На 10 вясельляў — 9 разводаў

Дзяржаўны статыстычны камітэт паведаміў, што ад пачатку году зарэгістравана амаль 8 тысяч разводаў: гэта значна больш, чым у мінулыя гады.
Падлічана таксама, што ў студзені на кожную сотню шлюбаў прыпадала ў сярэднім 93 разводы. Іншымі словамі, дзевяць вясельляў з дзесяці заканчваліся разводамі. Чаму сучасныя беларускія сем’і такія нетрывалыя?

Меншчына


Жыхар Маладзечна Віктар Івашоў будзе ў красавіку жаніць сына. Вясельле адклалі, пакуль не завершыцца перадвелікодны пост. Пакуль жа сем’і маладых ствараюць неабходныя для вясельля запасы. Як і на чым даводзіцца эканоміць у час крызісу?

Віктар: «Пакуль зьбіраем грошы. Дзясяткі мільёнаў рублёў даводзіцца шукаць на прадукты й арэнду. Раней плянавалі па 150 тысяч рублёў на чалавека. Цяпер, відаць, будзе даражэй…»

Карэспандэнт: «А што яшчэ, спадар Віктар, здараецца нечаканага пры падрыхтоўцы да вясельля?»

Віктар: «Заручальныя пярсьцёнкі сын не купляў, а замовіў іх у ювэліраў са старых пярсьцёнкаў і так званага лому. На гэтым вельмі зэканоміў…»

Карэспандэнт: «А вясельныя строі? Яны ж цяпер дарагія?»

Віктар: «Па іх зьбіраліся ехаць ва Ўкраіну. Але быццам бы цяпер гэта ўжо нявыгадна. Далёка й дорага. Хутчэй за ўсё, давядзецца шыць тут. Бо напракат вянчальная сукенка каштуе столькі, колькі і новая…»


Віцебшчына


Сярод іншых рэгіёнаў Беларусі Віцебская вобласьць — далёка ня ў лідэрах па колькасьці зарэгістраваных шлюбаў. Паводле статыстычных зьвестак, на Віцебшчыне летась зарэгістраваліся 10 879 пар — гэта меней, чым у Менску, Менскай вобласьці, на Гомельшчыне ці на Берасьцейшчыне. І хоць у параўнаньні з 2010 годам ахвотных узяць шлюб стала больш, відавочна паменела тых, хто вырашыў адзначыць гэтую падзею з асаблівым шыкам.

Спадарыня Іна — вясельны фатограф. Паводле яе назіраньняў, паболела вясельляў зь мінімальнай колькасьцю гасьцей — так маладыя і іх бацькі імкнуцца зэканоміць:

«Па колькасьці адрозьніваюцца — гэта, мусіць, галоўнае. Самае шматлюднае вясельле я здымала — гэта 150 чалавек. А здараецца, што гасьцей — да 30 чалавек. Не, нават да 6 ў мяне было! Сваякі там, і ўсё. Яшчэ шмат хто расьпісваецца не ўрачыста: у звычайнай сукенцы, гарнітурчык там, зайшлі ды расьпісаліся. Ну ня хочуць рабіць вясельле! Дорага…»

Дорага — гэта калі па тутэйшых заробках, адзначае спадарыня Іна. Выключэньнем бываюць «інтэрнацыянальныя» вясельлі — калі нехта з маладых, да прыкладу, з Расеі:
Я бачыла, была карэта на вясельлі, прыгожая такая. Але там хлопец з Расеі жаніўся.

«Я бачыла, была карэта на вясельлі, прыгожая такая. Але там хлопец з Расеі жаніўся. Яшчэ мядзьведзяў на вясельле хацелі. Адзін мядзьведзь 400 эўра каштуе, калі цырк прыяжджае, то можна, напэўна… Там таксама хлопец з Расеі быў, які такое вясельле хацеў, але мядзьведзяў не знайшлі».

