«Эўрапейцы маглі б і пацярпець. Вунь колькі год цярпелі — і нічога...»

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў. Эфір 7 сакавіка 2012 году
Эўрапейскія амбасадары ў адказ на недружалюбныя жэсты з боку рэжыму Лукашэнкі пакінулі Менск. Беларусь усё больш адгароджваецца ад аб’яднанай Эўропы, паглыбляецца ў самаізаляцыю, становіцца безабароннай перад пагрозай магчымай экспансіі з Усходу. На гэтую тэму — значная частка свабодаўскай пошты апошніх дзён.

Наш слухач Сьцяпан Іваніцкі з Жодзіна, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, лічыць, што ў цяперашніх умовах жорсткія крокі Эўразьвязу былі непазьбежнымі. Ён піша:

«Калі б у свой час не было эканамічных санкцыяў супраць рэжыму апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы, то рабства і бантустаны для цемнаскурых існавалі б і сёньня.

Дзяржаўныя СМІ вінавацяць апазыцыю, палохаюць, што ў выпадку ўвядзеньня санкцыяў пагоршыцца жыцьцё насельніцтва. Але санкцыі — гэта вымушаная мера супраць дзеяньняў кіраўніка дзяржавы, які зьневажае агульначалавечыя каштоўнасьці. І таму адказнасьць за ўвядзеньне гэтых санкцыяў кладзецца ў першую чаргу на прэзыдэнта Лукашэнку.

Зрэшты, часьціну віны варта ўзяць на сябе і насельніцтву, якое баязьліва маўчыць і не турбуецца, як будуць жыць нашы дзеці і ўнукі.

Што да выбараў, то я ня бачу розьніцы: байкатаваць іх ці ўдзельнічаць. Паўплываць ні на тое, ні на другое ў нас немагчыма. Увогуле, у Беларусі з ’96-га году зроблена ўсё, каб грамадзянская супольнасьць не разьвівалася. Усе людзі падзеленыя на „правільных“ і „няправільных“. Як толькі нехта пачынае думаць „няправільна“ — яго тут жа звальняюць з працы, а то і саджаюць у турму.

Таму каго сёньня апазыцыя можа вылучаць кандыдатамі ў дэпутаты? Толькі беспрацоўных. У яе засталіся толькі патрыёты-камікадзэ. А ўлада робіць усё дзеля таго, каб і яны вымерлі.

...Нам не патрэбен парлямэнт, які дазваляе марнаваць сродкі на будаўніцтва лядовых палацаў і ўтрыманьне процьмы сілавікоў у той час, калі ў рэгіёнах людзі сядзяць бяз працы і вымушаны пакідаць радзіму ў пошуках заробкаў. Нам не патрэбныя дзьве палаты парлямэнту. Як не патрэбнае і дубляваньне працы ўраду і прэзыдэнцкай адміністрацыі.

А галоўнае пытаньне, якое трэба вырашыць неадкладна, — гэта спыненьне рэпрэсій супраць іншадумцаў, забесьпячэньне ўладай умоў для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці — у тым ліку і зьмена выбарчага заканадаўства»
.

Якраз гэта, спадар Сьцяпан, і стала прычынай вострага супрацьстаяньня паміж рэжымам Лукашэнкі і краінамі Эўразьвязу, якое скончылася ад’ездам зь Менску ўсіх эўрапейскіх паслоў. Беларускі лідэр, безумоўна, ведае, чаго ад яго патрабуюць. Падсьвядома ён, верагодна, разумее, што палітычныя рэформы сапраўды насьпелі, што марудлівасьць можа скончыцца для яго тым жа, чым скончылася для ягоных даўніх хаўрусьнікаў і аднадумцаў у Лібіі, Эгіпце, Тунісе, а цяпер вось канчаецца ў Сырыі. Лукашэнка нават ужо некалькі разоў абяцаў, што рэфармаваньне палітычнай сыстэмы неўзабаве пачне. Але ў рэальнасьці ён ня робіць у гэтым напрамку абсалютна нічога. Палітвязьняў ня толькі не выпускае — а наадварот, павялічвае іхныя шэрагі; выбары будзе праводзіць паводле ранейшых правілаў з ранейшым жа вынікам. Любая лібэралізацыя палохае Лукашэнку найперш таму, што ў выніку яе яго могуць вельмі хутка адхіліць ад улады.

