На прэм'еры фільма пра Лукашэнку раскажа Асанж

Фільм з назвай «Апошні дыктатар Эўропы» прапануе погляд на беларускага антыгероя і яго апанэнтаў. Прэм'еру ў Лёндане праводзяць «Free Belarus Now» і кампанія «Guerilla Pictures».
Адзін зь аўтараў фільма брытанец Мэцью Чарльз прыяжджаў для здымак у Беларусь, аднак большая частка здымак рабілася тайна. Тое, што гэта ня тайна для беларускіх органаў, Мэцью стала вядома на мяжы, калі ён вяртаўся назад. Зь ім гутарылі 2 гадзіны і прапанавалі «аддаць» відэазапісы, якія, аднак, своечасова былі накіраваныя за мяжу. Мэцью ўдалося ня толькі сустрэцца і пагутарыць з многімі вязьнямі Плошчы, але і зьезьдзіць на Шклоўшчыну, у Александрыю.
Фільм абяцае ня толькі сваю падачу ўжо вядомай беларускай фактуры, але і менш агучаныя тэмы – як, напрыклад, погляд у карані чалавечай «ненармальнасьці» беларускага лідэра.

Асноўную сцэнарную лінію вядуць дзьве жанчыны – сястра Андрэя Саньнікава Ірына Багданава і дачка Ўладзімера Някляева Эва. «Я адчуваю, быццам у турме ня мой брат, а я сама, – кажа Ірына Багданава, што даўно працуе лекарам у Англіі. Яе пасланьне пра апошняга дыктатара бескампраміснае: «Ён павінен быў быць спынены шмат гадоў таму. Але калі мы ня спынім яго цяпер, гэта закране кожнага з вас».

Агучвае фільм вядомая брытанская актрыса Джаана Ламлі. Паводле яе слоў, яна нічога ня ведала пра дэспатычную Беларусь, пакуль яе не запрасілі ўзяць удзел у пікеце з патрабаваньнем вызваленьня Саньнікава. «Калі я даведалася пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне з дысыдэнтамі, што адбываецца так блізка ад Вялікабрытаніі і мяжуе з ЭЗ, я зразумела, што павінна зрабіць усё магчымае для асьвятленьня забойстваў і катаваньняў, якія працягваюцца да гэтага часу».

На сёньняшнюю прэм'еру ў Лёндане запрошаны выступіць і заснавальнік выкрывальніцкага сайту Wikileaks Джуліян Асанж. Аўтары фільма кажуць, што часткова карысталіся і матэрыяламі зь яго сайту. Асанж, паводле Мэцью Чарльза, выступае за вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Між тым, брытанскі журналіст Нік Коэн назваў рашэньне арганізатараў прэм’еры запрасіць Асанжа «сумнеўным». Коэн называе Асанжа «і вашым, і нашым» і нагадвае, што зь яго паслугаў для ачарненьня беларускай апазыцыі ўжо скарысталіся КДБ і афіцыйная прапаганда.

Сара Кумбс, мэнэджэр кампаніі «Free Belarus Now» у інтэрвію нашаму Радыё паведаміла, што зараз вядуцца перамовы аб дыстрыбуцыі фільма. Плянуецца таксама яго выпуск на DVD.

Кумбс таксама сказала, што рыхтуюцца і паказы фільма ў Беларусі, аднак зь відавочных прычынаў не паведаміла дэталяў.

http://www.youtube.com/embed/sRPmbwbLwQI