Большасьць выбірае эканамічны варыянт, канстатуе і ўладальніца фірмы, якая займаецца афармленьнем вясельляў. За «прыгажосьць» многія гатовыя плаціць ня больш як 30 даляраў, кажа спадарыня Тамара:

«Людзі пытаюцца: „А колькі каштуе, каб мінімальна?“ Хочуць, каб было таньней. Ну, а мінімальна — гэта 30 даляраў. Гэта адна арка, упрыгожаная кветкамі і лямпачкі на ёй гараць. Адна арка — і больш нічога».

Займаючыся афармленьнем вясельляў, спадарыня Тамара шмат размаўляе з маладымі, і найчасьцей — зь нявестамі. З гэтых гутарак яна зрабіла выснову, чаму расьце колькасьць ня толькі шлюбаў, але і разводаў:

«Па-першае, яны спадзяюцца, што могуць сустрэць кагосьці яшчэ. Цяпер на гэта глядзяць нашмат прасьцей. Памяняліся часы, і жанчыны сталі іншыя. Цяпер яны могуць сабе нешта дазволіць і неяк самі сябе забясьпечыць».

Разводаў на Віцебшчыне ў мінулым годзе, калі параўнаць з пазамінулым, зрабілася на паўтысячы болей. 30-гадовая Анжаліка пасьля разводу жыве з былым мужам у грамадзянскім шлюбе. У яе сваё тлумачэньне росту колькасьці разводаў, але таксама з пазыцыяў эканомікі:
Развод шмат хто расцэньвае як магчымасьць палепшыць жыльлёвыя ўмовы.

«Развод шмат хто расцэньвае як магчымасьць палепшыць жыльлёвыя ўмовы. Ствараліся каапэратывы, на чаргу станавілася сям’я, а калі падыходзіла чарга, то людзі разводзіліся, і нехта заставаўся ў старой кватэры, а другі будаваў новую. Выходзіла дзьве кватэры. Дарэчы, разьвёўшыся, многія па-ранейшаму жывуць разам. Так, у нас агульны бюджэт, гаспадарка, але кожны з нас разумее, што ў любы момант мы можам усё гэта кінуць. Бо з нашым эканамічным становішчам у краіне можа быць усё што заўгодна!»


Магілеўшчына


У Магілёве штогод каля паловы зарэгістраваных шлюбаў сканчаюцца разводамі. Пра гэта паведаміла супрацоўніца магілёўскага загсу.

«На працягу ўжо многіх гадоў выходзіць на 100 шлюбаў 45 разводаў. Бывае, жывуць некалькі гадоў, потым прыходзяць, расьпісваюцца й разводзяцца. Пачуцьцё каханьня страчана. Наша цяперашняя моладзь ня хоча ні саступаць, ні цярпець. Мы ж іх выгадавалі так. Цяпер паняцьце каханьня зьвялося да таго, што ён мне вінаваты. Ніхто нікому ў сямейным жыцьці не вінаваты».
Наша цяперашняя моладзь ня хоча ні саступаць, ні цярпець.

Некаторыя маладыя людзі прызнаюць, што разьведзенымі быць цяпер модна. Вось як гэтая маладзіца:

«А гэта сучасныя тэндэнцыі. Не кахаюць адно аднаго — вось і разводзяцца. Цяпер жэняцца без каханьня».

Людзі сталейшага веку вінавацяць у масавым касаваньні шлюбаў школу. Як гэтая спадарыня:

«Моладзь — у іх мара на заднім месцы. Вось адсюль і разводы. Наша школа павінна нейкую выхаваўчую працу весьці. Кажуць, што ў школе цяпер псыхолягі ёсьць, але калі мае дзеці вучыліся, іх не было. Але мне здаецца, што й цяпер гэтага нестае школам».

Ініцыятарамі бальшыні разводаў выступаюць жанчыны. Гэта не сакрэт. Чаму?

Спадарыня: «Бытавыя ўмовы. Нястача грошай праз п’янства. Які цяпер працэнт мужчын-п’яніц? Калі няспынныя скандалы, прапіваньне грошай, то лепей жыць адной».