На тэму канфлікту паміж рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніцтвам Эўразьвязу выказваецца ў сваім лісьце на «Свабоду» і яшчэ адзін наш слухач — Іван Калесьнікаў зь Менску. Ён піша:

«Дзіўна, што Эўрапейскі Зьвяз менавіта цяпер так хваравіта адрэагаваў на высылку польскага амбасадара Шарэпкі і прадстаўніцы Эўразьвязу Моры. Нічога ж экстраардынарнага, улічваючы беларускую спэцыфіку, не адбылося. Ці мала заходніх амбасадараў высылаў Лукашэнка і раней? Ён зь імі ўвогуле ня цацкаецца. Усе ж ведаюць, што ў яго характар круты: ён на любыя санкцыі рэагуе рашуча і сьмела. Эўрапейцы маглі б і пацярпець. Вунь колькі год цярпелі — і нічога... А тут раптам — такія дэмаршы. І не баяцца, што Лукашэнка можа ўвогуле ад іх адвярнуцца. Вось плюне на ўсё — і пойдзе на злосьць Захаду на паклон да Расеі...».

Ды ўжо даўно пайшоў ён на паклон у Крэмль, спадар Іван. Якіх толькі інтэграцыйных утварэньняў з Расеяй не наствараў, што толькі не прадаў расейскім алігархам... Што з атрыбутаў дзяржаўнасьці пакуль ня здадзена? Хіба што нацыянальная валюта — беларускі рубель. Але якім жа ён тады будзе прэзыдэнтам, што за ўлада застанецца ў ягоных руках, калі галоўныя эканамічныя і фінансавыя рашэньні, датычныя Беларусі, Крэмль здолее прымаць безь ягонага ўдзелу...

Гэта відавочна цяпер для ўсіх, у тым ліку і на Захадзе. Любімая гульня беларускага лідэра — на супярэчнасьцях паміж Брусэлем і Масквой — ужо не прыносіць жаданага выніку: правілы памяняліся.

Аўтар наступнага ліста падпісаўся як «Антон са Шчучына». За плячыма ў яго ўласны досьвед працы ў выбарчых камісіях, і таму ніякіх ілюзіяў наконт выніку выбарчай кампаніі ў яго няма. Слухач піша:

«Паважаны Валянцін! Часта па Радыё Свабода можна пачуць шум, які ўздымаюць лідэры нашай апазыцыі ў сваіх спрэчках і нават бойках, выкліканых пытаньнем пра ўдзел у хуткіх выбарах у так званы «парлямэнт». Нават лідэры апазыцыйнай «шасьцёркі» ня могуць прыйсьці да згоды і, як вядомыя з байкі лебедзь, рак і шчупак, марнуюць сілы на дробязі, а галоўнае — сваімі дзеяньнямі адштурхоўваюць ад сябе сваіх прыхільнікаў і аднадумцаў, дыскрэдытуюць апазыцыю ў вачах усяго грамадзтва.

Мне паводле абавязкаў службы даводзілася часта ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях яшчэ ў савецкі час. І я бачыў гэтую гульню пад назвай «выбары», пабудаваную на хлусьні і падмане з боку ўладаў і поўнай абыякавасьці да гульні з боку большасьці падманутых людзей. Такая ж сытуацыя назіраецца і цяпер.

У апазыцыі ўзьнікла пытаньне: байкатаваць выбары ці не? Павінна быць, прабачце за выраз, зразумела і дурню: калі не байкатаваць, то пры цяперашніх выбарчых камісіях і выбарчай сыстэме ў цэлым выбары будуць чарговай фікцыяй. А апазыцыйных кандыдатаў чарговым разам аплююць, абсьмяюць і зь іх жа пазьдзекуюцца, калі не зачыняць за краты.

Калі ж выбары байкатаваць, то апазыцыя захавае свой твар, а выбраны без альтэрнатывы фальшывы парлямэнт будзе аўтаматычна пастаўлены ў нелегітымнае становішча.

Нядаўна па тэлевізары Аляксандар Рыгоравіч сказаў ясна, што выберуць у парлямэнт кандыдатаў з народу, г. зн. людзей, адданых рэжыму. А «балбатуны» (маецца на ўвазе апазыцыя) ня пройдуць. Па сутнасьці, гэта — прамое ўказаньне спадарыні Ярмошынай. Кола ў гэтай гульні замкнулася.

Яшчэ адно пытаньне: навошта змагацца за месцы ў парлямэнце, які нічога сэнсоўнага не вырашае? Усе ж ведаюць, што рэальна кіруюць прэзыдэнт са сваёй адміністратыўнай сьвітай, выдаючы ледзь ня штодня то ўказы, то дэкрэты, то пастановы. Але тут усё проста: робіцца гэта дзеля тлустага грашовага кавалка. Зноў жа — дэпутатам даецца гарантыя і магчымасьць у далейшым мець забясьпечанае жыцьцё ня толькі для сябе, але і для сямейства. Зразумела, пры ўмове, што ты будзеш верным служкай рэжыму, а не ператворысься ў яршыстага праўдаруба-апазыцыянэра«


Да ліста зроблена такая дапіска: «Зноў перасылаю ліст праз надзейнага чалавека, бо баюся, што ня дойдзе да адрасата».

