Падарункі ад палітыкаў належыць прымаць з асьцярогай. У многіх на памяці як у 1991 годзе перад самымі Віскулямі прэзыдэнт Расеі Ельцын, выступаючы ў Вярхоўным Савеце Беларусі, падараваў Станіславу Шушкевічу «сымбаль братэрскага вызваленьня» — «Ахоўную грамату Воршы 1664 году». Помніцца і больш блізкі па часе падарунак — расейскі «Букварь», паднесены папу Бэнэдыкту ХVI малалетнім Колем Лукашэнкам пад апекай бацькі. Калі з роляй аршанскай граматы збольшага ўсё ясна, то пытаньне — навошта папу буквар — так і засталося без уцямнага адказу. Малаверагодна, каб для яго знайшлося ганаровае месца ў знакамітай сваімі старадрукамі Ватыканскай бібліятэцы.
Чарговы неадназначны падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі дастаўся расейскаму пісьменьніку, рэдактару газэты «Завтра» Аляксандру Праханаву. Як публічная асоба ён мае даволі скандальную рэпутацыю і ў абароне сваіх палітычных куміраў — Сталіна і Лукашэнкі — гатовы растаптаць любога апанэнта. За верную службу Праханаў і мае даволі частыя аўдыенцыі ў кіраўніка Беларусі. Праўда, гэтым разам удзячнасьць апошняга матэрыялізавалася ў дзіўнаваты падарунак — альбом «Адам Міцкевіч на паштоўках канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя», складзены вядомым беларускім філякартыстам Уладзімерам Ліхадзедавым. Як на маю думку, гэта ня вельмі паліткарэктны падарунак. Але ж у падараванага каня, як вядома, зубоў ня лічаць. Праханаў падзякаваў і ні з пушчы ні з поля назваў Міцкевіча «эўразійскім паэтам». На якой курасадні якой чубаткай выседжаная гэтая глябальная думка (цэлае літаратуразнаўчае адкрыцьцё!), маскоўскі госьць не патлумачыў.
Справа ў тым, што Адам Міцкевіч аніяк не надаецца на ролю песьняра эўразійскай прасторы. Паўднёвей за Крым (славутыя «Крымскія санэты») ён у сваёй творчасьці не апускаўся. Прыканцы жыцьця ўласная неўтаймоўная пасіянарнасьць прывяла яго ў Стамбул, на памежжа Эўропы і Азіі, дзе 26 лістапада 1855 году ён і памёр раптоўнай сьмерцю ад халеры. Нараджэнец Наваградчыны і яе верны паэт, Міцкевіч і на ролю песьняра Польшчы ня вельмі надаваўся. Пісаў на нейкім «смаргонскім дыялекце» (з гледзішча варшаўскіх крытыкаў), ні дня ня жыў у абедзьвюх польскіх сталіцах — Кракаве і Варшаве, катэгарычна адмовіўся ў запеўным радку «Пана Тадэвуша» замяніць зваротак «Litwo» на «Polska».
Польскі паэт і прафэсар Юльян Пшыбась напісаў пра Міцкевіча цэлую манаграфію, але так і ня здолеў патлумачыць ужытае ў тым самым «Пане Тадэвушы» слова «сьвярэпа», пра што спакорліва прызнаўся ў лісьце да свайго сябра Янкі Брыля.
Абвяшчаючы Адама Міцкевіча эўразійскім паэтам, расейскія дзеячы павінны спачатку добра падумаць. Ну, дальбог, на гэтую ролю больш надаецца хоць бы Алжас Сулейменаў, які спрытна падвёў азіяцкую базу нават пад такі бясспрэчны помнік усходнеславянскага пісьменства, як «Слова пра паход Ігаравы».
