Як Крэмль агітуе за Пуціна сэксам

Наш калега Лук Олнэт прааналізаваў рэклямную прэзыдэнцкую кампанію Пуціна на прадмет сэксу.
«Мне вельмі страшна, — кажа дзяўчына, паўлежачы ў скураным фатэлі. — Хоць мой выбар заснаваны на каханьні». Доктар з акулярамі на носе глядзіць на яе: «Я вас цудоўна разумею, ва ўсіх гэта бывае першы раз». Тады доктар паказвае на часопіс Time з Пуціным на вокладцы і кажа: «Вера — гэта і ёсьць каханьне». Гучыць мэлёдыя, падобная да музыкі зь фільму «Тытанік», дзяўчына сьпяшаецца на выбарчы ўчастак.

Гэтая выбарчая рэкляма прапуцінскага моладзевага руху «Нашы» — яшчэ адна ў сэрыі пракрамлёўскіх відэаролікаў, у якіх для падтрымкі кандыдатуры Пуціна на выбарах 4 сакавіка выкарыстоўваецца сэкс.

http://www.youtube.com/embed/MbIzj21X0tU

Летась паўразьдзетая «Армія Пуціна» зрывала зь сябе адзеньне, распакоўваючы вырабы фірмы Apple. Іншым разам дзяўчаты сабраліся, каб сьпячы для Пуціна шакалядны торт. Яшчэ ў адным відэа са стылістыкай, пазычанай з эратычных кінасцэнаў, Пуцінавы дзяўчаты разьдзяваюцца і намыльваюцца.

Рэклямы робяцца ўсё дзіўнейшыя. Перад тым, як паціснуць руку Пуціну, адзін расеец вырашыў сабраць у сваіх руках пазытыўныя вібрацыі і абмацаць грудзі тысячы дзяўчат на вуліцы. Шмат адмовілася, але шмат і згадзілася.

Яшчэ ў адным відэа ў якасьці мэтафары страты нявіннасьці разрываюць на кавалкі плюшавага мядзьведзіка, а пасьля — з парнаграфічнай прадказальнасьцю — усе дамы распачынаюць бойку, зрываючы адна з адной рэшту адзеньня.

Але вяршыня ўсяго — музычны відэакліп «Дзяўчаты за Пуціна», дзе сьпявачка тужыць па Пуціну, лашчачы бутэльку «Джэка Дэніэлса». Чамусьці яна яшчэ хоча быць і Пуцінавай сучкай Коні, таму малюе сабе сабачы твар. Пасьля зноў п’е віскі, грае на бэйсбольнай біце, як на гітары, разьдзяваецца і плюе на расьціснуты гарбуз.

http://www.youtube.com/embed/7TC_N9qQLJ8

Кіраўнікі Пуцінавай кампаніі відавочна спадзяюцца на «эфэкт Джорджа Клуні»: мужчыны хочуць быць ім, жанчыны хочуць быць зь ім. Кампанія выглядае вельмі гладкай і старанна вырабленай, рэкляма дакладна капіюе візуальны стыль гламурнай тэлевізіі і парнаграфічнага кіно. Яна разьлічаная ня толькі на маладых людзей, але асабліва на маладых гараджанаў — офісных работнікаў (усе гэтыя дзелавыя гарнітуры і бліскучыя модныя прылады).

Гэтыя маладыя заможныя гараджане, што ўзьняліся на хвалі нафтавага буму, некалі складалі аснову Пуцінавай падтрымкі. Але цяпер гэтая ўздужэлая і асьмялелая сярэдняя кляса пачала дамагацца для сябе больш палітычных правоў. Невыпадкова, што гэтая кляса маладых прафэсіяналаў цяпер складае ядро расейскай апазыцыі, якая апошнімі месяцамі пачала выходзіць на вуліцы.

Яшчэ адна рыса расейскай моладзі — апатыя. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2007 году ў адным апытаньні выявілася, што галасаваць зьбіраецца толькі пятая частка 18-24-гадовых. Канчатковая яўка ў 2007 годзе была 64 працэнты. У адной рэкляме хлопец і дзяўчына песьцяцца ў кабіне для галасаваньня. Мэсыдж: эрытычна ня толькі галасаваць за «Единую Россию», эратычна галасаваць наогул.ў

http://www.youtube.com/embed/fbMDw7UZMQU

Магчыма таксама, што такая рэкляма разьлічаная хутчэй на міжнародную аўдыторыю, чым на сярэдняга расейца — проста гатовы матэрыял для тэлеканалу Russia Today, які расказвае пра жывы й бурлівы рунэт, дзе галасы апазыцыі суіснуюць з прарэжымнымі дзяўчатамі.

У параўнаньні з гэтым Абамава дзяўчына — проста нуда.