I. Наш чалавек у Паўднёвай Афрыцы

«Беларусь? Дзе гэта?» — запыталася чорная афрыканская памежніца, гартаючы беларускі пашпарт. Натрапіўшы на чэскую візу, удакладніла: «Гэта ў Нямеччыне?» Гэтаксама мала я ведаў пра Паўднёвую Афрыку, як і гэта маладая дзяўчына пра Беларусь.

Беларусь і Паўднёвую Афрыку разьдзяляюць 10 тысячаў кілямэтраў і 1 гадзіна розьніцы ў часе. Паміж нашымі краінамі пакуль няма настолькі шчыльных палітычна-эканамічных стасункаў, як, напрыклад, з Вэнэсуэлай. Ляцець давялося празь Нямеччыну. Штовечар з Франкфурту ў Яганэсбург з інтэрвалам у адну гадзіну вылятаюць два гіганцкія аэробусы А380 па 500 чалавек у кожным. Дарэчы, сёньня гэта самы вялікі пасажырскі самалёт на сьвеце. Кошт адной такой машыны — 346 млн даляраў. Гэта амаль 2/3 бюджэту ўсёй беларускай арміі.

Прызямліліся з раніцы. Пасажыры нягегла пашыхтаваліся ў даўжэзны зьмеепадобны ланцужок перад столікамі памежнага кантролю. Вялікая заля, дзе хвіліну таму панавала мёртвая цішыня, літаральна кішэла людзьмі. І тут я заўважыў адну істотную асаблівасьць: у чарзе былі амаль адныя белыя, а за столікамі ў форме — чарнаскурыя. У галаве зьявіўся мастацкі вобраз: чорныя запускаюць белых у сваё царства!.. Аднак гэта толькі на першы погляд: у нейкага пасажыра ўзьніклі праблемы з дакумэнтамі, памежніца паклікала начальніка — ім аказаўся сталы зграбны белы мужчына з галяндзкім выразам твару. Той махнуў рукой, і ўсе пытаньні вырашыліся.

Паўднёваафрыканцы ўсё робяць не сьпяшаючыся. У тым ліку правяраюць пашпарты ў аэрапорце



Праверыўшы пашпарт, пасадачны талён, высьветліўшы, дзе знаходзіцца Беларусь, мяне запыталі пра мэты візыту. Я паказаў запрашэньне ад Афрыканскага дэмакратычнага форуму і патлумачыў: «Канфэрэнцыя. Прысьвечаная гадавіны рэвалюцыі ў Эгіпце. Тэма: „Роля моладзі ў дэмакратычных пераўтварэньнях“». Памежніца захоўвала абыякавасьць. «Будзе сустрэча з унучкай Нэльсана Мандэлы,» — я дадаў. Твар дзяўчыны палагаднеў, усьміхнулася. Паставіла пячатку.

У Паўднёвай Афрыцы - левабаковы рух і амаль няма пешаходных пераходаў



Мяне, а таксама хлапцоў з Украіны і Ўганды, чакала таксоўка. Мы ехалі ў горад шырокай магістральлю. Калі б ня пальмы і не левабаковы рух, можна было б падумаць, што мы ў Швэцыі ці Нямеччыне. Новыя мэрсэдэсы, вялікія білборды з рэклямай McDonalds, фабрыкі-заводы. Бліжэй да горада краявід мяняўся. Уздоўж дарогі — штучныя горы, такія як на ўезьдзе ў Салігорск, толькі ў разы вышэйшыя, і катлаваны залацістага колеру. «Тут здабывалі золата, — тлумачыў кіроўца. Увогуле, кіроўца быў у гуморы і з гонарам апавядаў пра сваю краіну. — Калі прадукцыйнасьць радовішча спадала, шахты закідвалі і пачыналі новыя. Увесь гэты рэгіён ўсьцяж перакапаны».

