Берасьце: забаранілі пікет у падтрымку Бяляцкага

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін атрымаў ліст ад мясцовых уладаў, у якімі тыя забараняюць пікет салідарнасьці са зьняволеным кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім.
Забарону чыноўнікі аргумэнтавалі тым, што заяўнік пікету не заключыў дамовы на яго абслугоўваньне з камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыяй.

Уладзмер Вялічкін кажа, што заключаць гэтыя дамовы абсурдна, бо, на яго думку, невялікі пікет у 20 чалавек ня можа выклікаць праблемы, дзеля вырашэньня якіх спатрэбяцца згаданыя службы.

Пікет плянаваўся 8 сакавіка з 13-й да 15-й гадзіны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў у Берасьці.

24 студзеня Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы. Прысуд Бяляцкаму пакінулі бязь зьмены.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на свае рахункі, выдаткоўваў на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Бяляцкі знаходзіцца ў бабруйскай турме.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.