Што да Міцкевіча, то рэдактар газэты «Завтра», відаць, даўно яго не перачытваў. Верагодна, ягонае ўяўленьне пра паэта базуецца на звыклым расейскім стэрэатыпе: сябра Пушкіна, наведнік салёну Зінаіды Валконскай, супрацоўнік канцылярыі маскоўскага генэрал-губэрнатара Галіцына... Усё гэта так — былі і сяброўства, і бліскучыя салённыя імправізацыі, і служба. Але быў і другі Міцкевіч — пасьля 1830 году, калі расейскія ўлады жорстка душылі Лістападаўскае паўстаньне ў Беларусі і Польшчы. Як адданы патрыёт свайго Краю, паэт не спакусіўся акрайцам здрадніцкага хлеба і выступіў на баку паўстанцаў. Прызнаюся, выхаваны савецкай школай і такім жа ўнівэрсытэтам, дзе ўсё антырасейскае замоўчвалася, я яшчэ і ў 2002-м быў моцна зьдзіўлены некаторымі вершамі Міцкевіча, якія трапілі ў рэдагаваны мною кнігазбораўскі аднатомавік паэта. Вось, прыкладам, дзьве страфы зь «Песьні жаўнера»:
Мне заснуць ужо няўзмогу,
Рукі зброю возьмуць самі,
Кліч пачуць бы: «У дарогу!
Пойдзем біцца з маскалямі!»
І капралаў голас цьвёрды
Чую як бы над палямі:
«Уставай! — ён кажа, горды. —
Пойдзем біцца з маскалямі!»
А вось чатырохрадкоўе зь нізкі паэтычных афарызмаў «Думкі і заўвагі»:
Вясной працуюць косы, серп — восеньскай парою,
Бяруцца за сякеры гаспадары зімою.
Пачаў касіць Касьцюшка, цяпер да мазалёў
Малоцім, каб з сякерай пайсьці на маскалёў.
Ці чытаў такога Міцкевіча публіцыст з імпэрскім сьвербам у адным месцы Аляксандар Праханаў? Прачытаў — і зьмірыўся? І прапаноўвае «песьняра Літвы» на ролю эўразійскага інтэгратара? Пабойцеся Бога, гаспадзін-таварыш, і прыслухайцеся лепш да свайго паэта — Аляксандра Пушкіна, які не зьмірыўся і прысьвяціў свайму былому сябру зьедлівую водпаведзь: «Он между нами жил / средь племени ему чужого... / его мы проводили. Но теперь / наш мирный гость нам стал врагом — и ядом / стихи свои, в угоду черни буйной / он напояет. Издали / до нас доходит голос злобного поэта, знакомый голос!»
Чаму ж раптоўна мірны госьць і блізкі сябра стаў ворагам? Зразумела, найперш прычыніліся да такой мэтамарфозы палітычныя погляды Пушкіна, якога ў сучаснай Расеі любяць называць «государственником». Але ці існавала насамрэч тое блізкае сяброўства, якое наўрад ці магчымае без раўнапраўных адносінаў?
Сучасьнік Пушкіна Восіп Пржэцлаўскі пакінуў на гэты конт цікавыя ўспаміны — яны апублікаваныя ў нядаўна выдадзенай кнізе «Поляки в Петербурге в первой половине ХІХ века» (М., 2010; публікатар і камэнтатар — Аляксандар Фядута). Міцкевіч і Пушкін пазнаёміліся ў 1828 годзе ў пецярбурскім доме сьвецкай львіцы Караліны Сабаньскай. Далей — слова мэмуарысту: «Першыя прывітаньні Пушкін прыняў з даволі сухой, ледзь не пагардлівай ветлівасьцю. Міцкевіч паводле свайго звычаю быў просты і натуральны. Між імі завязаўся дыялёг пра літаратуру і мастацтва. Міцкевіч быў чалавекам рэдкай, энцыкляпэдычнай вучонасьці і агромністай начытанасьці; Пушкін жа, як вядома, быў з тых, якія, паводле яго ўласных словаў, «учились понемногу, чему-нибудь и как-нибудь». Міцкевіч пра гэта і не падазраваў і, адчуваючы, што многае ў размове падаецца Пушкіну няўцямным, спытаўся: «Вы чыталі Газьліта?» — «Не.» — «А Шлегеля?» — «Не.» — «А Сізмондзі?» — «Не». Тут Пушкін канчаткова разьвітаўся з пратэкцыйным тонам і неўзабаве сышоў... На трэці дзень ён першым прыехаў да Міцкевіча. І гэта быў не звычайны сьвецкі візыт. Пушкін, горды Пушкін, з усёй шчырасьцю, якае надае яму гонару, сказаў: «Вы не маглі падчас нашага спатканьня не заўважыць майго невуцтва ў тэорыі мастацтва. Не зьдзіўляйцеся гэтаму. Адчуваю, што мне трэба закончыць маё выхаваньне, — але ня ведаю, з чаго пачаць, за што ўзяцца. Дайце мне параду».