Як у Беларусі. Былыя будынкі зьнесьлі, усё перакапалі, а будаваць - няма каму



Паўднёвая Афрыка — адзіная дзяржава ў Афрыцы, якая ня лічыцца краінай трэцяга сьвету. Радовішчы золата (2/3 сусьветнае здабычы) і брыльянтаў робяць краіну найбагацейшаю на кантынэнце. Галяндцы і брытанцы, пераяжджалі ў Паўднёвую Афрыку сем’ямі, дзясяткамі тысячаў штогод. «Залатая ліхаманка» сфармавала і ляндшафт, і перадвызначыла палітычны лёс краіны. ААН аднесла ПАР у лік краінаў зь лішкам прыродных рэсурсаў. Гандляры на рынку могуць прапанаваць золата і брыльянты па сабекошце. Праўда, вывозіць — забаронена. Гэтаксама пры выезьдзе мусіш здаць набытыя ранды (мясцовыя грошы), калі іхная вартасьць перавышае $70.

Закінутыя залатыя кар'еры нагадваюць пра часы "Залатой ліхаманкі". Сотні тысячаў прыежджых эўрапейцаў пераўтварылі краіну ў адну вялікую шахту.



Яганэсбург аказаўся некампактным 4-мільённым горадам. Калі іншыя гарады ў Афрыцы паўставалі каля мора ці вадаёмаў, то Яганэсбург — каля залатых шахтаў. Тут няма ні ракі, ні возера, ні мора. Звонку мала чым адрозьніваецца ад гораду ў ЗША ці Заходняй Эўропе. Гандлёвыя цэнтры, бедныя й багатыя раёны, заторы на дарогах, гмахі заводаў. Цягам 4 дзён, што мы там былі, акрамя бяздомных катоў і насякомых памераў з далонь, на вуліцах жывёлаў я не пабачыў. Мы зьвярнуліся да адміністратара гатэлю са справядлівым пытаньнем: «А дзе жывёлы»? Ён параіў паехаць у які-небудзь з дваццаці нацыянальных паркаў. Там можна пабачыць гэтак званую «вялікую пяцёрку» (слон, насарог, леапард, буйвал, леў).


Бяздомныя каты і сабакі. Каб пабачыць дзікіх жывёлаў (льва, буйвала, слана), трэба ехаць ў заапарак ці ў Нацыянальны парк


Пункт абмену валюты больш падобны на вялікі шкляны сэйф з трыма ахоўнікамі, адзін унутры, два — звонку. Касір двойчы папрасіў захоўваць чэк за абмен валюты, і тройчы, каб зважаў на злодзеяў. Яго парады дорага каштавалі. За абмен 100 даляраў банкір узяў 10$ камісіі, што засталося — рандамі. Памятаеце беларускія «зайчыкі»? Дык вось на грашах Паўднёвай Афрыкі таксама жывёлы. Толькі замест вавёрачкі, лася і мядзьведзя — антылёпа, бафала і леў.

Адзін зь мясцовых далікатэсаў - бычыны хвост. Запіваюць хатнім віном.



У Паўднёвай Афрыцы шмат турыстаў, а яшчэ больш тых, хто прыехаў рабіць бізнэс. Усё дорага. За абед у кавярні мы аддалі 26$ (па сёньняшнім курсе амаль 200 тыс). Па рэстаранах мясцовыя ня ходзяць. Затое як сьлед нажываюцца на прыежджых. Рабуюць. На маіх вачах чарнаскуры юнак падбег да дзяўчыны, ударыў яе ў грудзіну й зьбег з торбачкай. Паліцыя так і не прыехала. А калі б і прыехала, то што б зрабіла? Дарэчы, як я ўжо пасьля даведаўся, заканадаўства ў ПАР дазваляе любую ступень самаабароны. Напрыклад, для аховы аўтамабіляў выкарыстоўваюць пасткі ды электрашокеры.

Паўднёвая Афрыка знаходзіцца ў паўднёвым паўшар'і. Калі ў нас зіма, там лета. Але ўжо жаўцеюць лісты. Ліпень - самы халодны месяц



53% чарнаскурых — за парогам галечы. Беднасьць, расавая няроўнасьць, а таксама СНІД (кожны трэці хворы на ВІЧ/СНІД) — галоўныя праблемы Паўднёвай Афрыкі.

Чакайце працяг на нашым сайце.