?

Чыгір: Чаму гэта зноў узьнікла? Па-першае, зараз ужо відавочна, што МВФ ня дасьць пакуль новага крэдыту Беларусі. Па-другое, ня вельмі добрыя фінансавыя адносіны і з Расеяй. Так што ёсьць пагроза, што наш рублель і далей ня здолее стаць цьвёрдай нацыянальнай валютай.

Цыганкоў: А што Расея? Ці гатовая яна дзеля сваіх геапалітычных інтарэсаў?..
Яна гатовая раней і сёньня ўвесьці свой рубель на нашай тэрыторыі.

Чыгір: Яна гатовая раней і сёньня ўвесьці свой рубель на нашай тэрыторыі.

Цыганкоў: Нягледзячы на матэрыяльныя страты?

Чыгір: Гэта для нас адчувальна, а для Расеі 10 мільёнаў беларусаў не такія значныя выдаткі. Яны гатовыя гэта зрабіць.

Цыганкоў: Тым ня менш, за час сваёй палітычнай кар’еры Лукашэнка ніколі не ішоў на крокі, якія абмяжоўвалі ягоную ўладу. Ці пойдзе ён на ўвядзеньне расейскага рубля?

Чыгір: Я думаю, ня пойдзе. Казалі, што можа быць два эмісійныя цэнтры. Але ж такога ніколі ня будзе. Эмісійны цэнтар будзе адзін, і ён будзе ў Маскве. Усе добра гэта разумеюць. Таму, я думаю, што Лукашэнка быў, ёсьць і будзе супраць увядзеньня расейскага рубля.