Спадар: «Жанчыны больш правоў атрымалі. Зрабіліся больш незалежнымі ад мужчын. Мужчыны жывуць цяпер за кошт жанчын. Раней было б так сорамна жыць перад сваякамі й радзінай».

Спадарыня: «Бо яны ня ведаюць Хрыста. Гэта адступніцтва ад божых запаведзяў, якія даваў Ісус Хрыстос. Жанчына павінна падначальвацца мужу».
Мужчыны жывуць цяпер за кошт жанчын. Раней было б так сорамна жыць перад сваякамі й радзінай.

Іншыя заяўляюць, што цяпер цалкам размытыя каштоўнасьці сям’і. Моладзь і іх бацькі суіснуюць у розных вымярэньнях, зазначае вось гэтая спадарыня:

«Тое, што было дзесяць год таму, цяпер мае зусім іншае значэньне. Моладзі цяжка арыентавацца. Бацькі кажуць адно, а бачаць яны зусім іншае. Дужа цяжка ім сфармуляваць сваю думку па гэтым пытаньні. Яны вучацца толькі на сваіх памылках».

Гарадзеншчына


На Гарадзеншчыне колькасьць разводаў на тысячу шлюбаў прыблізна адпавядае сярэдняй лічбе па ўсёй краіне. Прычыны разводаў такія ж, як і ў іншых рэгіёнах.

Дырэктарка аднаго з гарадзенскіх загсаў, спадарыня Галіна, схільная лічыць, што статыстыка разводаў у Беларусі звычайна трактуецца няправільна.

Яна зьвяртае ўвагу на тое, што разводы, зьдзейсьненыя ў студзені, гэта зусім ня тыя шлюбы, якія былі заключаныя ў студзені. Тым ня менш, зь яе слоў, з судоў прыходзяць амаль аднолькавыя, напісаныя пад кальку рашэньні аб прычынах разводу. Спадарыня Галіна мае на гэты конт сваю думку:

«Цяпер людзі жэняцца, бо хочуць сьвята, але ня думаюць, як будуць жыць. Ім патрэбны забавы, думаюць, як лепей выглядаць у гэты дзень, не задумваючыся, што будзе заўтра».
Цяпер людзі жэняцца, бо хочуць сьвята, але ня думаюць, як будуць жыць.

Настаўніца з трыццацігадовым стажам, спадарыня Нэлі, кажа, што сама мае дзьвюх дачок і проста дзіву даецца, як зьмяніліся ў людзей каштоўнасьці. Зь яе слоў, цяпер зрабіць вясельле нельга нават за 5 тысяч даляраў, але дзяцей гэта не турбуе, яны хочуць, каб у іх было ня горш, чым у суседзяў, а з кім і нашто бяруць шлюб — гэта пытаньне апошняе:

«Маладыя людзі хочуць усё і адразу, але атрымліваецца, што не сыходзяцца характарамі, як самі лічаць. Хоць ім не хапае элемэнтарнага выхаваньня, каб разумець адзін аднаго, саступаць, дапамагаць. Шчасьце — гэта ж калі цябе разумеюць…»

А вось што наконт шлюбаў і разводаў гавораць самі маладыя жыхары Горадні.

Дзяўчына: «Разводзяцца альбо з-за здрады аднаго з сужонкаў, альбо як не знаходзяць агульнай мовы. Шмат хто выходзіць замуж без каханьня, па разьліку. Дзяўчаты маладыя выходзяць за старых мужчын дзеля грошай, але потым не вытрымліваюць».

Хлопец: «Можа, з-за таго, што проста нестае грошай: альбо ў яго заробак малы, альбо ў яе…»

Дзяўчына: «Часта маладыя людзі і дзяўчыны страчваюць галоўныя каштоўнасьці ў жыцьці. От, спачатку кахаю, усё тут, а потым гэта ўмомант губляецца — і яны разьбягаюцца…»

Хлопец: «Гэтыя шлюбы ў большасьці заключаюцца неўсьвядомлена. Яшчэ не пасьпеў нагуляцца, а ўжо жэніцца, а потым хочацца гуляць, а ў выніку распадаецца сям’я».