І геній Міцкевіч раіць генію Пушкіну чытаць Мільтана, Байрана, Шэксьпіра, раіць вывучыць ангельскую мову, што дазволіць пашырыць сьветагляд. Даводзілася Пушкіну прызнаваць і яшчэ адну перавагу Міцкевіча — яго імправізацыйны дар. Агульнавядомы факт: пасьля адной міцкевічаўскай імправізацыі тэмпэрамэнтны Аляксандар Сяргеевіч ускочыў і забегаў па пакоі з воклічамі: «Які геній! Які сьвятарны агонь! Што я побач зь ім?!».
І гэта прызнаньне «сонца расейскай паэзіі», паэта, які для расейцаў — «іхняе ўсё». Дык ці не пасьпяшаўся Аляксандар Праханаў з вылучэньнем кандыдатуры Міцкевіча на эўразійскі паэтычны сталец? Бо пры ягонай адпаведнай раскрутцы першае сонца можа лёгка паблякнуць, а гэта адчувальна саб’е расейскую імпэрскую пыху. А бяз пыхі гэтае Расея абыходзіцца пакуль не навучылася.
Аляксандар Праханаў прэзыдэнцкі падарунак па дарозе ў Маскву, вядома ж, пагартаў. І пабачыў там дзясяткі паўстанцкіх паштовак з выявамі і вершамі Міцкевіча. Паштоўкі тыя расейскія карнікі знаходзілі ў кішэнях забітых беларускіх шляхціцаў, якія пад сьцягамі з Пагоняй змагаліся за незалежнасьць свайго Краю. Магчыма, вярнуўшыся дамоў, Аляксандар Праханаў знайшоў у сваёй бібліятэцы і перачытаў міцкевічаўскі верш «Сябрам маскалям», на які да гэтай пары так хваравіта рэагуюць расейскія інтэлектуалы, бо сябрамі ў тым вершы названыя адно павешаныя «высакародны Рылееў» і «паэт-змагар Бястужаў». Больш уважліва пазнаёміўшыся з творчасьцю Міцкевіча, наўрад ці Праханаву альбо каму-небудзь зь ягоных аднадумцаў захочацца ўздымаць паэта на шчыт расейскай славы і ўпіхваць яго ў сумнеўныя палітычныя праекты.
Даволі няўтульна пачувацьмецца вялікі Адам паміж трох розных па велічыні Аляксандраў. Дык чаму ж у наймалодшага зь іх не знайшлося для старэйшага другога падарунка? Адказ на гэтае пытаньне можна пашукаць у самога Міцкевіча. Калі ў 1828 годзе ў Санкт-Пецярбургу выходзіла ў сьвет ягоная паэма «Конрад Валенрод», цэнзар выкрасьліў з яе толькі адзін радок: «Ты раб, а адзіная зброя раба — хітрасьць». Хто хітрыць у нашым выпадку — пакажа час.
У бібліятэцы Адама Міцкевіча ў Парыжы зьберагаецца кніга, на палях якой дасьледчыкі прачыталі зроблены рукой паэта надпіс па-беларуску: «На Божым судзе ўсім у с... будзе.» Па-мойму, для гэтай гісторыі лепшай кропкі мне не знайсьці.