Так, спадар Антон, разьлік улады — менавіта на тое, што грамадзтва будзе абыякава назіраць за гэтым фарсам і ўдзельнічаць у ім. А апазыцыя чарговым разам перагрызецца паміж сабой і часткова таксама далучыцца да гульні ў якасьці статыста і «хлопчыка для біцьця». Паралелі з савецкай выбарчай практыкай тут празрыстыя і відавочныя. Ёсьць, аднак, і істотная розьніца. У СССР заклікі да байкоту былі немагчымыя, як немагчымым было існаваньне палітычнай апазыцыі. А грамадзкую пасіўнасьць людзей падтрымлівалі хоць і небагатым, але параўнальна сытым і стабільным існаваньнем. Беспрацоўных і галодных у брэжнеўскім СССР не было. Цяпер усё інакш. Абураных галечай, беспрацоўем і несправядлівасьцю — поўна. А стабільнасьцю ўжо ня хваліцца нават улада.

Зрэшты, ёсьць і такія людзі, якія цяперашнія эканамічныя і сацыяльныя ўмовы ў Беларусі лічаць вялікім посьпехам. Напрыклад, наша слухачка Сьвятлана Яўсьцігнеева зь Менску незадаволеная тым, як на «Свабодзе» асьвятляюцца дасягненьні рэжыму Лукашэнкі. Яна піша:

«Многае зроблена ў Беларусі за апошнія 17 гадоў. Мы забыліся пра пустыя паліцы ў крамах, якія сустракалі нас на пачатку 90-х гадоў. А разьбітыя дарогі? А вёскі бяз газу? А старыя даламаныя аўтобусы вытворчасьці Львоўскага заводу? А цяпер — калі ласка: увесь аўтапарк свой, беларускі. А колькі людзей едзе адпачываць на лыжах у Сілічы, у Лагойск! А мэтро! А як добра для моладзі пайсьці пазаймацца ў Палац спорту — замест таго каб цягацца па пад’ездах... І так далей.

Той, хто піша на „Свабоду“ ды скардзіцца на няшчаснае жыцьцё, нічога ня бачыць, акрамя ўласнай пустой кішэні ды каўбасы па 100 тысяч... Яны, дарэчы, і размаўляць па-беларуску ня ўмеюць: я ж чую, што яны гавораць у сваіх званках на „Свабоду“.

Я — ужо немаладая жанчына. Але вельмі хачу дачакацца хакейнага чэмпіянату, які пройдзе ў нас у Менску ў
2014-м годзе. Чаму вы хочаце пазбавіць нашых
Чаму жонкі былых кандыдатаў у прэзыдэнты нідзе не працуюць, а толькі пішуць? ...

людзей такой радасьці? Чаму гэтыя апазыцыйныя скаржнікі наклікаюць санкцыі на свой народ? (Маю на ўвазе Шушкевіча, Міхалевіча ды іншых.)

Тры гады „Свабода“ крычала: „Свабоду Казуліну!“ Цяпер вось Статкевіч, Саньнікаў ды яшчэ некалькі чалавек бунтуюць увесь сьвет... А што яны зрабілі для радзімы? Чаму жонкі былых кандыдатаў у прэзыдэнты нідзе не працуюць, а толькі пішуць?

Дзякуй нашаму Аляксандру Рыгоравічу, што ён так стараецца зрабіць наша жыцьцё лепшым.

Думаю, што гэты ліст вы ў эфіры не агучыце. Але ведайце, што народ „бээнэфаўцаў“ ня любіць і галасаваць за іх ня будзе»
.

Ня ведаю, спадарыня Сьвятлана, ці даўно вы былі ў беларускай глыбінцы. Думаю, даўнавата. Інакш бы не сьцьвярджалі, што разьбітыя дарогі, паламаныя аўтобусы ды вёскі бяз газу засталіся ў далёкім савецкім мінулым, а пры Лукашэнку ўсё тут адрамантавана, пабудавана і пракладзена. За мінулыя дваццаць год вельмі нямногія вёскі ў Беларусі зьмяніліся ў лепшы бок. Пераважная ж большасьць гібее ў галечы, беспрасьветным п’янстве і поўнай адсутнасьці пэрспэктыў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by